Беларуская Служба

«Зялёная Беларусь» прапануе восем ключавых крокаў, якія могуць зменшыць урон ад стыхійных бедстваў

28.07.2024 14:10
У выніку магутных вятроў і ўрагану ў ліпені моцна пацярпеў Гомельскі рэгіён. 
Аўдыё
  • «Зялёная Беларусь» прапануе восем ключавых крокаў, якія могуць зменшыць урон ад стыхійных бедстваў
.
.фота: belarusgreen.vision

У выніку магутных вятроў і ўрагану ў Гомельскім рэгіёне 13–14 ліпеня 2024 года некалькі сутак не было электраэнергіі, вады, мабільнай сувязі, моцна пацярпелі лясныя масівы і сельгасугоддзі. Загінулі дзеці, многія атрымалі траўмы.

Беларускія дзяржаўныя структуры аказаліся негатовымі да такіх прыродных з’яваў. Альянс «Зялёная Беларусь» прааналізаваў праблему і запрапанаваў крокі, якія могуць зменшыць урон ад стыхійных бедстваў.

Запрапанаваныя восем ключавых крокаў. Першы з іх – паляпшэнне сістэмы абвесткі і метэапрагнозаў. Расказвае магістр навук, эксперт па клімату і ўстойліваму развіццю Уладзіслаў Шумак:

-Цяперашняя сістэма метэапрагнозаў у Беларусі базуецца на перадачы інфармацыі ад рэгіянальных станцый далей наверх. Гэта сістэма не можа даць добрай верагоднасці ў працэнтных адносінах да надвор’я, тым больш хутка прадказаць небяспечныя з’явы. Трэба, каб у фармаванні такой інфармацыі ўдзельнічалі лакальныя метэастанцыі, і каб было хуткае апавяшчэнне насельніцтва, напрыклад, праз смс-паведамленні ці мабільныя дадаткі.

Другі крок, які называе Уладзіслаў Шумак, гэта павышэнне гатоўнасці інфраструктуры:

-Мозырскі раён аднаўляўся вельмі доўга з-за таго, што энергазабеспячэнне вялося праз адну лінію. Мы лічым, што на ключавых аб’ектах інфраструктуры павінны быць лакальныя крыніцы энергазабеспячэння за кошт альтэрнатыўнай тэхналогіі. У Мазыры часам не хапала нават матэрыялаў, каб аднавіць энерга- і водазабеспячэнне.

Наступствы любой катастрофы звязаны з ведамі насельніцтва і супрацоўнікаў дзяржструктур алгарытмаў, што рабіць у той ці іншай надзвычайнай сітуацыі. Гэта чарговая задача для беларускай дзяржавы.

-Нават паведамленне аб набліжэнне небяспечнай з’явы павінны паўтараць алгарытмы аб тым, што трэба рабіць. Вучэнні павінны праходзіць пастаянна. Фактары рызыкі, звязаныя са зменамі клімату, трэба ўлічваць пры распрацоўцы нацыянальных і мясцовых планаў рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.

Пасля апошняга ўрагану можна было заўважыць, што не існавала каардынацыі паміж рознымі службамі. Таму гэта чарговы крок, неабходны для рэалізацыі.

Уладзіслаў Шумак звяртае ўвагу, што цяперашняя сацыяльная і палітычная сітуацыя прывялі да таго, што ў Беларусі амаль адсутнічаюць грамадскія арганізацыі і валанцёрскія рухі. «Зялёная Беларусь» прапануе ствараць добраахвотніцкія дружыны, якія маглі б далучацца да дапамогі ў надзвычайных сітуацыях.

Шосты крок – інвестыцыя ва ўстойлівую інфраструктуру.

-У выніку раптоўных з’яваў час ад часу назіраецца падтапленне вуліц. Інфраструктура сцёкаў вады не адпавядае сённяшнім рэаліям. То бок патрэбная вельмі хуткая мадэрнізацыя дажджавой каналізацыі.

Стратэгічнае планаванне з улікам кліматычных змен – апошні з прапанаваных пунктаў.

-Мы лічым, што яно павінна адбывацца на шляху распрацоўкі доўгатэрміновых стратэгічных планаў для розных галін эканомікі. У Беларусі яны не распрацаваныя, акрамя сельская і лясной гаспадарак. І то мы не ведаем пра бягучыя актыўнасці дзяржаўных структур па іх рэалізацыі. Гэтыя планы павінны ўлічваць прагназаваныя кліматычныя змены. Ну і планы развіцця гарадоў і сельскіх раёнаў павінны ўлічваць кліматычныя рызыкі.

Мы лічым, паколькі мы не можам змяніць кліматычныя падзеі, мы павінны адаптавацца і рабіць усё, каб змякчыць наступствы кліматычных змен, – канстатуе эксперт па клімату і ўстойліваму развіццю Уладзіслаў Шумак.

Згаданыя крокі тычацца дзейнасці дзяржаўных структур. Наш суразмоўца адзначае, што незалежна ад гэтага кожны грамадзянін павінен застрахаваць сваю маёмасць на выпадак знішчэння ў выніку прыродных з’яў.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце