Навукоўцы, якія арганізоўваюць акцыю „Narodowe kleszczobranie” атрымалі тры паведамленні аб выяўленні гэтага віду кляшча – з ваколіц Чэнстаховы, Познані і Баранкава. Праект Варшаўскага ўніверсітэту дапаможа вывучыць, як выглядае распаўсюджванне гэтага віду кляшча ў Польшчы.
Вікторыя Раманэк з Факультэта біялогіі Варшаўскага ўніверсітэту тлумачыць, чым кляшчы Hyalomma адрозьніваюцца ад звычайных:
-Кляшчы роду Hyalomma характарызуюцца перш за ўсё тым, што яны значна большыя за кляшчоў, якія звычайна сустракаюцца ў Польшчы. Акрамя таго, у іх вельмі доўгія паласатыя ногі і вочы, дзякуючы якім яны могуць актыўна знаходзіць сваіх патэнцыйных кармільшчыкаў.
Дарослыя самкі нават у чатыры разы большыя за звычайных кляшчоў у Польшчы.
Іх ахвярамі могуць стаць як людзі, так і жывёлы. Кляшчы з’яўляюцца небяспечнымі, паколькі пераносяць бактэрыі і вірусы, з якіх самым небяспечным з’яўляецца вірус гемарагічнай ліхаманкі. Кажа Аляксандра Сэндзікоўска з Варшаўскага медуніверсітэту:
-Заражэнне інфекцыяй адбываецца, калі ў нас уп’ецца такі заражаны клешч, які перадасць нам гэты вірус. Заразіцца можна таксама, калі мы раздушым такога заражанага кляшча на нашай скуры. Калі заражэнне наступіць, то сімптомы паяўляюцца праз некалькі дзён, максімальна на працягу двух тыдняў. Сімптомы – грыпападобныя. Гэта можа быць павышаная тэмпература цела, дрыжыкі, боль цягліц і суставаў, боль жывата ці рэагаванне на святло. На жаль, гэта захворванне, якое характарызуецца дастаткова высокай смяротнасцю.
На старонцы “Narodowe kleszczobranie” можна знайсці інфармацыю, што смяротнасць складае 10-60%, а лячэнне не існуе.
Хутчэй за ўсё кляшчы Hyalomma трапілі ў Польшчу праз пералётных птушак, якія ляцяць на зімоўку ў цёплыя краіны, мяркуе Вікторыя Раманэк:
-Кляшчы Hyalomma сілкуюцца кроўю птушак там, а потым вяртаюцца з імі ў Еўропу, у тым ліку ў Польшчу, дзе патэнцыйна могуць скончыць свой жыццёвы цыкл і распаўсюдзіцца на ўсё большыя і большыя тэрыторыі.
Гэты від кляшчоў ужо выяўлены ў Германіі, Чэхіі і Швецыі. Вядома, што іх папуляцыя расце ў аптымальных цёплых умовах надвор'я.
- А выпадкаў гемарагічнай ліхаманкі будзе ўсё больш. У такіх пацярпелых краінах штогод рэгіструецца прыкладна некалькі дзясяткаў выпадкаў. Захворванне ў апошнія гады расце, напрыклад, у Турэччыне і Цэнтральнай Азіі, – тлумачыць Аляксандра Сэндзікоўска.
Як абараніць сябе ад клячшоў Hyalomma? Прынцыпы такія ж, як і ў выпадку звычайнага кляшча, кажа Вікторыя Раманэк:
- Калі мы ідзем на шпацыр, з сабакам ці проста ў лес, самае галоўнае — правільна засцерагчы сябе. Перш за ўсё, адзець адпаведную вопратку, якая будзе закрываць як мага больш вашага цела.
Акцыя „Narodowe kleszczobranie” заахвочвае, каб у выпадку траплення на нетыповага кляшча выслаць яго на Факультэт біялогіі Варшаўскага ўніверсітэту для ідэнтыфікацыі, ці прынамсі выслаць яго здымак арганізатарам акцыі. Гэта дапаможа вывучыць, як выглядае распаўсюджванне гэтага віду кляшча ў Польшчы.
У Еўропе ўсё часцей апісваюцца выпадкі з'яўлення «экзатычных» кляшчоў, якія з пацяпленнем клімату знаходзяць спрыяльныя ўмовы для выжывання. Да такіх відах адносяцца кляшчы Hyalomma («Клешч-монстар»). Тысячы лічынак і німф Hyalomma кожны год дасягаюць Еўропы і Польшчы падчас вясновых міграцый птушак. Да гэтага часу кляшчы гінулі ад нізкай тэмпературы і высокай вільготнасці. Аднак цёплыя і сухія вёсны і лета спрыялі таму, што ў апошнія гады з'явіліся паведамленні аб укусах дарослых кляшчоў Hyalomma людзей і жывёл, напрыклад, у Германіі, Чэхіі, Славакіі і нават Швецыі. Там кляшчоў збіралі з коней, сабак, буйной рагатай жывёлы, а таксама знаходзілі ў дамах.
Адначасова трэба памятаць, што не ўсе кляшчы пераносяць патагенныя мікраарганізмы. Каб гэта вызначыць, неабходна правесці лабараторныя даследаванні на наяўнасць у кляшча спецыфічных узбуджальнікаў.
Jedynka/ав