Беларуская Служба

Навукоўцы Польскай акадэміі навук стварылі спіс рэк з найбольшым паводкавым патэнцыялам

19.09.2024 20:21
Ужо шмат дзён на поўдні і захадзе Польшчы насельніцтва, службы і ўлады змагаюцца з трагічнымі наступствамі паводкі.
Аўдыё
  • Навукоўцы Польскай акадэміі навук стварылі спіс рэк з найбольшым паводкавым патэнцыялам
Lewin Brzeski,  województwo opolskie.     -      .
Lewin Brzeski, województwo opolskie. У выніку разліву ракі Ныса-Клодзкая горад быў амаль цалкам заліты вадой.PAP/Michał Meissner

У некаторых месцах зафіксаваны ўзровень перавышаў максімум вялікай паводкі 1997 года.

Цяпер навукоўцы ў рамках Камітэта па воднай гаспадарцы Польскай акадэміі навук склалі спіс самых небяспечных месцаў на 22 рэках у Польшчы. Даследчыкі працавалі на аснове дадзеных Інстытута метэаралогіі і воднай гаспадаркі, пачынаючы з 1950 года.

Якая рака ў Польшчы звязаная з найбольшай рызыкай паводкі?

На першым месцы — рака Стрвяж (Strwiąż) у горадзе Устшыкі Дольнэ ў гарах  Бяшчады. Стрвяж ўпадае ў Днестр ва Украіне.

У спісе таксама: Kamienica (Łabowa), Witka (Ostróżno), Wisła (Skoczów), Nysa Kłodzka (Kłodzko), Sękówka (Gorlice), Biała Lądecka (Lądek Zdrój), Brennica (Górki Wielkie), Skawa (Wadowice), Dunajec (Czchów), Skawa (Sucha Beskidzka), Solinka (Terka), Kamienna (Jakuszyce), Raba (Proszówki), Wielki Rogoźnik (Ludźmierz), Dunajec (Żabno), Dunajec (Nowy Targ-Kowaniec), Wapienica (Podkępie).

Прафесар Артур Магнушэўскі, член Камітэта воднай гаспадаркі Польскай акадэміі навук, адзначыў у інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву PAP, што даследчыкі не маюць інструмента, які змог бы дакладна вызначыць, дзе ў бліжэйшы час можа адбыцца паводка.

— Мы можам выкарыстоўваць толькі разлікі верагоднасці і не можам сказаць, на якой з гэтых рэк паводкі будуць адбывацца ў наступным дзесяцігоддзі, — растлумачыў прафесар.

Ён таксама нагадаў, што паводку, якая абрынулася на Польшчу ў 1997 годзе, называлі паводкай тысячагоддзя і лічылі з'явай, якая не павінна паўтарыцца ў бліжэйшы час. Аднак, не прайшло і трыццаці гадоў, як падчас цяперашняй паводкі былі пабіты тагачасныя рэкордныя перавышэнні ўзроўню вады.

На што звярталі ўвагу даследчыкі, складаючы гэты спіс?

 — Больш за ўсё нас цікавілі максімумы патоку, гэта значыць самая высокая вада, якую назіралі на вымяральных апаратах водамерных станцый, — сказаў у інтэрв'ю PAP праф. Магнушэўскі.

Раней такога спісу не было

Каб разлічыць індэкс патэнцыялу паводкі, даследчыкі бралі да ўвагі два параметры: плошча вадазбору ракі і максімальны ўзровень патоку вады (WWQ). Сабраныя дадзеныя сведчаць аб тым, што індэкс патэнцыялу паводкі самы высокі для рэк з малым вадазборам.

Паводле даследчыкаў самым важным паказчыкам з'яўляецца расход вады ў кубаметрах за секунду.

Змена клімату і паводкі ў Польшчы

Паводкі і пагроза паводак, якія мы цяпер назіраем у Польшчы, непарыўна звязаныя са зменай клімату, мяркуе прафесар Магнушэўскі.

— У нашым клімаце патрэбная меліярацыя, таму што ў агульным гідралагічным балансе ў нас у зімовы перыяд назіраецца лішак вады. У зімовае паўгоддзе выпарэнне вады меншае, ападкі большыя чым выпарэнне. Адвадненне вясною мае сэнс з улікам палявых работ. Праблема ў тым, што сучасная меліярацыйная сістэма павінна спрацоўваць і ў другі бок. Гэта значыць сістэма павінна мець здольнасць назапашваць водныя рэсурсы і працяглы час захоўваць іх у навакольным асяроддзі. Летам назіраецца адмоўны водны баланс, бо выпарэнне большае чым ападкі. Меліярацыйныя сістэмы будаваліся ў 50-60-я гады мінулага стагоддзя, тады не было ўяўлення, што патрэбна не толькі асушаць а таксама назапашваць ваду. Разам са зменамі клімату дэфіцыт вады будзе ўсё большы. Сёння размова ідзе пра гэтак званы малы збор вады, мы імкнёмся да таго, каб меліярацыйная сістэма назапашвала як мага больш вады ў грунтавых водах.

Натуралізацыя рэк і супрацьпаводкавыя вадаёмы

Новыя дадзеныя, прадстаўленыя навукоўцамі, таксама даюць магчымасць распрацоўваць планы аднаўлення рэк — паўсюль, дзе гэта магчыма. Прафесар Магнушэўскі адзначыў, што натуралізацыя магчымая, але гэта вельмі дорага каштуе.

— Лёгка можна сапсаваць раку праз няправільную перабудову натуральнага рэчышча, а павярнуць працэс вельмі складана. Можна спрабаваць зрабіць натуралізацыю ракі, аднак, напэўна, толькі ўчасткамі. Калі мы паглядзім на Віслу, то ўбачым мяжу эпохі падзелаў Польшчы паміж захопнікамі — Прусіяй і Расіяй. Маракі кажуць, што ёсць пруская і руская Вісла. Якая паміж імі розніца? Рэчышча прускай Віслы звужанае да 400 метраў шырыні, паглыбленае, прамое. А руская Вісла — проста цячэ, рэчышча 800-900 метраў шырыні.

Нерэгуляваныя рэкі з натуральнымі рэчышчамі і захаванымі поймамі не нясуць вялікай пагрозы людзям, адзначаюць навукоўцы.

Прафесар Магнушеўскі дадаў, што горад Клодзка і рака Ныса-Клодзка — месцы сёлетняй паводкі — у складзеным навукоўцамі Польскай акадэміі навук рэйтынгу рэк з вялікім паводкавым патэнцыялам знаходзіцца вельмі высока ў спісе, гэта сведчыць аб тым, што там неадкладна трэба будаваць супрацьпаводкавыя вадаёмы.

яс/ПР1

 

 

 

 

 

 

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка