Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі прадставіў у Варшаве вынікі даследаванняў, якія ўжо шмат гадоў праводзіць яго Беларуская аналітычная майстэрня. З тэлефоннага апытання прыкладна тысячы жыхароў Беларусі, праведзенага каля шасці месяцаў таму, вынікае, што беларускім дзяржаўным СМІ давярае 36% апытаных, незалежным сродкам масавай інфармацыі давярае каля 30% беларусаў, а расійскім – прыкладна 29%. Нельга забываць, у якіх умовах знаходзяцца незалежныя СМІ, а ў якіх – расійскія. Незалежныя практычна цалкам разгромленыя, яны могуць працаваць выключна паза межамі краіны, а расійскія пачуваюцца ў Беларусі вельмі добра. Калі давер да іх практычна аднолькавы, гэта значыць, што беларусы ўстойлівыя на прапаганду, – адзначае Андрэй Вардамацкі.
- Узровень даверу да недзяржаўных СМІ і да расійскіх СМІ аднолькавы. Гэта і ёсць характарыстыка менталітэту, яго ўстойлівасць. Калі крыніца інфармацыі на вас пастаянна цісне, а вы ёй супраціўляецеся як носьбіт беларускага менталітэту.
Давер да СМІ.
Падобныя апытанні праводзяцца рэгулярна ўжо каля 25 гадоў. Адна з тэм – як беларусы ставяцца да магчымасці ўваходу іх дзяржавы ў склад Расіі і з кім Беларусі было б лепш у хаўрусе – з Расіяй ці з Еўрапейскім Саюзам. За гэты час назіраліся павышэнні і паніжэнне прарасійскіх настрояў, асабліва калі Расія выдзяляла Беларусі чарговыя крэдыты – тады прарасійскія настроі пашыраліся, затое зусім няма імкнення далучыцца да Расійскай Федэрацыі. Падчас апошняга апытання толькі 2,6% выказалі жаданне далучыцца да Расіі. Ніколі ў гісторыі даследаванняў гэтае жаданне не перавышала 4%.
- Цвёрдая структура ў беларускай масавай свядомасці – гэта ўваход у склад Расійскай Федэрацыі. Жаданне як было малое, так і працягваецца заставацца малым на працягу шмат гадоў. Жадання ўваходзіць у склад Расіі мала. У сваю чаргу, у адносінах Еўрапейскага Саюза назіраецца зменлівасць.
Беларусы не жадаюць браць удзел у вайне ва Украіне.
Сярод пытанняў, якія задаваліся беларусам, была таксама тэматыка вайны ва Украіне. На пытанне, ці беларускія войскі павінны далучыцца да расійскіх і ўдзельнічаць у поўнамаштабнай аперацыі ва Украіне, абсалютная большасць адказаў было негатыўных (каля 80%). Толькі прыкладна кожны дзясяты апытаны згодны, каб беларускія вайскоўцы ўдзельнічалі ў вайне. Між іншым на гэтыя лічбы звярталі ўвагу прысутныя на прэзентацыі беларусы.
Зміцер Лупач: Прыемна даведацца, што, нягледзячы на ўсю прапаганду, беларускі народ не падтрымлівае вайну з Украінай. Трэба ўлічыць, што яшчэ тры гады таму былі нейкія незалежныя СМІ, людзі не былі прызнаваныя экстрэмістамі, не баяліся чытаць, а зараз гэта забаронена. Тым не менш, лічбы мала змяніліся, значыць, людзі цікавяцца, думаюць, гэта добра.
Зміцер Балкунец: Галоўнае – што большасць беларусаў выступаюць за незалежнасць. Наконт медыя – вядома, што незалежныя медыя ў Беларусі знішчаныя, яны могуць працаваць толькі паза межамі. Таму іх магчымасці абмежаваныя. Але, нават працуючы з эміграцыі, лідары думак могуць даносіць свае наратывы. Трэба, каб медыя былі больш мабільныя, каб разумелі быт звычайнага грамадзяніна Беларусі, які ўключае тэлебачанне і бачыць навіны, якія кожны дзень расказваюць пра вайну. Трэба шукаць новыя каналы данясення інфармацыі, напрыклад, Тык-Ток.
нг