Беларуская Служба

Былы дырэктар белліцэя захварэў, калі аб гэтым пачуў

16.09.2024 16:22
На мінулых выходных прайшоў з’езд выпускнікоў Агульнаадукацыйнага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляшскім. Колішнія вучні ўспаміналі свае маладыя гады ў гэтай школе і... абураліся. Чаму?
Аўдыё
  • IX З'езд выпускнікоў белліцэя ў Бельску Падляшскім
IX      .
IX З'езд выпускнікоў белліцэя ў Бельску Падляшскім. Шматгадовы былы дырэктар ліцэя Аляксей Карпюк Polskie Radio/Зміцер Косцін

На мінулых выходных прайшоў з’езд выпускнікоў Агульнаадукацыйнага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляшскім. З гэтай нагоды была падрыхтавана адмысловая выстава і спектакль, колішнія вучні ўспаміналі свае маладыя гады ў гэтай школе і... абураліся. Чаму?

Слухайце далучаны файл!

Беларускі ліцэй, які ўзнік у 1944 годзе быў першай сярэдняй школай у Польшчы, у якой усе прадметы выкладалі па-беларуску. З першай паловы 50-х гадоў мінулага стагоддзя, навучанне было пераведзенае на польскую мову, аднак беларуская мова як прадмет была абавязковай для ўсіх вучняў, вучоба ў ліцэі заканчвалася таксама іспытамі - экзаменам на атэстат сталасці - па беларускай мове і літаратуры.


Два гады таму па намове некалькіх бацькоў большасць вучняў чацвёртага класа выпісалася з урокаў беларускай мовы, спасылаючыся на распараджэнне Міністэрства адукацыі 2017 года. Менавіта гэта выклікала канфлікт паміж беларускім асяроддзем і чыноўнікамі па адукацыі, якія пачалі ціснуць на беларускія ліцэі ў Бельску ды Гайнаўцы, з патрабаваннем унесці змены ў статут і прыбраць абавязак навучання беларускай мове ўсімі вучнямі.

На думку прадстаўнікоў беларускай грамадскасці і бацькоўскага камітэту ды дзеячаў мясцовых уладаў такія змены фактычна ліквідуюць характар гэтых навучальных установаў як школы беларускай меншасці ў Польшчы. Каментарыі гэтай сітуацыі не маглі не гучаць у выказваннях выпускнікоў бельскага белліцэя, якія прыехалі на з’езд.

Цяпер у бельскім ліцэі з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча беларускую мову вывучае менш за палову вучняў, а экзамен на атэстат сталасці па беларускай мове сёлета здавалі толькі трое вучняў.

Зміцер Косцін

Здымкі аўтара

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы