Беларуская Служба

Беларускі студэнт у Польшчы: «Для мяне эміграцыя – гэта ўсё роўна памятаць пра сваю радзіму»

11.08.2024 06:02
Ён, канешне, хацеў бы вярнуцца. Бо інакш дзеля чаго вывучаў міжнародныя адносіны? Дзеля таго, каб вярнуцца і гэтыя адносіны наладзіць для новай Беларусі.
Аўдыё
  • Беларускі студэнт у Польшчы: «Для мяне эміграцыя – гэта ўсё роўна памятаць пра сваю радзіму»
Горад ПознаньПавел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Хочацца вучыцца далей

Яўген пакінуў Беларусь у 18 гадоў і скончыў факультэт міжнародных адносін у Польшчы. Першы год вывучаў польскую мову па праграме Каліноўскага. Зараз піша дыпломную працу і вызначаецца з тым, што будзе рабіць далей.

 — Пакуль не вызначыўся, але ў наступным годзе хацеў бы пайсці вучыцца ў магістратуру. Таму гэты год напэўна паваланцёру і падвышу сваю кваліфікацыю, каб мець лепшыя шанцы пры паступленні.

Стаўленне да нас добрае

Распавядаючы пра навучанне ў Польшчы, суразмоўца згадвае пра гэта з задавальненнем, кажа, што асаблівых праблем не адчуваў. Ды і стаўленне да беларусаў, паводле яго, было добрае.

 — Вучоба не была складанай, бо яшчэ ў Беларусі ў 11-м класе вывучаў польскую мову. Па-другое, шмат беларусаў тады прыехала са мной, у нас было палова беларусаў і палова палякаў і толькі трошкі ўкраінцаў. І паколькі палякі сачылі за падзеямі ў Беларусі, то стаўленне да нас было добрае.

Першае вялікае ўражанне: тут ніхто не баіцца выказваць свае думкі

У яго засталіся цёплыя ўражанні ад палякаў, калі ў 2020 годзе пасля пратэстаў ён прыехаў у Польшчу на вучобу. Шмат што тады яго здзівіла ў гэтай краіне.

 — Вядома, было вельмі прыемна, што Польшча і яе грамадзяне аказвалі беларусам такую падтрымку і ўсё разумелі, нічога не трэба было тлумачыць. І першае, што мяне тады ўразіла – тут ніхто не баіцца выказваць свае думкі. Калі прыехаў, у Польшчы адбываліся пратэсты жанчын. І мне пасля Беларусі, дзе на пратэстах збіваюць і затрымліваюць, было дзіўна за гэтым назіраць. Я быў у Польшчы толькі другі тыдзень і бачыў, як ідзе дэманстрацыя, а паліцэйскія знаходзяцца ўбаку і нічога пратэстоўцам не робяць. Гэта мяне вельмі здзівіла. Зараз я, канешне, разумею, чаму так і павінна быць, але тады, на другі тыдзень знаходжання ў Польшчы, гэта мяне вельмі ўразіла.

Ганаруся беларусамі і злосць на рэжым

Падчас пратэстаў у 2020 годзе Яўген знаходзіўся ў Мінску і многае бачыў на свае вочы. Яго, тады маладога чалавека, шмат што ўразіла і здзівіла, з нечым падобным у жыцці сутыкнуўся ўпершыню.

 — Я вельмі ганарыўся беларусамі і тым, што так шмат людзей выйшла на пратэсты, нават тыя, ад каго я не чакаў. Мяне гэта вельмі ўразіла і я ганаруся беларусамі і зараз.

— Але вы, напэўна, бачылі, як збівалі людзей, пра гэта гаварылі сябры, суседзі. Як гэта на вас уплывала?

 — Было страшна? І напэўна страшна і цяпер, бо частка маіх родных застаецца ў Беларусі, і дагэтуль існуе рызыка, што яны сутыкнуцца з рэпрэсіямі. Адзінае, што ў мяне ад гэтага ўсяго з'явілася – злосць на гэты рэжым, на міліцыю, на паплечнікаў Лукашэнкі і на людзей, якія яго падтрымліваюць. Яны ж ходзяць з тымі, каго збівалі, разам на працу, іх дзеці ходзяць разам у школу. І вось гэта вельмі непрыемна.

Яшчэ цалкам у польскае асяроддзе не інтэграваўся

Мы размаўляем з Яўгенам пра жыццё ў Польшчы, пра тое, як жылося студэнту на стыпендыю, як даводзілася падпрацоўваць, каб мець грошы на патрэбы. Ён ні на што не скардзіцца, спакойна пра ўсё гаворыць. Цікаўлюся ў яго – як адбывалася яго інтэграцыя ў польскае грамадства?

 — Вялікіх праблем не было, але з-за той вялікай колькасці беларусаў, сярод якіх я жыў і вучыўся, гэта трошкі перашкаджала маёй інтэграцыі. Здавалася, што лягчэй размаўляць з беларусамі і можа нават не трэба інтэгравацца з палякамі. Але ўсё ж нешта атрымалася, бо ў мяне ёсць некалькі сяброў сярод палякаў. Хаця мушу прызнацца, што поўнай інтэграцыі ў польскае асяроддзе яшчэ не прайшоў. Магчыма, гэта адбудзецца, калі пайду працаваць у польскую фірму.

 Дарэчы, адкуль у вас такая беларуская мова – вы яе з сабой прывезлі ці тут набылі?

 — Я вучыўся ў беларускамоўнай гімназіі ў Мінску і маю за плячыма 11 гадоў вывучэння мовы. Я прывёз яе сюды.

Пра Беларусь згадваю штодня

Дарэчы, Яўген сумуе па Беларусі, сваіх родных, сябрах, з якімі працягвае ўтрымліваць кантакты. Кажа, што пра Беларусь згадвае штодня. Цікаўлюся – што для яго значыць эміграцыя?

 — Для мяне эміграцыя – гэта ўсё роўна памятаць пра сваю радзіму. Вось я ўжо чатыры гады жыву за мяжой і здавалася б, мала што мяне звязвае з Беларуссю, бо большасць сяброў раз’ехалася, мала хто з родных там застаўся, але ўсё роўна хочацца вярнуцца. І мяне вельмі здзіўляе, калі людзі кажуць, што нават пасля зменаў не збіраюцца вяртацца, бо, маўляў, там не маюць што рабіць. Тут ужо набылі кватэры, маюць працу, асіміляваліся. Але для мяне эміграцыя – гэта ўсё роўна памятаць, хто ты, і любіць свой дом.

 — Значыць, тым не менш, вы настроены вярнуцца?

 — Я б, канешне, хацеў вярнуцца. Бо інакш дзеля чаго я вывучаў міжнародныя адносіны? Дзеля таго, каб вярнуцца і наладзіць гэтыя адносіны для новай Беларусі. Упэўнены, што гэта будзе патрэбна, і адукаваная ў Еўропе моладзь таксама будзе патрэбна Беларусі. Таму гэта не проста маё жаданне, мне здаецца, што трэба вярнуцца, каб працаваць для новай Беларусі.

 — А што б вам хацелася з Польшчы перавезці ў Беларусь?

 — Мне здаецца, усё тое, што датычыцца правоў чалавека і, у прыватнасці, правоў жанчын. Разумею, што ў Польшчы яшчэ не ўсё добра, але ў Еўропе ўжо так. І ў Польшчы хутка будзе на належным узроўні. Таму думаю, што правы чалавека – гэта тое, што нам найперш важна прывесці ў Беларусь.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл

 

 

 

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы