Беларуская Служба

У Костшыне на Одэры будуюць першы мост у свеце з вугляродных валокнаў

16.05.2024 18:57
Новы чыгуначны мост у Костшыне будзе мець даўжыню 360 метраў і важыць 1800 тон. 
Аўдыё
  • У Костшыне на Одэры будуюць унікальны мост; Больш за палову палякаў хочуць працаваць у гэтай галіне
Мост з вугляродных валокнаў у Костшыне на рацэ Одэр крыніца: wideo.pap.pl

У Костшыне на рацэ Одэр будуецца чыгуначны мост арачнага тыпу, і гэта ўнікальны абʼект. Новая пераправа, якая злучыць гэты рэгіён Польшчы з Берлінам, зроблена не са сталі і бетону, а з надзвычай трывалых вугляродных валокнаў.

Новы чыгуначны мост у Костшыне будзе мець даўжыню 360 метраў і важыць 1800 тон. Абʼём інвестыцый – 65 мільёнаў еўра.

У чым незвычайнасць гэтага моста тлумачыць прадстаўнік управы Свабоднай эканамічнай зоны Костшын- Слубіцэ Анджэй Каіль.

– Яго ўнікальнасць у матэрыялах, з якіх ён зроблены. Канструктары і архітэктары адышлі ад выкарыстання сталі і бетону і замянілі іх трывалым вугляродным валакном. Гэта адзіны такі мост у нашай частцы кантыненту, ён спалучыць два берагі ракі Одэр. Мост сучасны і палепшыць тэхнічную інфраструктуру абслугоўвання пасажырскага руху, станоўча паўплывае на эканамічнае развіццё ўсяго рэгіёну.

Вугляроднае валакно ўзмацняе штучныя матэрыялы, з якіх зроблены мост. Гэта робіць канструкцыю моста надзвычай лёгкай і адначасова вельмі трывалай.

– Так, гэта адзін з найбольш трывалых матэрыялаў, які толькі пачынаюць выкарыстоўваць у будаўніцтве мастоў. Гэта чыгуначны мост і ён павінен быць надзвычай трывалы і бяспечны. Канструктары праявілі наватарскі і сучасны падыход да будаўніцтва гэтай пераправы.

Раней на гэтым месцы стаяў мост з бетону і сталі...

– Так. Так, як амаль усе масты ў Костшыне, які зʼяўляецца горадам з вялікай колькасцю мастоў. Агулам у нас шэсць чыгуначных мастоў на рацэ Одэр і рацэ Варта. Акрамя гэтага, ёсць тры аўтамабільныя масты, аднаму з іх неадкладна патрэбны рамонт. Хочацца, каб ён таксама быў адрамантаваны з выкарыстаннем вугляроднага валакна, аднак усё залежыць ад падыходаў польскіх канструктараў. Мост павінен праходзіць паралельна з чыгуначным мостам, і яго будаўніцтва ў кампетэнцыі польскай дзяржавы, – сказаў прадстаўнік управы Свабоднай эканамічнай зоны Костшын-Слубіцэ Анджэй Каіль.

Адзначым, што мост, пра які цяпер ідзе гаворка – з выкарыстаннем вугляроднага валакна, – будуе нямецкі бок. Спецыялісты адзначаюць, што кансервацыя яго будзе прасцейшай, чым паводле старой тэхналогіі.

Новы мост, у тым ліку, будзе служыць работнікам, якія даязджаюць на працу ў прыгарады Берліна і сам Берлін. Кожны дзень прыблізна 20 пасажырскіх цягнікоў ідзе праз Костшын у нямецкую сталіцу.
Нагадаем, што ў мінулыя стагоддзі Костшын быў летняй рэзідэнцыяй кіраўнікоў Прусіі. Мясцовыя ўлады польскага памежнага рэгіёну чакаюць, што ўзвядзенне новага маста пашырыць турыстычны паток з Нямеччыны.

Адкрыццё новага чыгуначны моста ў Костшыне на Одэры плануецца напрыканцы года.

яс/PR1

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка