Беларуская Служба

Стыпендыятка варшаўскай праграмы стыпендый для маладых людзей: «Гэта не толькі дадатковыя фінансавыя сродкі»

15.10.2024 16:20
У праграме могуць удзельнічаць школьнікі і студэнты, якія вучацца ў Варшаве. Таксама іншаземцы.
Аўдыё
  • Дана Кушэль - стыпендыятка праграмы стыпендыі горада Варшавы.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock.com/Billion Photos

У гэтыя дні ў Польшчы ўспамінаюць духоўную спадчыну папы рымскага Яна Паўла ІІ (16 кастрычніка адзначаецца Дзень папы рымскага Яна Паўла ІІ). Вялікі паляк яшчэ пры жыцці выказаў просьбу, каб не ставіць яму фізічных помнікаў, а захаваць памяць пра яго жыццё, працу і вучэнне ў іншым выглядзе, напрыклад, устанаўліваючы стыпендыі для маладых, здольных людзей, каб яны маглі вучыцца і развівацца.

Такая праграма стыпендый для вучняў і студэнтаў працуе ў Варшаве. Фінансавую падтрымку могуць атрымаць маладыя людзі з небагатых сем’яў, якія дасягаюць добрых вынікаў у вучобе і маюць розныя таленты. Сярод шматлікіх заявак кандыдатаў на стыпендыю Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ выбірае асоб, якія, дзякуючы фінансавай дапамозе, могуць дасягнуць больш. Але стыпендыя – гэта не адзіная карысць ад праграмы, - гаворыць яе былая ўдзельніца Данута Кушэль з беларускага Гродна, якая пераехала ў Польшчу, калі вучылася яшчэ ў сярэдняй школе.     

- Я падала заяву на гэтую стыпендыю, калі вучылася ў ліцэі, але атрымала яе, будучы ўжо студэнткай. Стыпендыя – гэта не толькі дадатковыя фінансавыя сродкі, Цэнтр думкі прапануе стыпендыятам розныя сустрэчы, майстар-класы, удзел у добраахвотніцкіх праграмах. Каб атрымаць стыпендыю, трэба добра вучыцца, але гэтага мала. Неабходна мець хобі, і вельмі інтэнсіўнай ім займацца. Сярод патрабаванняў ёсць таксама ліміт даходу на аднаго члена сям’і, але самае важнае – каб чалавек быў актыўны.

Вы сказалі, што асобы, якія атрымалі стыпендыю, могуць удзельнічаць таксама ў розных сустрэчах і майстар-класах. А маглі б распавесці больш падрабязна, якія гэта майстар-класы, чаго яны датычаць.

- Калі цэнтр ладзіць нейкае мерапрыемства, мы заўсёды атрымліваем інфармацыю з прапановай удзельнічаць у ім. Яны пытаюць, што нас цікавіць, стараюцца развіваць удзельнікаў у розных галінах. Таксама можна рэалізаваць уласны праект. Год таму я ўдзельнічала ў такой праграме, калі можна было падрыхтаваць уласны праект. І мы з групай дзеўчын зладзілі майстар-класы польскіх танцаў. Справа ў тым, што я – член Ансамбля песні і танца Варшаўскай палітэхнікі. Польскі танец – гэта мая вялікая любоў. Мы падумалі, што маладыя людзі мала ведаюць пра гэтую традыцыю. І варта паказаць ім, што гэта вельмі цікава.    

Вы закончылі Варшаўскі політэхнчны ўніверсітэт, працуеце ў кампаніі, якая займаецца ўзнаўляльнай энергіяй. Пры гэтым ваша вялікая любоў – гэта танец. Дзве галіны, вельмі далёкія адна ад другой. А чаму вы не падумалі, каб звязаць сваё прафесійнае жыццё з танцам або з харэаграфіяй?

- На жаль, артысты не зарабляюць шмат, гэта прафесія, якая не дае добрых перспектыў. Нават калі людзі прысвячаюць гэтаму ўсю сваю энергію і шмат часу, як правіла ім прыходзіцца шукаць іншыя магчымасці падзарабіць. Так выглядае наш сучасны свет – культура не ў цане. Але мяне вельмі ўсцешыла, што ў Варшаўскім політэхнічным універсітэце ёсць Ансамбль песні і танца, дарэчы, адзін з найстарэйшых у Польшчы – яму ўжо звыш 70 гадоў. І калі я пачала вучыцца, пайшла таксама танцаваць, хаця раней танцавала ўжо ў іншых калектывах. Так што танец быў у маім жыцці з дзяцінства. Мама мяне завяла на народныя танцы, мне адразу не спадабалася, але пазней так уцягнулася, што танец стаў маім захапленнем і дагэтуль я танцую.

Вы выбралі Політэхнічны ўніверсітэт месцам сваёй вучобы. У Польшчы ўжо шмат гадоў заклікаюць маладых жанчын паступаць на сціслыя факультэты, у політэхнічныя інстытуты, нават існуе праграма пад назовам “Dziewczyny na politechniki!”. Ці з перспектывы вашай адукацыі можна сказаць, што варта ісці вучыцца ў Політэхнічны ўніверсітэт?

- Так, на маю думку, варта. Праўда, мой факультэт быў менш сціслы, больш ён датычыў тэматыкі ўпраўлення, і таму дзеўчын было каля паловы. Але на цалкам сціслых факультэтах дзеўчын было сапраўды мала, хаця гэта мяняецца, і ўсё больш жанчыны ідзе ў навуку, у сціслыя галіны. І гэта добра, бо многія жанчыны мяркуюць, што сціслыя напрамкі, скажам, матэматыка – толькі для мужчын, але гэта няпраўда, я з такім меркаваннем зусім не згодная. І бачу, што ўсё больш маіх знаёмых вывучае, напрыклад, фізіку, і яны дасягаюць добрых вынікаў, або інфарматыку, якая цяпер вельмі папулярная.

Дзякуем за гутарку. Нашым госцем была ўраджэнка Гродна Дана Кушэль, былая стыпендыятка праграмы стыпендый горада Варшавы імя Яна Паўла ІІ.

Нагадаем, гэта праграма падтрымкі здольнай моладзі з небагатых сем’яў, у якой могуць удзельнічаць таксама замежнікі, калі яны вучацца ў польскай сталіцы. Інфармацыю пра ўмовы атрымання стыпендыі можна знайсці на сайце Цэнтра думкі Яна Паўла ІІ.

Размаўляла Наталля Грышкевіч