Беларуская Служба

Living Planet Report 2024. Ратаванне прыроды павінна пачацца імгненна

18.10.2024 15:32
Даследаванне паказала, што сярэдняя лічэбнасць гатункаў знізілася ў сярэднім на 73%.
Аўдыё
  • Living Planet Report 2024. Ратаванне прыроды павінна пачацца імгненна
.
..

Даследаванні экалагічнай арганізацыі WWF, апісаныя ў рапарце Living Planet Report 2024, паказваюць, што ратаванне прыроды павінна пачацца імгненна, каб пазбегнуць незваротных, трагічных для жыцця змен, і каб больш эфектыўна абараняцца ад раптоўных з’яў, як паводка ці засуха.

Даследаванне паказала, што сярэдняя лічэбнасць гатункаў знізілася ў сярэднім на 73%. Гэта катастрофа, гаворыць кансультант праўлення па справах біялагічнай разнастайнасці фонду WWF Польшча Дарыюш Гаткоўскі:

- Катастрофа, якая адбывалася на працягу 50 гадоў, з 1970 па 1920 год. Гэта дадзеныя пра дзікую жывёлу – рыбу, гадаў, млекакормячых. Дадзеныя пра жывёлу, але гэта папераджальны сігнал для людзей. Ён паказвае, у якім навакольным асяроддзі мы жывём. Тое, што адбываецца ў прыродзе, уплывае на чалавека. Дадзеныя Сусветнага эканамічнага форуму сведчаць аб тым, што ВУП у значнай ці ўмеранай ступені залежаць ад экасістэмных паслуг, а яны залежаць ад біялагічнай разнастайнасці. У яе ўваходзяць лічэбнасць гатункаў, багацце генаў і экасістэм.

Living Planet Report паказвае, што дзейнічаць трэба імгненна. Эксперт WWF Польшча кажа, што пачынаецца рапарт як у фільмах Хічкока, паколькі паказвае, што сітуацыя кепская, а можа быць значна горшай.

Living Planet Report даказвае, што людзі набліжаюцца да небяспечных пераломных кропак, г.зн. да парогаў устойлівасці асобных экасістэм (празмерная эксплуатацыя, дэградацыя асяроддзя пражывання, забруджванне, змяненне клімату, інвазійныя віды і хваробы). Да такіх крытычных кропак адносяцца, напрыклад, гібель трапічных лясоў Амазонкі або масавая гібель каралавых рыфаў. Перасячэнне любой з пераломных кропак можа выклікаць катастрафічны, самаўзмацняльны і незваротны эфект даміно.

- Калі амазонскія лясы будуць вырубленыя, а па прагнозах так станецца з 20-25 працэнтамі гэтых лясоў, то наступяць змены ў надвор’і, у выніку якіх лес вымра. На іх месцы ўзнікне нешта новае, але мы не ведаем што. Нават калі лес, то ён не будзе настолькі багатым, як Амазонка. Усё гэта паўплывае на нас. Паўплываюць велізарныя выкіды, звязаныя з раскладам дрэва, бо запасы вуглю паступяць у атмасферу, а гэта паўплывае на змены клімату.

У далейшай частцы дакумента паказана, што ёсць выйсце. Прапановы згуртаваныя ў чатыры сістэмы, апрацаваныя для кожнай з краін. Першая сістэма відавочная – ахова прыроды. У сувязі з гэтым пунктам арганізацыя стварыла петыцыю да цяперашняга ўраду, каб былі выкананыя глабальныя абавязацельствы, якія на сябе ўзялі 196 дзяржаваў, у тым ліку Польшча.

- Мы кажам пра патрэбу ахапіць аховаю 30% мора і 30% сушы. 1/3 гэтых лічбаў – строгай аховай. Мы кажам не толькі пра ахову прыроды, але і пра адбудову прыродных рэсурсаў, напрыклад, старых лясоў і старых рэк. Таксама гаворка пра гарадскую экасістэму. Яна неверагодна патрэбная, каб прадухіляць паводкі і наступствы засухі. Другі пункт петыцыі тычыцца дазволу на павелічэнне ролі прыватнага фінансавання адбудовы прыроды. Мы ведаем, штогод каля 7 трыльёнаў долараў прызначаюцца на шкодную для чалавека дзейнасць, і толькі 200 млрд долараў на пазітыўную. Гэта розніца ў 35 разоў. Мы бы хацелі, каб фінансавая сістэма была змененая так, каб падтрымлівала навакольнае асяроддзі і нас.

Трэцяя сістэма – энергетычная. Яна з’яўляецца галоўнай крыніцай выкідаў цяплічных газаў, якія выклікаюць змены клімату. Гэта ў сваю чаргу ўплывае на біялагічную разнастайнасць.

Апошняя сістэма – харчовая.

- Гэты пункт можа некаторых здзівіць: што супольнага можа мець харчаванне са стратай біялагічнай разнастайнасці? Сістэмы вытворчасці, перапрацоўкі, транспарціроўкі і спажывання з’яўляецца галоўным паказчыкам страты біялагічнай разнастайнасці. Гэта сістэма, якая выкарыстоўвае 70% пітной вады. Яна адказвае за выкіды ¼ цяплічных газаў. Таму гэтая сістэма вымагае сур’ёзных змен.

Усе чатыры сістэмы неабходна змяніць, каб запэўніць людзям лепшую будучыню, бяспеку, гаспадарчае развіццё, канкурэнтныя здольнасці.

Дарыюш Гаткоўскі дадае, што палічаны баланс выдаткаў і карысці, якія Польшча выдала б на адбудову прыродных рэсурсаў. Выдаткі ў 11 разоў меншыя, чым карысць.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце