Беларуская Служба

Неўзабаве зноў можна будзе назіраць палярнае ззянне ў нашых шыротах

23.05.2024 17:54
Гэтая рэдкая для нашых геаграфічных шыротаў зʼява будзе падобная да той, што назіралася прыблізна два тыдні назад.
Палярнае ззяннеW. Kaszkin/IMGW-PIB, x.com/IMGWmeteo

На думку навукоўцаў, ёсць вялікая верагоднасць, што зʼява паўторыцца на мяжы мая і чэрвеня. Чакаюцца новыя выбухі на Сонцы, якія прывядуць да відовішчнага палярнага ззяння, паведамляе BBC.

Палярнае ззянне. Прычына — сонечная актыўнасць

Астраномы кажуць, што цяперашняя геамагнітная бура на Сонцы — самая маштабная за апошнія 30 гадоў.
У выніку палярныя ззянні ў выглядзе маляўнічых палос святла можна было назіраць у нетыповых частках свету, у тым ліку ў Польшчы.



«Сонца зараз знаходзіцца ў самай актыўнай фазе свайго цыклу, і гэта азначае, што светлавыя зʼявы будуць працягвацца», кажа д-р Барташ Дамброўскі з Цэнтру радыёдыягностыкі касмічнага асяроддзя Вармінска-Мазурскага ўніверсітэту:

— У гэты час на Сонцы адбываюцца значна больш інтэнсіўныя ўспышкі або выкіды каранальнай масы. Цяпер яны больш інтэнсіўныя, чым у перыяд мінімуму. На працягу года мы можам стаць сведкамі больш чым дзесяці падобных зʼяў. Сонца крыху непрадказальнае, мы не можам з дакладнасцю да гадзіны ці дня спрагназаваць, што будзе моцная ўспышка, якая выкліча палярнае ззянне, асабліва ў такіх нізкіх шыротах, як у Польшчы.

Дамброўскі дадаў, што ў бліжэйшыя месяцы можна чакаць больш выпадкаў палярнага ззяння.

яс/PR

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка