Беларуская Служба

Электробус можа замяніць традыцыйны фасёнг на шляху да горнага возера Марское вока

30.05.2024 12:03
Татранскі нацыянальны парк пачаў тэставанне электрычных аўтобусаў для турыстаў 
Традыцыйны фасёнгAndrzej Otrębski - Praca własna, CC BY-SA 4.0

Мясцовыя называюць гэты від транспарту фасёнг (fasiąg). Упершыню невялікі электробус забраў пасажыраў з Закапанэ, і па маляўнічым маршруце праехаў да вядомага горнага возера Марское вока. Пра замену коннага транспарту на папулярнай трасе пакуль размова не ідзе, але кіраўніцтва Татранскага нацыянальнага парку хоча выкарыстоўваць электробусы для перавозкі турыстаў з абмежаванымі магчымасцямі.

–  Электрычны аўтобус без праблем прыехаў аж да Марскога вока. У ім падарожнічала 10 чалавек. У адзін бок дарога заняла 45 хвілін, за гэты час электракар выкарыстаў 20 працэнтаў батарэі, –  кажа  кіроўца электробуса Станіслаў Гансеніца-Катэльніцкі.


Электробус справіўся з цяжкой дарогай, найважнейшае – ён працуе ціха, што істотна для гэтай зоны. Цяжка было размінацца з традыцыйнымі коннымі вазамі на вузкай дарозе, трэба таксама быць асцярожным да турыстаў, якія ідуць пешшу і не чуюць электракара.

Татранскі нацыянальны парк, пакуль толькі праводзіць тэставанне электробуса і не хоча называць дату, калі ўвядзе электрычны від транспарту на трасе да Марскога вока на пастаяннай аснове. Мясцовыя рамізнікі, якія возяць турыстаў на конным транспарце па гэтым маршруце, не хочуць канкурэнцыі і на сустрэчы з міністрам клімату заявілі, што яны гатовыя адобрыць электробус пры ўмове, што конны транспарт таксама захаваецца.

яс/Павел Паўліца

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка