Беларуская Служба

Кліматолаг: Змена клімату мае два абліччы

28.06.2024 10:19
Змены клімату ў нашым рэгіёне праяўляюцца ў выглядзе паяўлення вельмі гарачых, часта вільготных мас паветра.
Аўдыё
  • Кліматолаг: Змена клімату мае два абліччы
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

«Самае смяротнае надворʼе за апошнія гады. Спякота ў ЗША», «Доступ да вады становіцца ўсё больш цяжкім. Прычына змены клімату», «Трагічны вынік. Больш за 1300 чалавек загінулі падчас паломніцтва ў Мекку з-за спёкі» – гэта толькі некаторыя з загалоўках апошніх дзён, якія адлюстроўваюць небяспечныя наступствы спёкі ў цэлым свеце. Афрыканская спёка будзе паўтарацца – гаворыць сённяшні госць экалагічнай перадачы – кліматолаг, прафесар Богдан Хайніцкі.

Апошнія дні метэаралагічная мапа Польшчы выглядае калярова: для амаль усіх рэгіёнаў выдадзены папярэджанні ці то аб буры, ці то градзе і інш. Гэта непакоіць асабліва таму, што гэта яшчэ толькі пачатак астранамічнага лета. Прафесар Хайніцкі да пералічанага дадае мокрую і вельмі цёплую зіму і цёплую вясну з невялікім перапынкам на прахалодны красавік:

-Мы пачалі летні перыяд вельмі выразна, з высокімі паказнікамі тэмпературы, але таксама памятаючы тое, што было зімой. Здаецца, мы будзем мець дачыненне з самым цёплым годам у гісторыі вымярэнняў. Пра гэта мы даведаемся ў снежні. У сваю чаргу афрыканскае гарачае паветра ўжо пра сябе нагадала і далей будзе нагадваць.

Прафесар Богдан Хайніцкі тлумачыць, што змены клімату ў нашым рэгіёне праяўляюцца ў выглядзе паяўлення вельмі гарачых, часта вільготных мас паветра. Змена клімату мае два аблічча, кажа кліматолаг:

-З аднаго боку, гэта спёка і засуха, з іншага – спёка і вельмі высокая вільготнасць, парнасць. Да абодвух выпадкаў трэба падыходзіць вельмі сур’ёзна. Першы выклікае засуху, а другі выклікае раптоўныя, небяспечныя прыродныя з’явы.

Трэба адрозніваць надвор’е ад клімату. Гэта павінны разумець асабліва тыя, хто, напрыклад, падчас халодных летніх дзён ставіць пад сумнеў ацяпленне клімату. Прафесар Хайніцкі кажа, што калі чакаць доказаў, якіх хочуць скептыкі, то мы мелі б дачыненне з поўнай катастрофай:

-Калі б усе дні ў годзе былі б значна вышэй сярэдняй, то мы б маглі сказаць, што клімат перавярнуўся ў адну секунду. Таму перыяды халаднейшага надвор’я робяць выдатную справу для статыстыкі. Калі казаць пра статыстыку, то ад пачатку году ў нас ужо ёсць 17 дзён з рэкорднай тэмпературай у зімова-вясенні перыяд. Сёлетні май стаў самым цёплым маем у гісторыі, прычым ва ўсім свеце. А перад намі сапраўды вельмі спякотны год. Не трэба думаць, што змены клімату датычаць Грэцыі ці Індыі. Гэтае гарачае паветра даходзіць таксама да нас.

Цёплае надвор’е вышэй за норму абазначае выпароўванне вады, у тым ліку пітной, падкрэслівае спецыяліст:

-Выпароўванне трэба яшчэ дадаткова вывучыць. Звярніце ўвагу, што мы несур’ёзна ставімся да змен клімату. Кажам, што будзем мець пальмы на Балтыйскім моры. Але заўважце, мы маем дачыненне з арэлямі. З аднаго боку, паяўляюцца велізарныя ападкі дажджу, потым прыходзіць вільгаць і выпароўванне вады. Гэтыя арэлі вельмі моцныя. Рост тэмпературы абазначае рэзкія змены ў надвор’і, якія не мусяць абазначаць прыемную адпускную атмасферу.

Чалавек яшчэ не да канца навучыўся жыць ва ўмовах гэтых змен клімату, прызнае кліматолаг:

-Дастаткова звярнуць увагу на нашае ўспрыняцце спёкі. Мы культурніцкі прызвычаеныя, што гэтая спёка не з’яўляецца празмерна некамфортнай. Паўсюдныя просьбы піць вялікую колькасць вады гучаць нездарма. Калісці мы гэта навучымся рабіць. Але пры высокай тэмпературы мы павінна рэагаваць імгненна – піць ваду і хавацца ў цень. Мы павольна гэтаму вучымся. Мы не іспанцы, якія спрадвеку маюць сіесту, але ўсё ж вучымся розным рэчам. Як, напрыклад, ахаладзіць дом ці кватэру. Гэта вельмі важна, паколькі гэта перасоўванне нашага ўспрыняцця рэчаіснасці ў цалкам іншым напрамку.

Прафесар Богдан Хайніцкі гаворыць, што дзеці і падлеткі, якія нарадзіліся ў апошнім дзесяцігоддзі, не разумеюць, што можа быць інакш. І ўжо для гэтага пакалення можа быць незразумелым, чаму тэмпература 28-20 градусаў у траўні з’яўляецца ненатуральнай.

Спёку часта суправаджаюць трапічныя ночы, у якія тэмпература не апусціцца ніжэй за 20 градусаў. Зʼява можа паўплываць на якасць сну. Спецыялісты нагадваюць, што спякота асабліва небяспечная для пажылых людзей, людзей з захворваннямі сэрца, нырак і дыябетам, а таксама для цяжарных жанчын і немаўлят. Кожны павінен памятаць пра неабходнасць піць ваду і пазбягаць працяглага знаходжання на сонцы. Падчас моцнай спёкі таксама трэба памятаць пра жывёл, якім таксама пагражае абязводжванне.

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце