Беларуская Служба

Польская вучэльня стварае ў Варшаве кавалачак сапраўднага лесу

29.08.2024 17:30
На тэрыторыі студэнцкага мястэчка варшаўскай Вышэйшай школы сельскай гаспадаркі (SGGW) рыхтуюцца да пасадкі мікралесу паводле метаду японскага біёлага Акіры Міявакі.
Аўдыё
  • Польскі навукоўцы спрабуюць пасадзіць мікралес у студэнцкім мястэчку
Ілюстрацыйны здымакY.Likhtarovich Praca własna

Гэта робіцца, каб узбагаціць біяразнастанасць у польскай сталіцы ды кампенсаваць забруджанне паветра.

Падчас рэалізацыі праекта будуць высаджаныя больш за сорак відаў розных раслін, у тым ліку ліпы, хвойныя пароды, кветкавыя расліны, але таксама дзікія яблыні і грушы. У грунт будзе прышчэплены мох і лішайнік. Мікралес, створаны на тэрыторыі SGGW павінен стаць аазісам біяразнастайнасці і прытулкам для птушак і насякомых-апыляльнікаў.

Асновай метаду Акіры Міявакі з'яўляецца правільная падрыхтоўка глебы, што прадугледжвае перакопку зямлі на глыбіню прыкладна 1 м і падсілкоўванне яе натуральнымі пажыўнымі рэчывамі. Расліны высаджваюць густа - да 7 штук на квадратны метр, каб канкурыравалі адна з адной за святло, што стымулюе іх хуткі рост.

Асноўная задача гэтай методыкі - максімальна хутка і эфектыўна азеляняць гарадскія тэрыторыі. Лес Міявакі расце ўдвая хутчэй у еўрапейскіх умовах, у 30 разоў гусцейшы і забяспечвае ў 18 разоў большую біяразнастайнасць, чым традыцыйны лес. Гэта шмат'ярусныя, вельмі густыя гарадскія лясы, устойлівыя да засухі і забруджвання.

Найчасцей за ўсё для пасадкі такога мікралесу выбіраюць тэрыторыі, спустошаныя дзейнасцю чалавека, каб як мага хутчэй вярнуць іх у прыроду.

Пра мікралес на тэрыторыі SGGW Польскае радыё паразмаўляла з прарэктарам універсітэта па міжнародным супрацоўніцтве, прафесарка Мартай Мэндэль.

- Ідэя пасадзіць мікралес нарадзілася падчас рэалізацыі нашага флагманскага міжнароднага праекту. Ідзецца пра ўдзел у Зялёным еўрапейскім універсітэце Uni Green. У рамках дадзенага праекта, у нас ёсць група, якая займаецца экалогіяй. Задачай гэтага паразумення, як вынікае з назвы, з’яўляецца кампенсацыя вугляроднага следу, прынамсі на ўзроўні ВНУ. Мы дамовіліся з партнёрамі, а гэта восем еўрапейскіх ВНУ, што мы хочам кампенсаваць уздзеянне на экалогію, якое застаецца пасля нашых узаемных паездак. Такая кампенсацыя можа быць зробленая рознымі метадамі. Адзін з іх – пасадка дрэваў. Нашы навукоўцы выпрацавалі спецыяльны калькулятар, які дазваляе палічыць колькасць і характар дрэў, што нам трэба пасадзіць, каб кампенсаваць наш уплыў на асяроддзе. Мы вырашылі зладзіць акцыю, якая паказала б, што малымі крокамі на тэрыторыі ВНУ ці ў гарадской забудове, можна ўплываць на біяразнастайнасць, на змены клімату. Так мы прыйшлі да ідэі пасадзіць «кішэнны лес» або мікралес Міявакі.

Што такое метад Акіры Міявакі? Чаму выбралі менавіта яго?

- Японія – гэта краіна абмежаванай тэрыторыі, таму яны думаюць пра мікрамаштаб. Апроч таго такі лес можна пасадзіць на так званым неспрыяльным грунце, то бок геалагічна складаным, экасістэмна таксама. Месца, якое мы вызначылі на кампусе – таксама ёсць вельмі неспрыяльным. Мы спадзяёмся, што наш мікралес зможа адрадзіць гэтае спустошанае месца, дзе доўгія гады валяўся бетон ды будаўнічае смецце. Мы пачалі падрыхтоўку тэрыторыі да пасадкі. Тэхналогія пачынае працаваць ужо на этапе падрыхтоўкі, бо трэба забяспечыць біялагічныя рэшткі, якія выкарыстоўваюцца (салома ці кампост). Мы гэта рыхтуем. Параўнанне з лесам звязанае з біразнастайнасцю і шчыльнасцю пасадкі, і багаццем гатункаў. Іх у некалькі разоў больш, чым у натуральнай экасістэме.

Якія гэта будуць гатункі раслін?

- У першую чаргу, гэта будуць нашы айчынныя гатункі. Ідэя мікралесу палягае на тым, каб выкарыстоўваць расліннасць даступную на месцы. Мы дадаткова маем уласныя рэсурсы, дзякуючы лясным і сялгаслабараторыям, мы зможам выкарыстаць іх базу насення. Канчатковае рашэнне прымуць разам навукоўцы, якія вядуць праект з боку ВНУ ў супрацы з фірмай «Forrest maker», якая выступае партнёрам у праекце.  

Вы выкарыстоўваеце японскую тэхналогію, ці японцы будуць браць удзел у праекце?

-  Мы хацелі б запрасіць на акцыю насаджэння, якая запланаваная на пачатак кастрычніка, прадстаўнікоў Амбасады ды нашых студэнтаў з Японіі. Але нагадваю, што гэта ініцыятыва, якую мы рэалізуем разам з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, а таксама будуць украінцы. Гэтая акцыя мае яшчэ на мэце аказаць падтрымку для двух украінскіх ВНУ ў рамках праекту Нацыянальнага агенцтва навуковага абмену.

Ці Вы плануеце прыцягваць жыхароў Варшавы да ўдзелу ў пасадцы дрэў, ці пазней лес будзе даступны для наведвання Варшавянам?

- Наш кампус адкрыты ўвесь год для жыхароў мікрараёна «Урсынаў», Варшавы ды гасцей сталіцы. Мікралес будзе таксама даступны. У акцыі саджання мы не планавалі запрашаць жыхароў, але нам цікава з навуковага пункту гледжання, каб такіх мікралясоў было больш (3-4 на кампусе ў розных месцах), каб мы маглі параўноваць іх уплыў на тэмп навакольных змен. Магчыма ў будучыні мы запросім навакольныя школы далучыцца да акцыі саджання. Дарэчы, мы гэта робім пры рэалізацыі іншых праектаў. Прыцягваць мясцовых жыхароў - гэта важны аспект развіцця нашага ВНУ.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка