Беларуская Служба

Белавежская пушча зноў падзеленая

23.09.2024 16:01
 Нядаўна здавалася, што пасля доўгіх гадоў падзелаў, пушча зажыве зноў як адзіны арганізм. 
Аўдыё
  • Навуковец пра сітуацыю ў Белавежскай пушчы
Ілюстрацыйны здымакMichał Zieliński/PAP

На прыкладзе Белавежскай пушчы нібы на стрыме, можна назіраць за тым, што адбываецца, калі вялікая геапалітыка ўрываецца ў функцыянаванне прыроды. Нядаўна здавалася, што пасля доўгіх гадоў падзелаў, пушча зажыве зноў як адзіны арганізм. Цяпер жа лес падзелены на дзве часткі, наступствы гэтага падзелу прырода будзе адчуваць яшчэ вельмі доўга.

Белавежская пушча вядомая тым, што гэта адзіны з найстарэйшых запаведных лясных масіваў Еўропы, які знаходзіцца на мяжы Беларусі ды Польшчы. Для абедзвюх дзяржавах – гэта ўнікальны прыродны аб’ект, адзіны ўнесены ў спіс сусветнай спадчыны UNESCO, як і дом для зубра - сімвала нацыянальнай прыроды. Зусім нядаўна пушча магла стаць адзіным прыродным масівам па-над межамі, але лес зноў падзелены і наступствы гэтага будуць адчувацца, яшчэ вельмі доўга, кажа навуковец- арнітолаг, былы супрацоўнік Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» і колішні кіраўнік «"Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фенчук.

- У апошнія дзесяцігоддзі асабліва шмат высілкаў было скіравана на тое, каб белавежская пушча разглядалася, кіравалася ды функцыянавала як адзіны лясны масіў. Шмат працы было зроблена пад эгідай ЮНЕСКА, каб выпрацаваць адзіны трансгранічны план кіравання. Шмат рабілася па аднаўленні гідралагічнага рэжыму, каб была супольная праца па аднаўленні водных рэсурсаў Белавежскай пушчы. Шмат працы было зроблена, каб людзі ды турысты маглі наведваць абедзве часткі.

Навуковец зазначае, што прынятыя меры па вырашэнні міграцыйнага крызісу, то бок пабудова новай агароджы на польска-беларускай мяжы будуць мець сур’ёзныя наступствы для экасістэмы Белавежскай пушчы.

- Новая сцяна – капітальная пабудова, якая ўвесь час разбудоўваецца. Для экасістэм Белавежскай пушчы – гэта сур’ёзны выклік. Асабліва для такіх відаў як рысь і воўк, якія маюць вялікі арэал, якія актыўна мігравалі. Мы ведалі, што нашыя ваўкі актыўна пераходзілі на польскі бок і праз Белавежскую пушчу мігравалі далей у кірунку Нямеччыны. Генетычныя даследаванні паказалі, што міграцыя беларускіх ваўкоў  вельмі важная для папаўнення еўрапейскай ваўчынай папуляцыі, якая толькі адбудоўваецца. Ну і рысь, польскія рысі яшчэ болей залежныя ад падсілкавання з Усходу. Мы заўсёды казалі, што беларускі плот – гэта праблема. Я ніколі не думаў, што паўстане яшчэ большы мур. У ім ёсць каліткі для пераходу жывёл, але яны зачыненыя з-за мігрантаў. Апроч таго, гэта вельмі добры калідор для інвазійных відаў, ад якіх пасля будзе вельмі цяжка пазбавіцца.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч.

Слухайце размову ў аўдыёфайле

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце