Беларуская Служба

Здольныя маладзёны, якія вучацца ў Варшаве, могуць атрымаць стыпендыю. Таксама беларусы

09.07.2024 17:35
Стыпендыятам можна стаць да канца 26 года жыцця. Трэба выканаць некалькі ўмоў.
Аўдыё
  • Праграма стыпендый для школьнікаў і студэнтаў.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com / jarmoluk

Ужо два дзясяткі гадоў гарадскія ўлады Варшавы выдзяляюць сродкі на стыпендыі для вучняў і студэнтаў. Праграму ладзіць варшаўскі Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ. Кожны год на конкурс прыходзіць вельмі шмат заявак, у тым ліку ёсць нямала анкет ад беларусаў ці іншых замежнікаў, якія вучацца ў сталіцы Польшчы.

Праграма стыпендый складаецца з двух элементаў, – распавядае яе каардынатар Бартламей Мёнска (Bartłomiej Miąsko).

- Першая частка – гэта самі стыпендыі (ад 500 да 1500 злотых у месяц), а другая – магчымасць удзельнічаць у майстар-класах, якія мы ладзім у рамках стыпендыяльнай праграмы. Гэта таксама сумесныя мерапрыемствы, напрыклад, сёлета мы пазнавалі шматкультурную Варшаву. Майстар-класы мы ладзім як для вучняў пачатковай школы, так і сярэдняй. Сёлета пачатковая школа знаёмілася з багаццем кантактаў паміж людзьмі, а вучні сярэдніх школ адкрывалі свае таленты і вучыліся спраўляцца са стрэсам. У сваю чаргу, студэнтаў мы запрашаем удзельнічаць у праектах, на рэалізацыю якіх яны атрымліваюць ад нас сродкі. Скажам, сёлета мы ўдзельнічалі ў адным з такіх праектаў – вебінары, прысвечаным кібербяспецы.

Не кожны можа атрымаць стыпендыю. Што трэба зрабіць, каб стаць удзельнікам праграмы?

- Падаваць заяўкі можна ўжо пасля заканчэння трэцяга класа пачатковай школы. Стыпендыятам можна быць да канца 26 года жыцця, але нельга мець звання магістра. Гэта стыпендыі не толькі для жыхароў Варшавы, але толькі для тых, хто вучыцца ў сталіцы. У нас шмат стыпендыятаў з іншых частак Польшчы, а таксама з Беларусі, з Украіны. Яны вучацца ў Варшаве, а прыехалі з іншага населенага пункта або з іншай дзяржавы.

Мала вучыцца ў Варшаве, трэба яшчэ мець вельмі добрыя вынікі ў вучобе і сур’ёзныя дасягненні ў розных галінах. А таксама паходзіць з адносна небагатай сям’і.

- Абавязковая ўмова – высокая сярэдняя адзнака за вучобу. Для вучняў гэта мінімум 4,0, а для студэнтаў – 3,5 (у Польшчы шасцібальная сістэма пунктуацыі – рэд.). А дасягненні могуць быць розныя – як спартыўныя, так і навуковыя, мастацкія ці грамадскія. Скажам, пад грамадскімі дасягненнямі мы разумеем дзейнасць у розных арганізацыях, працу валанцёрам. Мы параўноўваем дасягненні, іх ацэньваюць нашы эксперты. Нашы стыпендыяты маюць вельмі розныя дасягненні, напрыклад, ёсць у нас хлопец з Беларусі, які займаецца плаваннем, ёсць дзяўчына з Беларусі, якая захапляецца польскімі танцамі, танцуе ў калектыве народнага танца. Сярод нашых стыпендыятаў ёсць нават спартсмены-алімпійцы, ёсць лаўрэаты розных прадметных алімпіяд. Але ёсць таксама і валанцёры ці актывісты грамадскіх арганізацый.

Ёсць яшчэ адна ўмова, якую трэба выконваць, каб атрымаць стыпендыю. Ідэя праграмы – дапамога дзецям з небагатых сем’яў, якім цяжэй прабіцца ў жыцці. Таму ўведзены максімальны даход на аднаго чалавека ў сям’і.

- Даход на аднаго чалавека ў сям’і не можа перавышаць 2500 злотых «чыстымі» у месяц. Гэта даход мы лічым на падставе дакументаў, якія апісаныя ў адпаведных законах аб сацыяльнай дапамозе. Перш за ўсё гэта пасведчанне аб даходах, якое можна атрымаць у падатковай службе. А калі нехта плаціць падаткі за мяжой, ён можа ўзяць адпаведны дакумент у сваёй дзяржаве. Уся інфармацыі знаходзіцца на нашым сайце.

Важна, каб асоба, якая падае заяўку на стыпендыю, вучылася на тэрыторыі Варшавы. А ці важна, якое ў яе грамадзянства і ці яна размаўляе на польскай мове?

- Не, грамадзянства нас зусім не цікавіць. Важна толькі, ці гэты чалавек вучыцца ў Варшаве. Мы таксама не правяраем узроўню валодання польскай мовай, але неабходна запоўніць анкету на польскай мове. Калі ёсць дакументы на іншай мове, мы просім перакласці іх на польскую мову. Дастаткова, каб нехта сам іх пераклаў, падпісаўся, не патрэбны прысяжны пераклад. З такімі дакументамі мы будзем працаваць.

Вы згадалі пра беларусаў-удзельнікаў праграмы. А ці маглі б прадставіць крыху больш інфармацыі, хто з Беларусі атрымлівае стыпендыі, а таксама колькі ўдзельнікаў з іншых краін – Украіны, Расіі?

- Цяжка сказаць, паколькі мы не пытаем пра грамадзянства, можам толькі здагадвацца на падставе прозвішча або калі сам чалавек нам скажа. Кожны год у нас каля 20 удзельнікаў не з Польшчы. Гэта людзі, у якіх шмат самых розных талентаў. Многія з іх вельмі крэатыўныя. У нас таксама ёсць стыпендыяты, якія вельмі актыўна ўдзельнічаюць у грамадскай актыўнасці. Здараецца, калі я чытаю іх анкеты, мяне вельмі здзіўляе, як можна ў такім маладым узросце так шмат дасягнуць.

Школьнікі могуць падаваць заяўкі да канца ліпеня, а студэнты – з 1 верасня па 10 кастрычніка.

нг