У чацвер днём у цэнтры Варшавы Дыяна стала ахвярай агрэсіўна настроенага мужчыны на ровары, які спачатку абражаў яе, а потым ударыў кулаком па твары. Пасля ўмяшання паліцыянты адпусцілі зламысніка, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Дыяна паходзіць з Беларусі, у Польшчы жыве 15 гадоў. Яна з'яўляецца брэнд менеджарам моды, выкладае ў варшаўскім ВНУ Colegium Civitas.
Інцыдэнт адбыўся ў самым цэнтры польскай сталіцы ў раёне вуліц Вспульна і Познаньска, дзе Дыяна гуляла са сваім сабакам. Зламыснік ударыў жанчыну кулаком па твары, з-за чаго пайшла кроў з носа. На шчасце, умяшанне відавочцаў з бліжэйшых рэстаранаў прадухіліла далейшыя напады, і мужчыну ўдалося супакоіць.
— Калі ён падышоў да мяне, я падумала, што ён будзе мяне абражаць. А ён мяне проста ўдарыў, расказала Дыяна карэспандэнту Gazeta Wyborcza. — У мяне адразу закружылася галава, з носа пайшла кроў. Пры сабе ён меў нож і размахваў ім у бок афіцэраў паліцыі, якія якраз аказаліся побач.
Зламыснік працягваў крычаць вульгарныя словы ў адрас Дыяны, таксама абражаў паліцыянтаў.
Паліцыя адпусціла нападальніка, афіцэры сказалі, што не ведаюць украінскай мовы, на якой гаварыў мужчына. Таксама тлумачылі, што маглі б толькі пакараць зламысніка штрафам за тое, што не ехаў па роварнай сцежцы, - расказала пацярпелая ў інтэрв'ю Gazeta Wyborcza.
Дыяне, усхваляванай такім стаўленнем, паведамілі, што паводле польскага заканадаўства, мужчына не можа быць затрыманы, бо ён цвярозы.
На наступны дзень пацярпелая патрапіла ў бальніцу з падазрэннем на пералом носа і страсенне мозгу. Нягледзячы на першапачатковае нежаданне з боку паліцыі, яна кажа, што ў рэшце рэшт ёй удалося даць паказанні ў пастарунку.
— Паліцыя ў гэтай справе нічога не зрабіла. Я павінна была даць ім усё: імёны і нумары сведак - дадала жанчына.
Прэс-сакратар паліцыі ў цэнтры горада Якуб Пацыняк запэўніў у інтэрв'ю выданню Gazeta Wyborcza, што дзеянні супрацоўнікаў былі карэктнымі і што расследаванне працягваецца.
яс