Беларуская Служба

Беларускі эмігрант: «Я жадаю вярнуцца на радзіму – гэта мой асноўны план»

13.07.2024 06:02
Той дэпрэсіўны стан пасля затухлых пратэстаў застаецца ў яго і ў эміграцыі. Але жаданне вярнуцца на радзіму дае сілы, каб усё гэта перажыць.  
Аўдыё
  • Беларускі эмігрант: «Я жадаю вярнуцца на радзіму – гэта мой асноўны план»
Нацыянальныя колеры Беларусіфота: Альберт Ежы Вяжбіцкі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Тыя падзеі сустрэў актыўна

Вадзім працаваў у Беларусі графічным дызайнерам. Кажа, што праца яму падабалася, паколькі аб’ядноўвала дзве важныя рэчы – творчасць і веданне тэхнічнага працэсу.

У палітыку быў незаангажаваны, але ў 2017 годзе падчас акцый «дармаедаў» убачыў і зразумеў, як дзейнічае АМАП. А таму падзеі 20-га году былі не зусім нечым новым для яго.

  • Тыя падзеі сустрэў актыўна. І 9-га хадзіў на акцыі і з першага дня, калі пачаўся збор подпісаў, імкнуўся падпісацца за ўсіх кандыдатаў. Радавала тое, што ў людзей з’явілася разуменне - яны нешта могуць рабіць. Адчуваўся такі эмацыйны пад’ём. А абурала тое, калі пачаліся першыя затрыманні проста людзей і кандыдатаў. 

Людзі выходзілі не толькі супраць фальсіфікацый

Паводле суразмоўцы, адметнасцю падзей 20-га году стала тое, што галоўнымі ўдзельнікамі пратэсту сталі не апазіцыйныя палітыкі, а звычайныя людзі. І яны выходзілі на акцыі не толькі з-за сфальсіфікаваных выбараў, але і таму, што ім надакучыла цярпець прыніжэнні ўладаў, забароны на самыя звычайныя рэчы.

 Да прыкладу, падчас кавіду людзі імкнуліся дапамагаць медыкам: шылі для іх абаронную вопратку, збіралі сродкі, прывозілі харчаванне і ваду, а ім забаранялі, праз тэлевізар даводзілі, што ніякага кавіду няма.

  • Ты спрабуеш рабіць нават не палітычную справу, а табе гэта забараняюць. І таму ў гэты момант якраз і стала адчувацца – так, я чалавек, і вось зараз, калі змяніць такія парадкі, ніхто не будзе перашкаджаць рабіць мне тое, што я жадаю рабіць. Вось і ўсё. 

Як зрабіць, каб усё адразу было добра? Так не атрымаецца

Аднак у той самы час у Вадзіма прысутнічала разуменне таго, што ў адзін момант такія рэчы змяніць наўрад ці ўдасца. Не хапала нечага, паводле яго, каб людзі тады, акрамя таго, што выходзілі на акцыі, не хадзілі б з тыдзень арганізавана на працу, каб уся сістэма была вымушана спыніцца.

  • Было шмат перажыванняў за сябе, за сваіх родных, паколькі я быў дастаткова актыўным у гэтых падзеях. І трэба было наладзіць бяспеку ў сродках сувязі, каб абараніць асабістыя дадзеныя. Гэта было няпроста. Але няпроста было і размаўляць з блізкімі людзьмі, якія казалі: навошта ты туды лезеш? Ты чуеш, што табе кажуць фразы з тэлевізара, спрабуеш шукаць тыя прыклады, каб дастукацца да чалавека. Гэта ўсё было вельмі цяжка, шмат эмоцый негатыўных. І як зрабіць адразу так, каб усё было добра? Але табе зразумела, што так не атрымаецца. Таму было вельмі складана. 

Гэты стан з’явіўся пасля 20-га года

Трохі задумаўшыся, Вадзім кажа, што яму ўсё ж тады вельмі пашанцавала, і гэтае «пашанцавала» памножанае яшчэ раз на «пашанцавала». Яго, у адрозненні ад многіх, не схапілі, ён не патрапіў за краты. Суразмоўца падкрэслівае, што гэта не таму, нібыта ён быў разумнейшым за іншых, а менавіта проста пашанцавала.

Але з’язджаць усё роўна давялося, паколькі апанаваў стан, калі нічога не можаш.

  • Уставаць не можаш, працаваць не можаш. Усё, што можаш – працуеш, ясі, са знаёмымі гаворыш зрэдку. Гэты стан з’явіўся пасля 20-га году, калі было бачна, як змянілася актыўнасць, і як людзі пачалі адаптавацца, і як сам пачаў адаптавацца, і што можаш рабіць, і што не можаш. І проста адчуваецца, што ўсё настолькі зрабілася дрэнным, што хочацца ўзяць транспарант, напісаць на ім: «Вы што не бачыце, што з вамі ізноў тое самае робяць?». І выйсці з імі ў цэнтр Мінску, ведаючы, што праз паўтары хвіліны да цябе падыдзе АМАПавец… І ты разумееш, што глупства ісці сядаць на суткі, бо разумееш, што галоўнае зараз - забяспечыць сваю бяспеку. І бачыш, што астатнія робяць тое самае. Гэта натуральна, бо немагчыма жыць на такіх агрэсіўных эмоцыях, якія паляць цябе шмат часу. Трэба было жыць інакш, а я разумеў, што не магу жыць інакш, і згараў, як знічка. Таму вырашыў, што трэба з’язджаць. 

Кожны дзень – гэта цяжкасць, цяжкасць, цяжкасць…

Паводле Вадзіма, ад’езд быў проста неабходнасцю, а не жаданнем жыць лепей, бо насамрэч ён не жыве ў Польшчы лепей, чым у Мінску. Проста, як сам прызнаецца, там мог бы пайсці і зрабіць нейкае глупства пасля чаго давялося б ехаць у «санаторый» на 3-5 год па 342-м альбо якім-небудзь іншым артыкуле, якія зараз шчодра выдаюць пратэстоўцам.

  • Тут таксама трэба было шукаць кватэру, працу, а я не магу, проста рукі не падымаюцца, і кожны дзень – гэта цяжкасць, цяжкасць, цяжкасць… І проста нічога не разумееш, а знаёмым кажаш: усё нармальна… Але ўсё нядобра і таму вельмі цяжка. Лепш маё жыццё не стала, а цяжка яшчэ і таму, што тут іншая мова… 

У Беларусі нічога не скончылася

Спрабаваў шукаць працу па сваёй спецыяльнасці, але недастаткова валодае польскай альбо англійскай мовамі, а таму давялося ісці працаваць на склад звычайным рабочым. Тым не менш, жыццё працягваецца, Вадзім кажа, што не вядома, калі давядзецца вяртацца дамоў, а таму трэба гэты час пражыць тут.

 Ён імкнецца жыць і працягвае сачыць за тым, што адбываецца ў яго Беларусі.

  • Мне не падабаюцца настроі той часткі людзей, якія кажуць, што ў Беларусі ўсё скончылася, усё ў асфальце, нічога няма. Гэта такое глупства. Я з’язджаў пазней і бачыў, як адбываецца адаптацыя. А тое, што вы не ведаеце ніякіх новых ініцыятываў там – гэта вашы праблемы. Яны ёсць, краіна жыве, змяняецца. Людзі ўсё роўна спрабуюць, як пасля 2010-га, пасля 2006-га таксама нешта рабіць. А тут кажуць, што ўсё скончылася. Не, не, людзі жывуць. І гэта мне падабаецца. Праўда, калі гляджу нейкія фотаздымкі з Мінску, сумна ад таго, што не магу хадзіць па гэтым горадзе, што не магу пабачыць Гродна, Брэст, іншыя гарады.

Трохі падумаўшы, дадае:

  • Я жадаю вярнуцца на радзіму - гэта мой асноўны план, але тут таксама трэба нешта рабіць, каб пражыць гэты час. Казаць, што я не вярнуся – гэта глупства. У мяне там бацькі, там родныя і шмат розных людзей і месцаў, якія я жадаю яшчэ пабачыць, у якіх я жадаю жыць, адкуль я жадаю ездзіць у іншыя краіны і вяртацца туды, бо там тое, што мне падабаецца. 

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл

 

 

 

 

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы