Транспартная ізаляцыя з'яўляецца сур'ёзнай праблемай, перш за ўсё, у малых гарадах і сельскай мясцовасці - гэта пацвярджае апошняя справаздача ЮНІСЕФ Польшча. Паводле даследавання, 14 % польскіх падлеткаў ва ўзросце ад 12 да 19 гадоў падвяргаецца рызыцы транспартнай ізаляцыі, а амаль палова з гэтай групы мае складаны доступ да розных формаў адпачынку, культуры і пазашкольных заняткаў.
У сваю чаргу 3% апытаных увогуле не маюць доступу да грамадскага транспарту.
Больш за тое, адсутнасць зручных зносін уплывае на выбар школы і на сацыяльныя адносіны маладых людзей. Эксперты папярэджваюць, што гэта можа мець агульны адмоўны ўплыў на польскае грамадства.
Згодна з ратыфікаванай Польшчай Канвенцыяй аб правах дзіцяці, кожнае дзіця мае права на адукацыю i развіццё сваіх талентаў, адпачынак і ўдзел у культурным жыцці краіны. Тым часам з-за транспартнай ізаляцыі ўсё больш дзяцей і падлеткаў у Польшчы не мае доступу не толькі ад розных паслуг, адукацыі і культуры, але часта таксама да сяброў і знаёмых.
Такім чынам, моладзь, якую закранае транспартная ізаляцыя, не мае такіх жа магчымасцей, як іх аднагодкі, напрыклад, з буйных гарадоў і не можа ў поўнай меры выкарыстаць свой патэнцыял. Гэта таксама можа адмоўна ўплываць на псіхічнае здароўе маладых людзей.
Праблема не толькі ў тым, каб дабрацца да базавай ці сярэдняй школаў, паясняе суаўтар справаздачы ЮНІСЕФ Польшча старшыня Нацыянальнага камітэта прасторавага развіцця Польскай акадэміі навук прафесар Тамаш Камарніцкі(Tomasz Komornicki):
- Значна больш распаўсюджаная праблема – гэта доступ да розных паслугаў, формаў адпачынку, культурных і спартыўных мерапрыемстваў, а таксама сацыяльныя адносіны з аднагодкамі. Можна тады сказаць, што адсутнасць доступу да зручнага грамадскага транспарту прычыняецца да паніжэння чалавечага, грамадскага, культурніцкага капіталу ўсяго грамадства.
У ацэнцы экспертаў, пра пагрозу транспартнай ізаляцыі можна гаварыць тады, калі ў дадзенай мясцовасці аўтобус або цягнік ездзяць радзей, чым раз у гадзіну. У маштабе ўсяе Польшчы, такая сітуацыя датычыць 14 працэнтаў дзяцей і падлеткаў, але, калі ўзяць пад увагу сельскую мясцовасць – то гэта ўжо 27 працэнтаў.
Праблема таксама ў тым, што транспартная ізаляцыя можа азначаць розныя рэчы для розных людзей і ў розных месцах, падкрэслівае прафесар Камарніцкі:
- Паводле стэрэатыпаў, сітуацыя найбольш праблемная ва ўсходняй Польшчы, але гэта якраз няпраўда. Калі гаворка ідзе пра доступ да грамадскага транспарту ў перыферыйных раёнах Польшчы, то горш, чым на ўсходзе краіны сітуацыя выглядае ў ейнай заходняй частцы. Гэта вынікае з характару сістэмы паселішчаў, што ўплывае на рэнтабельнасць аказання паслуг з боку прыватных транспартных кампаніяў. Такіх фактараў больш, таму нельга адну палітыку прымяняць да ўсіх рэгіёнаў Польшчы.
- кажа прафесар Тамаш Камарніцкі.
Між тым, як заўважаюць эксперты, доступ да грамадскага транспарту, асабліва ў выпадку моладзі, з'яўляецца адным з ключавых элементаў, якія фармуюць сацыяльнае функцыянаванне. Абмежаваны грамадскі транспарт, напрыклад, скарачае магчымасць карыстацца дадатковымі адукацыйнымі прапановамі, а значыць уплывае на далейшую адукацыю маладых людзей і іх будучы прафесійны шлях.
Паводле гендырэктаркі ЮНІСЕФ Польшча Рэнаты Бэм(Renata Bem), без ажыццяўлення неабходных зменаў праблема можа паглыбляцца:
- Кожнае пятае дзіця заяўляе, што абрала б іншы адукацыйны шлях, калі б мела лепшыя транспартныя зносіны, у тым ліку са школай. Таму транспартная ізаляцыя мае ўплыў не толькі на самых маладых людзей, але і на ўсё грамадства. Напрыклад, можа ўплываць на адсутнасць неабходных нам спецыялістаў.
У ацэнцы экспертаў, важна, каб выпрацаваць адпаведныя рашэнні на ўзроўні ваяводстваў, беручы таксама пад увагу меркаванні дзяцей і моладзі з праблемных рэгіёнаў краіны.
У даследаваннi прынялі ўдзел амаль 2,5 тысячы вучняў школаў з розных куткоў краіны. Яны адказвалі на некалькі дзясяткаў пытанняў адносна адлегласці да бліжэйшага прыпынку грамадскага транспарту, частаты працы аўтобусаў і цягнікоў, перашкодаў у карыстанні грамадскім транспартам.
Транспартнай ізаляцыяй лічыцца сітуацыя, калі, з-за адсутнасці транспартных магчымасцей, людзі маюць абмежаваны доступ да адукацыі, іншых грамадскіх паслуг і сацыяльных адносін.
Паводле даследавання, 30% апытаных лічаць, што доступ да грамадскага транспарту з'яўляецца праблемай па месцы іхнага жыхарства. 44% навучэнцаў сярэдніх школаў заяўляюць, што выбралі школу па наяўнасці зручных транспартных зносін. 21% маладых людзей заяўляюць, што выбралі б іншую школу, калі б не транспартныя праблемы, а 30% апытаных лічаць, што калі б не транспартныя праблемы, іхныя адносіны з сябрамі былі б лепшымі.
Мяркуецца, што ў Польшчы з’ява транспартнай ізаляцыі закранае 15 мільёнаў чалавек.
IAR/аз