Выходзіла ва ўсе ланцужкі…
Саша ў Беларусі працавала ў ІТ-сферы, займалася кліентскімі даследаваннямі, паляпшала зручнасць карыстання сэрвісам кампаніі. Яна таксама мае досвед працы ў беларускай адукацыі. Вучылася ва ўніверсітэце, але не скончыла навучанне.
Згадваючы 20-год, дзяўчына ўсміхаючыся дадае, што гэта была самая актыўная фаза яе жыцця.
— З 15-га па 18-ы год я шмат валанцёрыла на розных фестывалях і іншых культурніцкіх імпрэзах. Працавала ў грамадскай арганізацыі, звязанай з дзіцячай адукацыяй, і займалася дзецьмі, якія мелі асаблівасці развіцця.
На пратэсты Саша таксама выходзіла разам з сябрамі.
— Выходзіла ва ўсе гэтыя ланцужкі, падтрымлівала актыўнасць. Рабілі сходкі ў сваім раёне, праводзілі дваравыя імпрэзы.
Здзівілі не вынікі, а лічбы
Дзяўчына згадвае, што ў той час ад вынікаў выбараў асабліва нічога не чакала, бо мела досвед грамадскай дзейнасці і бачыла, як улада ставіцца да праяўлення любой актыўнасці з боку людзей.
— Я не памятаю, якая крыніца была першай, але памятаю, як мы ўсе здзівіліся і абурыліся. Для мяне асабіста не было сюрпрызам даведацца вынік, але лічбы, якія нам паказалі... Я чакала больш сціплых лічбаў, а не восемдзесят з нечым адсоткаў.
Такой была тая ноч 9 жніўня
Амаль усю ноч Саша з сябрамі правяла ў цэнтры гораду, дзе адбываліся пратэсты. Яна не хоча згадваць усе дэталі, а таму распавядае агульна.
— Пабегалі мы тады ў раёне цэнтра, і пад раніцу былі зусім замучаныя. Гэта было пастаяннае перасоўванне: ты ў адзін бок, яны ў іншы бок, тут схаваўся, там пабег і яшчэ нешта. Усе былі вельмі стомленыя і пачалі шукаць, як выбрацца і даехаць да дому. Нейкі чалавек на ўласнай машыне прапанаваў адвесці. Аказваецца, ён адмыслова прыехаў, каб развозіць людзей. Вось так мы і перажылі тую ноч.
Уражвалі людзі
Пратэсты працягваліся, Саша не здзівілася таму, што ўлада прымяняла жорсткую сілу. Яе больш уражвалі людзі, якія выходзілі на пратэсты зусім не падрыхтаваныя, у летніх сукенках і шортах.
— Была вялікая радасць. Як па мне, дык усё да гэтага ішло. Але кожны раз, і 9-га, і 10-га, і наступныя дні, колькі мы хадзілі, у душы было трымценне: а раптам сёння ніхто не прыйдзе, і ты будзеш адзін. І кожны раз я бачыла гэтую лавіну, хвалю людзей. І проста "ваў", супер, клас, усе спрацавалі, як адзіны механізм. Захапленне, падзяка, крута, вельмі крута было…
Вучуся і працую
Саша яшчэ пэўны час спрабавала працаваць, рабіла невялікія грамадскія праекты, але з часам прыйшло разуменне, што прыйдуць і за ёй.
Польшча была амаль не знаёмая, некалі ў дзяцінстве праязджалі, калі ехалі ў Францыю. А цяпер з катамі, з сябрам, невялікім запасам сродкаў і ў чужую краіну.
— У мяне былі некаторыя праекты, якія я працягваю рабіць на аддаленні, але гэта ўжо не асноўная праца, а проста фрыланс. Тым не менш, яны дапамагалі пражыць. А потым я пачала шукаць працу і паступіла ва ўніверсітэт, бо ўсё ж хачу атрымаць вышэйшую адукацыю. Акрамя гэтага, вучылася ў двух журналісцкіх школках. Знайшла працу і раблю ў двух праектах адмыслоўцам SMM.
Дапамагаць людзям – гэта вельмі класна
Саша прымае ўдзел у ініцыятыве “Вольныя”, якая скіравана на ментарскую падтрымку былым палітвязням, удзельнічаюць у рэсацыялізацыі пасля вызвалення. Ментары дапамагаюць ім уладкавацца ў новым жыцці: зрабіць дакументы, знайсці кватэру і працу, уладкаваць дзяцей у садок ці школу і г.д. Сатысфакцыя, паводле суразмоўніцы, вельмі вялікая.
— Насамрэч, гэта вельмі класна, калі ў падапечных нешта атрымліваецца, калі яны табе пішуць, што сёння атрымалі рашэнне ці пераехалі ў іншую кватэру, знайшлі першую працу. Гэта заўжды проста супер. Ці нават, калі мы некаму сабралі грошы, бо часам фінансавыя пытанні – гэта тое, што трэба вырашыць найперш. А яны потым дасылаюць здымкі, пішуць, што зрабілі тое ці іншае.
Інтэгруюся па магчымасці
Што датычыцца інтэграцыі ў польскае грамадства, Саша кажа, што не вельмі ўяўляе, які ў яе ўзровень польскай мовы, але яна можа сама з’ездзіць да стаматолага, завесці ката да ветэрынара… І згадвае, які мела цікавы досвед, калі спрабавала інтэгравацца.
— Я спампавала сабе аплікацыю знаёмстваў і пачала навязваць кантакты з дзяўчатамі, каб проста схадзіць разам на каву, паразмаўляць, папрактыкаваць польскую мову. Гэта быў даволі забаўны эксперымент, бо калі я пісала па-польску, то многія мне адказвалі, каб пісала па-расейску, маўляў, я вывучаю расейскую мову, хачу мець практыку. Нехта прапаноўваў камунікаваць па-англійску.
Заліць кватэру суседзям не значыць стаць ім ворагам
Даволі асабліва, паводле маёй суразмоўцы, у яе адбываецца інтэграцыя і на бытавым узроўні. Усміхаючыся, Саша кажа, што гэтаму шмат у чым паспрыяла прарваная труба ноччу ў кватэры, пасля чаго залілі суседзяў і будзілі іх сярод ночы. Прызнаецца, што было страшна. Але ёй, як сама думае, проста шанцуе на добрых людзей.
— Там жыве хлопец прыкладна майго ўзросту, сям’я маладая. Ён патлумачыў, што вада палілася да іх са столі. Сам пабачыў, як у нас у кватэры ўсё плавала. Узяў тэлефон нашай уласніцы і сказаў, каб мы не хваляваліся. Я раніцай сама патэлефанавала ўласніцы, яна патлумачыла хлопцу, што мае страхоўку і калі нешта пану залілі, то кампенсуем. І на гэтым уся праблема. То бок, на дзіва, абсалютна спакойна вырашылі гэтае пытанне.
Дзяўчына кажа, што наагул пачала заўважаць, што большасць праблем вырашаюцца ў Польшчы спакойна, што ёй вельмі імпануе. Нават пасля таго здарэння з патопам ім ніхто не намякнуў на высяленне.
З кавай над цяністым праспектам – на меншае я не згодна
У той самы час яна кажа, што сумуе па Беларусі. Амаль паўгода прачыналася ў нядзелю раненька, каб бегчы на рынак, як гэта заўсёды рабіла ў Мінску, але тут на гэтую звычку давялося забыцца. Вельмі спадзяецца, што яшчэ вернецца ў сваю краіну і будзе рабіць там рэчы, якія лічыць значнымі.
— На самы горшы выпадак у мяне ёсць мара. Калі я стану зусім сталай жанчынай, то буду сядзець на балконе ў сваёй кватэры ў Мінску і вокны абавязкова будуць выходзіць на праспект, дзе абавязкова будуць квітнець дрэвы і там я буду піць каву. Вось гэта меншае на што я згодна ў гэтым жыцці. Калі ўжо не ўдасца вярнуцца ў працаздольным узросце, то хоць у старасці…
Павел ЗАЛЕСКІ