Беларуская Служба

Папулярная расліна можа выклікаць харчовы крызіс. Якім чынам?

25.08.2024 08:02
Інвазійны сумнік знішчае палі і пагражае дзікім пчолам і іншым насякомым-апыляльнікам. 
Аўдыё
  • Папулярная расліна можа выклікаць харчовы крызіс. Якім чынам?
Сумнік Elżbieta Michta z Pixabay/CC0

Жнівень – час, калі палі перапоўненыя жоўтым колерам. Палі і лугі запоўненыя сумнікам – канадскім і гіганцкім. Гэта інвазійная расліна, якая знішчае палі і пагражае дзікім пчолам і іншым насякомым-апыляльнікам. У адказ на гэтую праблему «Грынпіс» запусціў «Сумнікаў патруль» (Patrol Nawłociowy) і заахвочвае да сумесных дзеянняў па абмежаванні пашырэння небяспечнай расліны. 

На вэб-сайце nawloc.adoptujpszczole.pl экалагічная арганізацыя заахвочвае дадаць знойдзеныя месцы з сумнікам. Тыя, хто гэта зробіць, атрымаюць інфармацыю аб тым, калі лепш выдаліць гэтыя расліны, і інструкцыю, як зрабіць гэта эфектыўна і не паблытаць іх з іншымі мясцовымі гатункамі.

Адным з самых істотных момантаў, калі гаворка ідзе пра сумнік, з’яўляецца ўменне адрозніць сумнік звычайны ад канадскага і гіганцкага. Сумнік звычайны не з’яўляецца небяспечным, гэта нармальная расліна, якую выкарыстоўваюць таксама ў традыцыйнай медыцыне.

Небяспечнымі з’яўляюцца сумнік канадскі і гіганцкі, тлумачыць Марцэль Андзіна Вэлез з польскага «Грынпісу»:

-Сумнік канадскі крыху меншы, але таксама вырастае на 1,5 метра. Абодва гэтыя сумнікі маюць мноства маленькіх кветачак, але на канадскім яны растуць крыху гусцей, на гіганцкім сумніку – хмарка маленечкіх залатых кветак. У сваю чаргу сумнік звычайны не стварае вялікіх кластараў, ён расце паасобку. Тое, што мы бачым вялікія кластары, цэлыя палі – гэта інвазійныя гатункі. Як толькі на ўчастак трапіць насенне, то некалькі гадоў і сумнік разрастаецца імгненна, займае цэлыя палі. Таму не трэба баяцца, што вы памыліцеся і не пазнаеце інвазійны сумнік.

«Грынпіс» звяртае ўвагу на праблему з сумнікам ў кантэксце дзікіх насякомых-апыляльнікаў. Гэта ім больш за ўсё пагражае інвазійны сумнік.

-Праблема наступная. Сёлета расліна зацвіла раней, але звычайна сумнік паяўляецца пад самы канец ліпеня-пачатак жніўня. І гэта цэлыя палі толькі з двума гатункамі раслін, часамі ажно да гарызонту. Што ў такім выпадку адбываецца вясной? Прачынаюцца апыляльнікі, якія ад красавіка да позняй восені павінны мець харчаванне. Калі з красавіка яны павінны чакаць ажно да канца ліпеня, то яны паміраюць з голаду. Разам з імі гінуць усе жывёлы, якія харчуюцца насякомымі, якія з імі ствараюць агульную лугавую сістэму – земнаводныя, паўзуны, птушкі. Гінуць таксама малыя млекакормячыя, паколькі развальваецца цэлая экасістэма.

Узнікненне велізарных тэрыторый монакультуры з’яўляецца небяспечным менавіта для дзікіх апыляльнікаў. У сваю чаргу гэтым карыстаюцца меданосныя пчолы, якіх пчаляры прывозяць у вуллях на час цвіцення расліны, а потым забіраюць у іншае месца.

Эксперт «Грынпісу» нагадвае, што ёсць каля 450 гатункаў дзікіх пчол, пра якіх пчаляры не паклапоцяцца. Марцэль Андзіна Вэлез звяртае ўвагу, што, калі пацерпяць дзікія гатункі апыляльнікаў, то адныя меданосныя пчолы не справяцца з апыленнем раслін, што будзе пагражаць харчовым крызісам.

Праблема з інвазіяй сумніка пачалася больш за дзясятак гадоў назад. Нягледзячы на заклікі навукоўцаў гэтая расліна не ўнесеная ў спіс інвазійных гатункаў. Гэтым карыстаюцца пчаляры, якія сеяць сумнік, каб павялічыць прыбытак.

-Гэта прычыняецца да таго, што сумнік можна надалей засейваць, яго насенне вельмі проста купіць. У выніку інвазія расліны пашыраецца вельмі хутка. Навукоўцы заклікаюць урады, каб адпаведныя органы ўнеслі сумнік у спіс забароненых раслін, што азначае абмежаванні ў гандлі. Такі спіс рыхтуецца паасобнымі краінамі, але ёсць і агульны спіс для ўсіх краін ЕС. І мы даем прыклад Нарвегіі, якая не з’яўляецца членам ЕС, і ўжо ўвяла такую забарону. Там нельга гандляваць сумнікам і прадуктамі з сумніка. Там, на поўначы, гэты гатунак таксама спусташае тэрыторыю. Гэты гатунак знішчае радзімыя гатункі, хутчэй забірае ў іх сонца, доступ да зямлі і вады, гэтым самым вынішчаючы іх. Чалавек завёз сумнік, думаючы пра карысці для пчалярства, але шкоды прывёз таксама велізарныя.

Падводзячы вынік Марцэль Андзіна Вэлез гаворыць, што, безумоўна, неабходна ўнесці сумнік у спіс інвазійных гатункаў. З іншага боку, ніхто не мае ілюзій, што ўдасца цалкам пазбавіцца ад гэтай расліны. Усё ж кожны можа паўплываць на абмежаванне інвазіі гатунка. Варта ў месцах, дзе сумнік толькі пачаў паяўляцца, вырываць яго. Рабіць гэта трэба да моманту, пакуль расліне не адцвіце. Калі расліна адцвітае, вырываючы яе значна вырастае шанец на рассейванне насення сумніка.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце