Беларуская Служба

Алімпійскія гульні ў планах арганізатараў павінны стаць самым экалагічным масавым спартыўным мерапрыемствам у гісторыі

02.08.2024 13:34
Спартыўныя спаборніцтвы ў французскай сталіцы выкарыстоўваюць 95% існуючай або часовай інфраструктуры, каб знізіць выдаткі і выкіды вуглякіслага газу.
Аўдыё
  • Алімпійскія гульні ў планах арганізатараў павінны стаць самым экалагічным масавым спартыўным мерапрыемствам у гісторыі
.
.PAP/EPA/ALI HAIDER

Алімпійскія гульні ў Парыжы ў планах арганізатараў павінны былі стаць самым экалагічным масавым спартыўным мерапрыемствам у гісторыі. Аднак няўрадавыя арганізацыі адзначаюць, што паменшыць уздзеянне гэтай падзеі на навакольнае асяроддзе, як чакалася першапачаткова, не ўдасца.

Спартыўныя спаборніцтвы ў французскай сталіцы выкарыстоўваюць 95% існуючай або часовай інфраструктуры, каб знізіць выдаткі і выкіды вуглякіслага газу.

Экалагічныя трэнды ўпісаныя найперш у працэс прыгатавання страваў. Было запланавана зніжэнне вугляроднага следу кожнага прыёму ежы на 50% за кошт падваення колькасці прадуктаў расліннага паходжання; скарачэнне ўдвая выкарыстання аднаразовага пластыка (у параўнанні з аналагічнымі мерапрыемствамі і папярэднімі Алімпійскімі гульнямі), напрыклад, з выкарыстаннем зваротных шкляных бутэлек; закупка большай колькасці прадуктаў на мясцовым узроўні: 80% інгрэдыентаў паступае з Францыі, чвэрць з якіх паступае з менш чым 250 км; барацьба з харчовымі адходамі праз пільны кантроль порцый і колькасці, прасоўванне рэцэптаў і паводзін без адходаў; забеспячэнне паўторнага выкарыстання ўсяго абсталявання грамадскага харчавання для будучых мерапрыемстваў; рэзерваванне 15% працоўных месцаў для інвалідаў або людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Алімпійская вёска выпрацоўвае энергію з аднаўляльных крыніц. Замест кандыцыянераў у нумарах выкарыстоўваецца натуральная сістэма ахаладжэння. Спартсмены спяць на матрацах з перапрацаваных рыбалоўных сетак. Пасля заканчэння гульняў вёска павінна быць перададзена жыхарам.

Парыж хоча, каб выкіды вуглякіслага газу былі на палову меншыя, чым у папярэдніх дэкадах падчас Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра і Лондане.

Спецыялісты адзначаюць, што спартсмены і грамадскасць прапагандуюць пэўныя экалагічныя тэндэнцыі. І падкрэсліваюць, што гэта добры момант, бо цяпер вочы ўсяго свету прыкаваныя да падзеяў у французскай сталіцы.
Спартыўная прастора і дух спаборніцтва – гэта добры момант для прасоўвання рашэнняў і змен, якія адбываюцца, кажа намеснік міністра клімату і навакольнага асяроддзя Польшчы Мікалай Даражала. Такім чынам ён пракаментаваў экалагічную дзейнасць арганізатараў Алімпіяды ў Парыжы.

Ён сказаў у эфіры Польскага радыё 24, што гульні з’яўляюцца добрым момантам для прасоўвання новага падыходу да навакольнага асяроддзя:

-У кантэксце ашчаднасці энергіі, у кантэксце выкарыстання аднаразовых прадуктаў, пераход да шматразовых тавараў, з больш устоўлівых крыніц. Хто як не спартоўцы, якія з’яўляюцца ідаламі мільёнаў людзей, а таксама арганізатары, якія паказваюць, што многія рэчы можна рабіць значна больш устойліва, гэта сігнал, які павінен быць высланы. Гэта момант, у якім вочы цэлага свету скіраваныя ў канкрэтным накірунку.

Французы выдалі 1,5 мільярда еўра на ачышчэнне Секваны. І хоць гэта не прынесла чаканых вынікаў, бо спаборніцтвы ў рацэ адкладаліся некалькі разоў з-за ўзроўню забруджання, гэта і так важны крок, лічыць эканаміст Марэк Зубэр:

-Мяркую, што ў пэўнай ступені гэта ўдалося, што гэтая рака сёння на шмат чысцейшая. І цяпер пытанне, ці нехта выдаў бы 1,5 мільярда еўра на ачышчэнне Секваны, калі б не было алімпіяды?

Чарговы крок – гэта палітыка чыстага транспарту, якую рэалізуюць арганізатары XXXIII Алімпіяды ў Парыжы 2024 года. Яна прадугледжвае скарачэнне выкідаў вуглякіслага газу больш чым на 40%.

Што гэта значыць на практыцы?

100% гледачоў могуць наведаць аб'екты на грамадскім транспарце або агульным транспарце. З 700 кіламетрамі роварных дарожак і 1300 веласіпеднымі станцыямі Парыж пераўзыходзіць многія французскія гарады. Падчас Алімпійскіх гульняў 2024 года заўзятары могуць лёгка ездзіць на ровары ад цэнтра горада да спартыўных абʼектаў дзякуючы дадатковым 55 кіламетрам дарожак, якія атрымалі назву «алімпіяны». Акрамя таго, на 3 тысячы павялічана колькасць ровараў для самастойнага абслугоўвання, што на 20% больш, чым раней. 85% спартсменаў размешчаны ў межах 30 хвілін ад месца правядзення спаборніцтваў.

Усё ж не ўсе заўзятары і алімпійскія спартсмены задаволеныя экалагічнымі новаўвядзеннямі. Паступае шмат крытыкі і пра спосаб харчавання, і пра сістэму кандыцыянераў, і пра транспарт на стадыёны.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце