Беларуская Служба

Беларускія вучні могуць бясплатна атрымліваць адукацыю ў прыватнай польскай школе

03.09.2024 16:45
Гэта магчыма на хатнім навучанні. Сёлета для беларусаў створаныя падрыхтоўчыя класы.
Аўдыё
  • Адаптацыя беларускіх вучняў у польскай школе.
Школа Foto: Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Слухайце далучаны гукавы файл!

На базе адной з прыватных польскіх школ – Акадэміі Добрай Адукацыі – сёлета створаныя беларускія падрыхтоўчыя класы. Ініцыятыва прадугледжвае адукацыйную падтрымку для вучняў з Беларусі. Навучанне адбываецца ў дыстанцыйным і стацыянарным рэжыме пры ўдзеле як польскіх, так і беларускіх спецыялістаў. Прычым, хатняя адукацыя, якую ладзіць гэтая навучальная ўстанова, для беларусаў бясплатная.

Гаворыць Ягор Сурскі, кіраўнік Кансультацыйнага пункту пры Акадэміі Добрай Адукацыі:

- Падтрымка беларускіх дзяцей на базе гэтай школы існуе ў рознай форме: гэта і хатняя адукацыя з атэстацыяй па польскай праграме, і суботнія развіваючыя заняткі. Гэты навучальны год з'яўляецца этапным, таму што з верасня пачынаюць працаваць беларускія падрыхтоўчыя ліцэйскія класы. Падрыхтоўчыя класы выкарыстоўваліся ў выпадку дзяцей з Украіны, якія прыехалі ў Польшчу ў сувязі з вайной. Дарэчы, часам у іх ішлі і беларускія дзеці, якія не заўсёды гатовыя адразу ісці ў польскую школу. Этап адаптацыі для старэйшых дзяцей вельмі неабходны. Мы гарантуем залічэнне праграмы навучання ў ліцэі на ўсіх этапах, улічваючы і матуру (matura – іспыты на атэстат сталасці – рэд.). У нас беларускія дзеці ўжо здавалі матуру. На хатнім навучанні ў падрыхтоўчых класах з беларускімі школьнікамі будуць працаваць як польскія, так і беларускія спецыялісты.

Спадар Аляксандр, настаўнік матэматыкі, дапамагае беларускім дзеткам перайсці на польскую матэматыку з беларускай сістэмы.

- Ёсць дзеці, якія добра разумеюць матэматыку, але яны адразу ідуць у польскую школу. У мяне на хатнім навучанні застаюцца дзеці, якія маюць цяжкасці са зразуменнем матэматыкі. Ёсць шмат дзяцей, якія кажуць, што яны ўжо з сёмай класы закінулі школу і плюнулі на матэматыку. Паміж польскай і беларускай праграмай па матэматыцы ёсць істотныя розніцы. Скажам, у ліцэі (гэта 4 класы) тэмы паўтараюцца. У першым класе тэма праходзіцца не так глыбока, а пазней, у трэцім класе, яе праходзяць глыбей.

Сын спадарыні Алены, Герман, пачынае вучыцца ў першым класе ліцэя. Спачатку ён быў у гэтай школе на хатнім навучанні, цяпер спрабуе вучыцца афлайн.

- Мы шчаслівыя, што знайшлі такую магчымасць, каб нашыя дзеці атрымлівалі і польскую адукацыю, і не забывалі беларускай мовы. Шмат бацькоў вагаецца, не ведаюць, дзе яны будуць жыць. Сёння – тут, заўтра – нейкая іншая краіна. Найлепшы варыянт на пачатак – хатняе навучанне. Гэта бясплатна для беларускіх дзяцей. А ў суботу ёсць заняткі, на якіх дзеткі яшчэ вучацца па-беларуску. Трэба, каб больш беларусаў ведалі, што ёсць такая магчымасць.

На сайце Акадэміі Добрай Адукацыі нагадваюць, што ў Польшчы існуе абавязак працягваць навучанне ў школе да паўналецця, пра што многія беларусы не ведаюць.

нг