Беларуская Служба

Этнічныя беларусы і этнічныя ўкраінцы ў Польшчы чакаюць шчырага дыялогу з уладамі пра балючае мінулае

06.06.2024 13:27
Пра гэта ішла размова на сустрэчы, зладжанай «Украінскім домам у Варшаве». Былі запрошаныя прадстаўнікі беларускай і ўкраінскай меншасці ў Польшчы.
Аўдыё
  • Этнічныя беларусы і этнічныя ўкраінцы ў Польшчы чакаюць на шчыры дыялог з уладамі
 -    ()
Анэта Прымака-Онішк і Пятро Тыма (справа)Polskie Radio/Jolanta Śmiałowska

Анэта Прымака-Онішк, якая напісала кніжку «Камяні мусілі паляцець. Выкрэсліванне мінулага Падляшша» (Aneta Prymaka-Oniszk. Kamienie musiały polecieć. Wymazywana przeszłość Podlasia) і Пятро Тыма, былы старшыня Саюзу ўкраінцаў у Польшчы, аўтар кніжкі «Спляценні пра Украінцаў у Польшчы» (Piotr Tyma. Sploty o Ukraińcach z Polski).

Кніжкі: Пятро Тыма «Спляценні пра Украінцаў у Польшчы» (Sploty o Ukraińcach z Polski). Анэта Прымака-Онішк: «Камяні мусілі паляцець. Выкрэсліванне мінулага Падляшша» (Kamienie musiały polecieć. Wymazywana przeszłość Podlasia) Кніжкі: Пятро Тыма «Спляценні пра Украінцаў у Польшчы» (Sploty o Ukraińcach z Polski). Анэта Прымака-Онішк: «Камяні мусілі паляцець. Выкрэсліванне мінулага Падляшша» (Kamienie musiały polecieć. Wymazywana przeszłość Podlasia)

Госці распавядалі пра трагічныя падзеі, якія закранулі грамадзян Польшчы – беларусаў і ўкраінцаў – падчас і пасля Другой сусветнай вайны. Размова пра Армію краёву і Сяланскія батальёны і ўлады пасляваеннай, залежнай ад саветаў, Польшчы. Да сёння ахвяры тых падзей не дачакаліся прабачэнняў, а польская гістарычная палітыка выцясняе гэтыя факты з публічнай дыскусіі.

«Наратыў з боку дзяржавы дазваляе маніпуляцыі, фальсіфікацыі і замоўчванне фактаў», – казалі Анэта Прымака і Пятро Тыма.

«Найбольш балючай маральнай ранай, якая мае вялікі рэзананс ва ўкраінскім грамадстве, зʼяўляецца аперацыя «Вісла» і незавершаны працэс разліку з гэтым гістарычным фактам», адзначыў Пятро Тыма:

– Спыненне следства зʼяўляецца знакавым сведчаннем таго, што ў палітычных колах няма падтрымкі канчатковага разліку за ўзаемныя крыўды і закрыцця гэтага пытання. Дыялог пачаўся пасля 1989 г., зʼявіліся пэўныя жэсты ў бок украінскага насельніцтва, аднак праз нейкі час усё спынілася. Былі абарваныя сустрэчы ў духу прымірэння і прыняцця да ўвагі траўмы, якую да сёння трымае ў сабе гэтая нацыянальная меншасць. Украінцы, сілай выселеныя з родных хат, жывуць рассеяна, часта не маюць магчымасці кантакту з прадстаўнікамі сваёй грамадскасці. У параўнанні з беларускай, нямецкай, літоўскай меншасцямі, украінскае насельніцтва надалей падвяргаецца працэсу паланізацыі. Пра гэта не гаворыцца, быццам працэс завершаны, пытанне закрыта. Знікла прастора для дыялогу з украінскай меншасцю.

Нагадаем, аперацыя «Вісла», праведзеная ў 1947 г. па рашэнні дзяржаўнага кіраўніцтва Савецкага Саюза і Польскай Народнай Рэспублікі, заключалася ў прымусовай, з выкарыстаннем гвалту, дэпартацыі ўкраінскага насельніцтва з іх этнічных тэрыторый на польска-ўкраінскім памежжы на так званыя «вернутыя землі» на поўначы і захадзе Польшчы. Пятро Тыма патлумачыў, якой кампенсацыі чакае ўкраінская меншасць ад польскай дзяржавы.

– Найперш мы чакаем пастановы Парламента, якая будзе ацэнкай тых падзей. Дзеянні ў гэтым кірунку, як з боку ўкраінскай меншасці, так і з боку палітычных эліт, праводзіліся з дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, але яны былі спыненыя. На гэта месца прыйшоў наратыў пра Валынскую трагедыю 1943 г. (у якой Украінская паўстанцкая армія АУН масава знішчала этнічнае польскае насельніцтва. Дзеянні польскага боку ў адказ пачаліся з канца лета 1943 года, – рэд). Пытанне ахвяр ваеннага і пасляваеннага часу польскі бок асвятляе паводле прынцыпу «белае-чорнае»: украінцаў адназначна акрэсліваюць злачынцамі, але не гавораць пра іх як пра ахвяраў.

Пятро Тыма падкрэслівае, што няма прасторы для дыялогу пра падзеі, якія дагэтуль не былі абмеркаваныя, напрыклад, гэта злачынствы на Холмшчыне супраць карэннага ўкраінскага насельніцтва ў 1944 г.

– Гаворка ідзе пра акцыю атрадаў Арміі Краёвай і Сялянскіх батальёнаў у сакавіку 1944 г. супраць украінскіх вёсак, тады загінула некалькі тысяч з ліку мірнага насельніцтва, пераважна гэта былі жанчыны і дзеці. Сёння ў мястэчку Грубешаў і Тамашаў Любельскі вуліцы носяць імя камандзіраў тых падраздзяленняў. Дзяржаўная ўстанова «Інстытут нацыянальнай памяці» ўшаноўвае гэтых людзей як герояў і адначасова не згадвае пра іх ахвяр, або скажае праўду, бо гаворыць, што гэта была акцыя ў адказ на падзеі на Валыні. У этнічных украінцаў гэта выклікае пачуццё крыўды і дыскрымінацыі, бо пра адно мінулае можна гаварыць бясконца, прымаць пастановы, ладзіць урачыстасці ў памяць ахвяр, а іншае мінулае замоўчваецца.

Аперацыя «Вісла» мела мэту зачысціць польска–украінскае памежжа ад украінцаў. «Гэта класічная спрэчка за тэрыторыю, імкненне да замацавання пераканання, што тэрыторыя нацыянальна чыстая – польская», – падкрэслівае Пятро Тыма.


У этнічных беларусаў Польшчы балючая незагойная рана таксама звязаная з пасляваенным часам. «Памяць пра гэтыя падзеі не атрымала належнага асвятлення і належнай увагі ў афіцыйнай прасторы», кажа Анэта Прымака-Онішк, аўтарка кніжкі «Камяні мусілі паляцець. Выкрэсліванне мінулага Падляшша».

– Гаворка ідзе пра злачынствы польскага падполля супраць мірнага беларускага насельніцтва. Пры чым, не толькі пра злачынствы «Бурага» (Рамуальд Адам Райс, камандзір падраздзяленняў Арміі Краёвай у 1945–1946 гадах), у выніку рэйду яго падначаленых было забіта 79 жанчын і дзяцей. Размова таксама пра адзінкавыя ахвяры ў вёсках на Беласточчыне. У выніку гэтых рэпрэсій чацвёртая частка, а можа і трэць жыхароў Падляшша, мусіла выехаць на другі бок мяжы. Многія, нават цэлыя вёскі, пераходзілі з праваслаўя ў каталіцкі касцёл. Такая была дзяржаўная палітыка таго часу і дзеянні польскага падполля. Гэта вельмі балючая памяць, бо яна моцна канфліктуе з польскай гістарычнай палітыкай. Мала таго, ахвяр тых падзей, часта называюць здраднікамі і камуністамі. Адсутнічае дыялог пра цяжкое мінулае. Дамінуе наратыў: загінулі – значыць былі здраднікамі.

Этнічным беларусам крыўдна, што не было праведзена грунтоўнае пракурорскае расследаванне па справе нападаў у пасляваенны час жаўнераў польскага падполля на беларускія праваслаўныя вёскі на ўсходняй тэрыторыі Польшчы, адзначае Анэта Прымака-Онішк:

— Расследаванні не праводзіліся, часта злачынцы атрымлівалі кампенсацыі і ўзнагароды за сваю пасляваенную дзейнасць, а значыць і за ўчынены гвалт, а ахвяры – не. Адзінае пракурорскае расследаванне прайшло па справе злачынства, здзейсненага байцамі Рамуальда Райса, мянушка «Буры». (У часе рэйда бандай Райса было спалена пяць беларускіх праваслаўных вёсак, – рэд.) Было забіта 79 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці, наймалодшаму было некалькі дзён. Гэтае адзінае пракурорскае расследаванне зʼяўляецца адназначным пацверджаннем, што падобныя дзеянні, як дзеянні «Бурага», нельга атаясамляць з дзейнасцю на карысць дзяржавы, яны маюць прыкметы генацыду.

Дзяржава пацвердзіла злачынства «Бурага» і яго падначаленых, але не ўзяла адказнасці за іх учынкі, і ахвяры ніколі не дачакаліся кампенсацыі, падкрэсліла Анэта Прымака-Онішк.

«Гістарычная палітыка польскіх уладаў і замоўчванне гісторыі кладзецца ценем таксама на сучасныя польска-беларускія грамадскія адносіны на Падляшшы», кажа аўтарка кніжкі «Камяні мусілі паляцець. Выкрэсліванне мінулага Падляшша».

Падрыхтавала Яланта Смялоўская




 

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы