Ажно 45% палякаў прызнаюцца, што марнуюць ежу дома, а сярод прадуктаў, якія найчасьцей трапляюць у сметніцы: хлеб, вяндліны, гародніна і садавіна. Сур’ёзны маштаб мае выкідванне ежы і крамамі. Паводле дадзеных на верасень 2023 году, крамы выкінулі больш за 59 тон ежы.
Супрацьдзеяннем марнавання прадуктаў харчавання ў Польшчы займаюцца розныя арганізацыі. Сярод іх - грамадскі рух Foodsharing. Мы размаўляем з валанцёркай руху Агнешкай Кастэцкай. Яна кажа, што яны выкарыстоўваюць некалькі спосабаў ратавання прадуктаў харчавання:
- Мы распачалі сваю дзейнасць у Варшаве восем гадоў таму ад устаноўкі агульнадаступнай лядоўні. Гэта месца, у якое людзі прыносяць прадукты, якія не хочуць, ці не ў стане з’есці, але гэта прадукты, якія надалей можна выкарыстаць. Такім быў пачатак. Цяпер форма нашай дзейнасці павялічылася, як і яе маштаб. Значная частка нашай працы заключаецца ў тым, каб быць пасрэднікам. Валанцёры забіраюць прадукты з месцаў, дзе яны б змарнаваліся, і завозяць у месца, дзе людзі маглі б іх забраць. І тут зноў паяўляецца паняцце грамадскай лядоўні, якіх цяпер у Варшаве каля 50.
І гэта не канец магчымасцяў, кажа Агнешка Кастэцка. Валанцёры развозяць прадукты ў Дамы сацыяльнай дапамогі (DPS), раздаюць суседзям, карыстаюцца групамі на Фэйсбуку, на якіх адбываецца абмен прадуктамі харчавання.
Пералік месцаў, дзе можна пакінуць ці ўзяць прадукты харчавання. фота: Foodsharing Warszawa
Агнешка Кастэцка далучылася да руху 2,5 гады таму. Валанцёрка вырашыла, што зоймецца пошукам крам, якія будуць аддаваць на канец дня прадукты, якія засталіся непрададзеныя. Пачаткова былі боязі, але яны не спраўдзіліся, кажа Агнешка:
- Я вырашыла, што займуся пошукам ахвярадаўцаў. Таксама я задумвалася, ці мне ўдасца знайсці адрасатаў для гэтых прадуктаў, валанцёраў, якія будуць прыязджаць за харчамі. Шчыра прызнаюся, што абедзве справы спраўдзіліся. Апошні прыклад, гэта крама ў раёне Зялёнай Белалэнкі. Гэта мікрараён, высунуты на поўнач, і тут не было валанцёра, які б тут жыў, і які б найбольш экалагічным чынам мог забіраць прадукты. Так працягвалася сем месяцаў. А цяпер я самы шчаслівы чалавек у свеце, паколькі мы ўжо выратавалі з гэтай крамы тону прадуктаў! Дакладна гэтая тона апынулася б у сметніцы.
Цікавінкай з’яўляецца тое, што ўладальнікі згаданай крамы на Зялёнай Белалэнцы з’яўляюцца беларусамі, як і амаль цэлы персанал.
Валанцёры руху варшаўскага фудшэрынгу сёлета ўратавалі 172 тоны прадуктаў харчавання. Агнешка Кастэцка дадае, што ніколі не было праблем, каб знайсці адрасата, няважна ці гэта кілаграм ці дзясяткі кілаграм прадуктаў:
- Больш за ўсё мы ратуем печыва. Я маю на ўвазе і кілаграмы, і колькасць нашых партнёраў. То бок наш валанцёр паяўляецца ў пякарні перад яе закрыццём і забірае ўсё, што за дзень не прадалося. Звычайна гэта некалькі, ці некалькі дзясяткаў кілаграм печыва. Акрамя таго, мы ратуем садавіну і гародніну. У гэтым выпадку гэта прадукты, якія неабавязковы выглядаюць прыгожа, напрыклад, зморшчаная скурка, ці бананы маюць шмат чорных кропак. Прадаўцы выкінулі б такія прадукты, але іх надалей можна выкарыстаць. Мы ратуем ежу з рэстаранаў, па той жа схеме. Рэстаран прыгатаваў 100 абедаў, але засталося крыху кашы, мяса, салатаў. Мы з’яўляемся перад закрыццём і забіраем гэтую ежу. Са згаданай крамы на Белалэнцы мы забіраем усё, у тым ліку малочныя прадукты, кашы ў пашкоджаных упакоўках. Адным словам усё, што прадавец не можа на наступны дзень запрапанаваць кліентам.
Усё адбываецца бескаштоўна. Валанцёры не атрымліваюць грошай за сваю працу, а адрасаты не плацяць за прапанаваную ежу.
Наша госця расказвае, што тэма ратавання прадуктаў харчавання ёй блізкая даўно. Гэта не толькі валанцёрская праца, але і штодзённасць. Агнешка Кастэцка падлічыла, што за паўгоду змарнавала толькі адно яйка, а і тое выпадкова. Цяпер яна займаецца пошукам новых ахвярадаўцаў і апякуецца імі, з’яўляецца сувязным паміж пунктам і валанцёрамі.
Сацыяльная лядоўня грамадскага руху Foodsharing Warszawa. foto: Foodsharing Warszawa
З пункту гледжання права такое ратаванне з’яўляецца магчымым і законным. Агнешка Кастэцка кажа, што ў выпадку ахвярадаўцаў усё залежыць ад уладальніка такога пункту:
- Гэта заўсёды рашэнне шэфа, паколькі такая супраца вымагае ад яго пэўнага абавязацельства. Такі ўладальнік дамаўляецца з намі на нейкую канкрэтную форму супрацоўніцтва. Прашу сабе ўявіць, што ў некаторых пунктах мы забіраем прадукты рэгулярна шэсць разоў у тыдзень. У маім разуменні тое, што мы робім, гэта адказ на сучасны свет, на спажывецтва, на форму спосабу заробка вялікімі сеткамі. Я супрацоўнічаю з крамамі, аб’яднанымі пад пэўным лагатыпам. Іх палітыка такая, што кліент да апошняга моманту павінен мець доступ да цэлага асартыменту гэтай крамы. Гэта само па сабе азначае, што прадукты змарнуюцца. Немагчыма, каб у апошнія хвіліны прыйшло 10 кліентаў і замовіла кожны нешта іншае. Палітыка гандлёвых сетак прыводзіць да марнавання ежы, а мы, валанцёрскі рух, спрабуем такія страты мінімізаваць.
Маштаб марнавання прадуктаў харчавання сапраўды велізарны. 172 тоны выратаваных варшаўскімі валанцёрамі прадуктаў дазволіла б 250 асобам не купляць нічога цэлы год, падлічыла Агнешка Кастэцка.
На старонцы foodsharing.pl можна сачыць за дзейнасцю грамадскага руху, а таксама знайсці мапу грамадскіх лядоўняў у Варшаве.
слухайце аўдыё