Беларуская Служба

У Варшаве вучыліся танцаваць беларускія танцы пад гукі музыкі польска-беларускага калектыву

20.05.2024 18:10
Арганізатар мерапрыемства стараецца інтэграваць людзей, якія прыехалі з-за ўсходняй мяжы, з польскім грамадствам.
Аўдыё
  • Беларускія танцы ў Варшаве.
   .
Беларускія танцы ў Варшаве.Фота: Наталля Грышкевіч/БСПР

Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ уключыўся ў адзначэнне Ночы музеяў у апошнія выходныя. У рамках мерапрыемства выступілі музыканты, якія граюць беларускія кампазіцыі. Адбылася інтэграцыйная імпрэза з танцамі пад музыку польска-беларускіх гуртоў Гайда Банда і Sw@da x Niczos (Свада і нічос). 

У цэнтры Варшавы можна было пачуць музыку гуртоў Гайда Банда і Sw@da x Niczos, якім удаецца аб’ядноўваць традыцыйную беларускую музыку Падляшша з сучаснымі рытмамі. Гайда Банда – беларуска-польскі калектыў, які выконвае традыцыйны танцавальны і вакальны рэпертуар Падляшша, Заходняй Беларусі і Палесся, а Sw@da x Niczos прадстаўляюць сабой дуэт польска-калумбійскага прадзюсара Віктара Шчыгела і таленавітай спявачкі з Падляшша Нікі Юрчук. Яны запісваюць клубныя аранжыроўкі, узбагачаючы іх элементамі традыцыйных спеваў і рэпу на падляшскай гаворцы і беларускай мове, спалучаюць народныя, фальклорныя элементы з сучасным, электронным гукам.

Пад гэтыя мелодыі маглі навучыцца танцаваць традыцыйныя беларускія танцы госці Цэнтра думкі Яна Паўла ІІ у польскай сталіцы. Цэнтр стараецца інтэграваць людзей, якія прыехалі з-за ўсходняй мяжы, з польскім грамадствам, - распавёў каардынатар мерапрыемства Матэуш Тома (Mateusz Toma).

- Мы ў Цэнтры думкі Яна Паўла ІІ на працягу апошніх некалькіх гадоў імкнёмся будаваць праграму нашай дзейнасці на базе міжкультурнага супрацоўніцтва. Мы стараемся, каб людзі знаёміліся, каб яны пазнавалі іншых. Цяпер палітычная сітуацыя ў суседзяў складаная, таму варта ствараць яе мага больш магчымасцяў, каб пазнаць іншую культуру. У Варшаве беларуская меншасць з кожным годам павялічваецца. Гэтак адбываецца між іншым у выніку вельмі складанай палітычнай сітуацыі ў Беларусі. І таму ўжо на працягу нейкага часу мы будуем нашу праграму такім чынам, каб яна была цікавая таксама мігрантам – беларускім, украінскім ці хаця б грузінскім.

Пад тым жа адрасам, што і Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ, знаходзіцца таксама Музей вольнай Беларусі – на вуліцы Фоксаль, 11. Гэта, відаць, таксама аказвае ўплыў на вашу дзейнасць?

- Так, канешне. У рамках партнёрства і добрасуседства мы супрацоўнічаем ужо некалькі гадоў, з таго часу, калі быў створаны Музей вольнай Беларусі. Напрыклад, мы разам ладзім кожны год летам прагляд фільмаў “Пад супольным небам”. Падчас гэтых паказаў можна ўбачыць розныя кінафільмы, якія закранаюць праблематыку бежанцаў ды мігрантаў. Кожны год у рамках кінафестывалю мы прапануем паглядзець таксама фільмы пра Беларусь.

Вы прадстаўляеце Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ. Папа Рымскі, які паходзіў з Польшчы, быў вядомы, у прыватнасці, сваёй адкрытасцю на іншыя культуры. І сваімі падарожжамі, ён практычна да канца жыцця ездзіў у розныя краіны свету, нават у тыя, дзе не ўсе ўспрымалі яго з энтузіязмам. Яго цікавілі людзі ў іншых краінах, іншыя культуры.

- Таксама трэба памятаць пра тое, што Ян Павел ІІ не раз згадваў пры дапамозе прыгожай алегорыі, наколькі важныя краіны на ўсходзе. Ён казаў, што ў Еўропы два лёгкія. Гэта лёгкае на захадзе і лёгкае на ўсходзе, і таму толькі дзякуючы здароваму супрацоўніцтву, кантактам і ўзаемаразуменню мы можам будаваць у Еўропе добрую будучыню. Мы ў нашай установе застаёмся вернымі яго прынцыпам, і лічым, што калі ў Варшаве на столькі моцна вырасла колькасць людзей, якія прыехалі з усходу – беларусаў, украінцаў, мы павінны па-першае, для іх падрыхтаваць культурніцкую прапанову, а па-другое, таксама знаёміць палякаў з беларусамі і ўкраінцамі, каб змагацца з негатыўнымі стэрэатыпамі, якія часам паяўляюцца.

нг


Гурт Гайда Банда, пад музыку якога можна было танцаваць.
Гурт Гайда Банда, пад музыку якога можна было танцаваць.