Беларуская Служба

Пахаванне ў біядэградавальных урнах, без надмагільных пліт і вянкоў - такую магчымасць дае Познань

01.11.2024 12:13
У Познані на камунальных могілках можна пахаваць прах памерлага ў біядэградавальных урнах, у атачэнні лесу. Гэтыя месцы называюцца Лесам памяці.
Аўдыё
  • Пахаванне ў біядэградавальных урнах, без надмагільных пліт і вянкоў - такую магчымасць дае Познань
 ,
Лес памяці, Юнікавафота: Матэвуш Дзёба

На камунальных могілках Юнікава і Міластова выдзелена адмысловае месца для правядзенне экапахаванняў. У месцах, якія называюць Лесам памяці, пахаванні адбываюцца ў біяраскладальных урнах у функцыянальна аддзеленай лясной зоне. Пахаванні павінны насіць экалагічны характар ​​— месцы індывідуальных пахаванняў не будуць ніякім чынам пазначацца надмагіллямі, плітамі, крыжамі, букетамі/вянкамі і г.д.

Кветкі і знічы можна ўскласці да памятных камянёў, на якіх могуць (але няма такога абавязку) быць размешчаны таблічкі з інфармацыяй аб пахаваных. Каля Лесу памяці ўсталявалі лаўкі для наведвальнікаў.

Матэвуш Дзёба з адміністрацыі камунальных могілак у Познані прызнае, што да стварэння такога месца для пахаванняў, іх заахвоцілі дзве справы. Першая – гэта актыўнасць адной з жыхарак гораду, якая дапытвалася аб магчымасці пахавання канкрэтна ў лесе. Другі імпульс дало адсочванне пахавальных трэндаў у Еўропе:

- Аказалася, што пахаванне ў лесе не з’яўляецца нечым невядомым. Каля 30 гадоў таму такая форма пахавання распачалася ў Швейцарыі. Потым практыка паявілася ў Аўстрыі, Германіі. Там можна пахаваць урну з прахам у звычайным лесе, паміж дрэваў. Мы ведалі, што польскае заканадаўства такога не дазваляе. Закон аб пахаваннях у Польшчы дастаткова архаічны, сёлета яму 65 гадоў. Там гаворыцца, што хаваць памерлых можна толькі і выключна на могілках. Мы пачалі задумвацца, ці мы ў Познані, у межах нашых гарадскіх могілак, у стане падрыхтаваць такую прастору, каб спалучыць ідэю пахавання ў лесе і адначасова на могілках.

У Познані ўжо існавалі гэтак званыя Палі памяці, дзе можна было хаваць урны з прахам у непазначаных месцах. Аднак гэтае месца не мае ляснога характару.


Лес памяці ў Познані Лес памяці ў Познані

Атачэнне Лесу памяці на могілках Юнікава і Міластова цалкам нагадваюць лес. Прах памерлага хаваюць у біяраскладальных урнах, гаворыць Матэвуш Дзёба:

- Гэта таксама вынікае з паверхні, якую мы хочам выкарыстоўваць у пастаянным рэжыме. Калі б мы дазвалялі хаваць урны з метала ці пластыку, то час іх раскладвання не дазволіў бы на далейшае выкарыстанне месца. Папяровыя, кардонныя, драўляныя ўрны дастаткова хутка раскладаюцца, а нашай ідэяй таксама было тое, каб на адным месцы пахаваць як мага больш людзей. Гэта таксама спрыяльна для экалогіі. Няма сітуацый, калі памерлага хаваюць у штучнай вопратцы, пакрытай лакам труне. У такім выпадку мы некарысна ўплываем на навакольнае асяроддзе. Тут памерлага хаваюць у згодзе з прыродай. Таму экалогія была важнай. Таксама мы просім, каб кветкі і знічы былі ў сімвалічнай колькасці. На звычайных магілах колькасць штучных кветак і знічак бывае жахлівай. Мы заахвочваем, каб праяўляць памяць сімвалічна, у думках, размовах, а не тым, што мы прыносім на могілкі. Перыяд успаміну ўсіх памерлых – гэта велізарныя выдаткі для кіраўніцтва могілак, паколькі колькасць смецця ў гэтым часе – вельмі-вельмі вялікая.

На згаданых раней Палях памяці у год хаваюць ад 50 да 100 чалавек. Гэта невялікі адсотак ад усіх пахаванняў. На гарадскіх могілках гораду у год хаваюць прыкладна 4 тысячы чалавек.

Матэвуш Дзёба гаворыць, што працуючы над стварэннем Лясоў памяці, яны падазравалі, што будуць ахвотныя скарыстацца такім месцам для пахаванняў:

- Цяпер мы можам параўноўваць сітуацыю з году ў год. Мы пачалі ў канцы 2022 году ў Юнікаве, у Міластове Лес памяці быў адчынены год таму. У мінулым годзе на абодвух могілках было 20 пахаваных, сёлета іх ужо 40. Рост у два разы. Зацікаўленне ёсць, а людзі пытаюцца. Прычым размовы пра пахаванне надалей з’яўляюцца ў сем’ях тэмай табу. Мы адцягваем такую размову, а найлепш увогуле не размаўляць. Людзі пытаюцца, ці патрэбныя нейкія згоды, каб быць пахаваным у такім месцы. Пахаванне ў Лесе памяці адбываецца так жа, як і ў традыцыйнай магіле, выкапанай у зямлі, у вымураванай магіле, ці ў выпадку урны ў калумбарыі.

Матэвуш Дзёба таксама звяртае ўвагу на фінансавы аспект паховін у Лесе памяці. Расходы ўдвая меншыя. Таксама праз 20 гадоў не трэба аднаўляць плату за месца на могілках.

Суразмоўца гаворыць, што сем’і пахаваных часта гаворыць пра адмысловую атмасферу ў Лесе памяці:

- Знаходзячыся ў такім месцы мы адчуваем сябе так, быццам бы мы ў парку. Зрэшты, месца пахаванняў амаль не адрозніваецца ад парку, там можна шпацыраваць, паглядзець, як яно выглядае. Тут ёсць блізкасць як з памерлымі, так і з натурай. Думаю, атачэнне дапамагае людзям, якія развітваюцца са сваімі памерлымі.

Адміністрацыя хацела б, каб у будучыні сем'і памерлых маглі развеяць прах сваіх блізкіх у Лесе Памяці. Аднак цяпер у Польшчы для гэтага няма адпаведных законаў.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце