Беларуская Служба

Змена клімату. «Калі ўсё страчана, то найбольш рацыянальных рухам з’яўляецца: гуляем на Цітаніку, а не ратуем»

04.10.2024 07:03
У сераду і чацвер прайшоў трэці выпуск найбуйнейшай кліматычнай канферэнцыі ў нашай частцы Еўропы, які папярэднічаў кліматычнаму саміту ААН - COP 29. Адна з дэбат была прысвечана кліматычнай адукацыі.
Аўдыё
  • Змена клімату. «Калі ўсё страчана, то найбольш рацыянальных рухам з’яўляецца гуляем на Цітаніку, а не ратуем»
.
.PAP/Jarek Praszkiewicz

Як вучыць пра клімат не толькі ў школе, не толькі моладзь. Якія сістэмныя інструменты патрэбныя, каб лепш вучыць пра клімат? Школа і адміністрацыя, бацькі і сябры ці сродкі масавай інфармацыі (уключаючы сацыяльныя сеткі) – хто мае найбольшы ўплыў? На гэтую тэму разважалі падчас адной з дыскусій на кліматычным саміце PRECOP.

Юлія Гжыбоўска з United Nations Global Compact Network Poland, якая каардынуе працу ў галіне кліматычнай адукацыі, выказала меркаванне, што мэтай кліматычнай адукацыі павінна быць будаванне сувязі з прыродай, разуменне залежнасці ад яе, а таксама атрыманне ведаў аб зменах клімату:

- Без гэтага мы будзем мець сталую дыскусію аб тым, ці ёсць сэнс такой адукацыі. Мы павінны прыняць як факт, што кліматычны крызіс ёсць, і перайсці да дзейнасці. Мы перакананыя, што кліматычная адукацыя – гэта не толькі ўрокі ў школе. Мы звяртаем увагу, што трэба паглядзець на тое, як вучні дабіраюцца да школы, як выглядае атачэнне школы, звярнуць увагу на паводзіны лакальнай супольнасці. Каб з школьных гадоў і па дарослае жыццё паказываць, што клімат з’яўляецца важным, што мы павінны пра яго паклапаціцца.

Томаш Рожэк з фонду “Навука. Я гэта люблю” перакананы, што адукацыя аб клімаце павінна быць эфектыўнай, то бок павінна пераўтварацца не ў інфармацыю, а ў веды і разуменне, а гэта цалкам розныя рэчы:

- Школа створаная так, каб перадаваць інфармацыю, а нам трэба большага. І тут, на жаль, школа не спраўляецца. Калі ўзяць тэму навакольнага асяроддзя, ці больш вузка змен клімату, то паяўляецца пытанне, а дзе гэта змясціць у школе? У фізіцы, хіміі, біялогіі, геаграфіі? Тэм, якія немагчыма змясціць у школьныя фушляды, ёсць шмат. Большасць вучняў ведае, з чаго складаецца атмасфера, пра актыўнасць сонца і гэтак далей. Пасля яны заканчваюць школу і не разумеюць працэса. Але тэма і так больш складаная, паколькі на разуменне і жаданне дзейнічаць уплывае падыход да праблемы і па-за школай. Прыклад: калі мы малюем катастрафічныя вобразы, што ўсё страчана, то не трэба спадзявацца, што маладое пакаленне пачне дзейнічаць. Калі ўсё страчана, то найбольш рацыянальных рухам з’яўляецца: гуляем на Цітаніку, а не ратуем.

Томаш Рожэк нагадаў, што, паводле даследаванняў, экалагічная свядомасць падлеткаў становіцца ўсё меншай, а сярод дарослых – большай.

Яанна Муха з Міністэрства адукацыі прызнала, што на сённяшні дзень у польскіх школах толькі ў класах з паглыбленай геаграфіяй вучні больш дакладна вывучаюць працэсы змен клімату. Віцэ-міністар адукацыі не ўяўляе сабе ўвядзенне прадмету аб экалогіі. Паводле яе, гэта павінен быць цэласны падыход:

- Я б хацела запаланаваць тэму экалогіі так, каб актывізаваць найбольш зацікаўленых людзей. Каб актывісты, аматары прыйшлі са сваімі ведамі ў школу. Канешне, мы павінны кантраляваць змест ведаў, якія будуць прынесеныя ў школу. Мы не можам дазволіць, каб вучні атрымалі катастрафічны падыход. Перад намі велізарная праца. Мы ў нашым міністэрстве толькі пачынаем будаваць такія кампетэнцыі.

Актывісты фонду «Сябры моладзевага кліматычнага ўдару» падчас адкрыцця кліматычнай канферэнцыі PRECOP 29 Актывісты фонду «Сябры моладзевага кліматычнага ўдару» падчас адкрыцця кліматычнай канферэнцыі PRECOP 29

Дырэктар Дэпартаменту інфраструктуры і навакольнага асяроддзя Верхнесілезскай агламерацыі Бланка Раманоўская, гаворачы пра кліматычную адукацыю, пачала ад прапановы адказаць на пытанні аб установах адукацыі, з якімі ўдзельнікі канферэнцыі маюць дачыненне: ці там ёсць стойкі на ровары, ці там інфармуюць пра якасць паветра, ці там ёсць куток з зёлкамі і раслінамі і гэтак далей.

- Я гэтым практыкаваннем хацела паказаць, што адукацыя аб экалогіі павінна быць цэласнай. Пра гэта трэба не толькі гаварыць на ўроках, але і ў практыцы паказваць, як можна ўводзіць такія змены. Бо на маю думку, многія захады, якія ладзяць мясцовыя самакіраванні, гэта прапановы для актыўных. А што з астатнімі? Вынікам з’яўляецца тое, што частка пляцовак мае ўсё, а частка – нічога, паколькі іх кіраўніцтва лічыць гэтыя пытанні няважнымі. Таксама я думаю, што экалагічная адукацыя павінна мець моцную фінансавую падтрымку. Трэба прымаць праграмы, у якіх адукацыйныя пляцоўкі будуць мець абавязак удзелу.

Мэр Лодзі Ганна Зданоўская адзначыла ролю мясцовага самакіравання ў кліматычнай адукацыі. І хоць мясцовае самакіраванне не мае ўплыву на школьную праграму, то можа рабіць шмат іншых праектаў і задач:

- Могуць рэалізоўваць разнастайныя праекты, звязаныя не толькі са школьнай праграмай. У нас у Лодзі існуе вельмі інавацыйны праект “Лодзінскія школы для клімату”. Мэта праекту – змена свядомасці цэлага школьнага асяроддзя, у тым ліку бацькоў, будаванне павагі да рэсурсаў, якія ў нас ёсць. Праграма ставіць моладзі розныя выклікі. Напрыклад, як пераканаць сябе і сям’ю ашчаджаць ваду, электраэнергію, карыстацца грамадскім транспартам. Мы не спадзяваліся, што моладзь сама будзе далучацца, бо мы ведаем, што цяжка моладзь да нечага прымусіць, але заахвоціць да здаровага спаборніцтва ўжо так. 

Двухдзённая канферэнцыя PRECOP з’яўляецца цыклічнай падзеяй, якая рыхтуе ўдзельнікаў да кліматычнай канферэнцыі COP. Сёлета яна пройдзе ў Азербайджане, у лістападзе. COP 29 – гэта найбуйнейшы кліматычны саміт, мэта - якога выпрацаваць агульную палітыку для супрацьдзеяння кліматычным зменам.

ав

слухайце аўдыё

 

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце