Беларуская Служба

Мядзведзя, рысь і барсука могуць выкрасліць з Чырвонай кнігі

18.06.2024 15:34
Група беларускіх экспертаў па ахове навакольнага асяроддзя вывучыла праект новага, 5-га выдання Чырвонай кнігі Беларусі, якое Мінпрыроды рыхтуе да выхаду ў 2024 годзе.
Аўдыё
  • Мядзведзя, рысь і барсука могуць выкрасліць з Чырвонай кнігі
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Angela/pixabay.com/CC0 Public Domain

У выніку зʼявілася 35-старонкавае даследаванне Чырвонай кнігі. На фоне скандалу па прапанове выключыць з яе віды, на якія любіць паляваць улады (рысі, мядзведзі, зубры і г.д.), эколагі прыгледзеліся да таго, каго і як насамрэч абараняюць у Беларусі. Становішча спраў пагоршылася.

Крыху пра Чырвоную кнігу. У 1948 годзе група навукоўцаў і грамадскіх арганізацый розных краін стварылі Міжнародны звяз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў для садзейнічання захаванню і разумнаму выкарыстанню шырокіх прыродных багаццяў.
Першая ў свеце Чырвоная кніга была падрыхтавана вучонымі па ініцыятыве звязу і выйшла ў свет у 1964 годзе пад назвай «Чырвоная кніга: дзікая прырода ў небяспецы».

Першае выданне Чырвонай кнігі Беларусі было выпушчана ў 1981 годзе і ўключала 80 відаў жывёл і 85 відаў раслін.

Чырвоная кніга абнаўляецца кожныя 10 гадоў. Падрыхтоўка Чырвонай кнігі ў 2023 годзе прайшла без інфармавання грамадскасці і практычна без магчымасці абмеркавання і ўплыву на прыняцце рашэнняў. Прафесійны эколаг, грамадская актывістка Інэса Балоціна гаворыць, што было некалькі прычын, чаму яны вырашылі вывучыць, як рыхтуецца новае выданне Чырвонай кнігі, якія змены плануюцца, якія негатыўныя тэндэнцыі.
Першае, што непакоіць эколагаў і актывістаў, гэта ліквідацыя экалагічных НДА, кажа эколаг:

-Экалагічныя арганізацыі адыгрывалі значную ролю ў захаванні біяразнастайнасці, вызначэнні яе стану і маніторынгу.

Па-другое, у 2023 годзе Беларусь выйшла з Бернскай канвенцыі, якая вымагала ад краіны дзеянняў для захавання біяразнастайнасці, калі гаворка ідзе і пра асобныя віды, і пра месцы іх пражывання.

Трэці трывожны фактар – гаспадарча-прамысловая дзейнасць у Беларусі апошнімі гадамі павялічваецца. А павялічваецца яна за конт эксплуатацыі прыродных рэсурсаў, гаворыць Інэса Балоціна:

-У сельскай гаспадарцы распахваюць апошнія кавалкі дзікай прыроды. Робяць гэта ў месцах, дзе такога рабіць нельга. Значна павялічыліся аб’ёмы лесакарыстання. На пачатку 2000-х гадоў высякалі прыкладна 2 мільёна кубічных метраў, цяпер гэта 27 мільёнаў. Вырасла высечка і ў Нацыянальных парках.

І чацвёртая акалічнасць – гэта спробы, у першую чаргу паляўнічых, на працягу апошніх 2-3 гадоў выключыць з Чырвонай кнігі некалькі вялікіх, харызматычных, як іх называюць эколагі, відаў.

-Таксама непакоіць крытыка Чырвонай кнігі з вуснаў старшыні Таварыства паляўнічых і рыбаловаў, што гэта састарэлы механізм, што трэба каб ЧК працавала на гаспадарку. Ішла гаворка пра мядзведзя, рысь і барсука. Гэтыя драпежнікі самыя вялікія ў Беларусі, мы іх называем самымі харызматычнымі відамі. У мінулым годзе была створана адмысловая працоўная група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Мінпрыроды, структуры лясной гаспадаркі, паляўнічыя і навукоўцы, каб высветліць, якім чынам рэгуляваць віды жывёл, якія пагражаюць гаспадарчай дзейнасці. Названыя былі мядзведзь, рысь і барсук, а таксама дадалі два віды птушак – драч і дубальт.

Гэтыя акалічнасці вымусілі нас звярнуць увагу на тое, як рыхтуецца новае выданне ЧК, каб дэтальна атрымаць дадзеныя, – кажа Інэса Балоціна.

У сваім аналізе эколагі адзначылі, што агульная тэндэнцыя з 1981 па 2015 гг. пастаяннага павелічэнне колькасці відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь захоўваецца. У цэлым падыходы Мінпрыроды, НАН РБ да абнаўлення спісаў ЧК у 5-м выданні істотна не змяніліся.

Захоўваюцца негатыўныя тэндэнцыі для большасці папуляцый ахоўных відаў дзікіх жывёл, якія жывуць у лугавых і балотных экасістэмах. Найбольшы ўплыў на стан папуляцый водна-балотных відаў жывёл аказалі неспрыяльныя кліматычныя фактары – засушлівыя вясенне-летнія перыяды апошніх гадоў і нізкі ўзровень вады ў перыяд размнажэння.

Скарачэнні прыдатных месцаў пасялення ў сувязі з зарастаннем адкрытых участкаў поймаў рэк і балот драўнянай і хмызняковай расліннасцю.

Пры працягу ўплыву гэтых фактараў хуткім часам варта чакаць паніжэнне колькасці і скарачэнне колькасці месцаў пасяленняў відаў, якія адносяцца да відаў, уключаным у ЧК: бесхрыбтовыя (стэпавая плямістая галубянка, чарнаватая галубянка), земнаводныя (грабеністы трытон, чаротная жаба), птушкі (вялікі вераценнік).

Мэтазгодна пашыраць сетку маніторынгу за кошт арганізацыі назіранняў за вялікай колькасцю відаў, якія ахоўваюцца, і павелічэннем колькасці пунктаў назіранняў для кожнага з іх, сцвярджаюць аўтары даследавання.

Эколаг лічыць, што кожны зацікаўлены можа паўплываць на сітуацыю, нават у сённяшняй сітуацыі. Інэса Балоціна адзначае важнасць аховы відаў, якія апынуліся пад пагрозай знікнення. Кожны элемент навакольнага асяроддзя мае сваю ролю. Гэта вялікі механізм экасістэм, у якіх нават самая маленькая жывёла, нябачная чалавеку, адыгрывае ролю ў экасістэме. Біяразнастайнасці павінна быць пакінута як мага больш. Таксама не павінна быць уздзеяння на яе там, дзе няма такой неабходнасці.

Больш на гэтую тэму можна паслухаць у далучаным гукавым файле.

Даследаванне над працамі па Чырвонай кнізе было праведзена ў рамках грамадскай ініцыятывы «Твае зялёныя вочы», а прэзентацыя адбылася ў рамках сустрэчы, арганізаванай Зялёнай сеткай.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце