У 2001 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла рашэнне аб тым, што 6 лістапада кожны год будзе адзначацца Міжнародны дзень па прадухіленні эксплуатацыі прыроднага асяроддзя ў войнах і ўзброеных канфліктах.
Мэта — прыцягнуць увагу грамадства да таго, што прыроднае асяроддзе з’яўляецца нявіннай і міжвольнай ахвярай войнаў і ўзброеных канфліктаў. Прыродныя рэсурсы часта знішчаюцца і забруджваюцца на працягу многіх гадоў, нават пасля спынення ваенных дзеянняў. Часам сыравіна нават становіцца прычынай канфліктаў.
Войны суправаджаюць чалавецтва спрадвеку. Першапачаткова, аднак, яны практычна не ўплывалі на прыроду. Прарывам стала прамысловая рэвалюцыя, якая дазволіла масава вырабляць зброю. Самай вялікай праблемай аказалася забруджванне навакольнага асяроддзя. Падчас Першай сусветнай вайны было выпушчана велізарная колькасць артылерыйскіх снарадаў, якія неслі шмат тон металаў, выбуховых рэчываў і хімікатаў. Усё гэта трапляла ў глебу і забруджвала яе на доўгія гады. Згодна з хімічным аналізам, праведзеным у Фландрыі, канцэнтрацыя медзі ў падпавярхоўным слоі зямлі ў месцах, непасрэдна закранутых баявымі дзеяннямі, была прыкладна на 6 мг/кг вышэй, чым у раёнах, свабодных ад ваенных дзеянняў.
Ядзерная зброя таксама вельмі небяспечная. Бомбы, скінутыя на Нагасакі і Хірасіму ў 1945 годзе, на многія дзесяцігоддзі забрудзілі зямлю радыеактыўнымі ізатопамі.
Міністэрства навакольнага асяроддзя Украіны падлічыла, што страты знішчэнняў навакольнага асяроддзя ўжо сягаюць 55 млрд еўра.
Клопат пра ахвяры вайны — гэта натуральны і галоўны клопат, які нясе з сабой вайна. Аднак усё часцей гаворыцца пра «экабойства» ва Украіне, гаворыць Катажына Білеўская з польскага «Грынпісу»:
— Гэта моцныя словы, але яны цалкам абгрунтаваныя. Мы бачым, што падчас вайны велізарныя знішчэнні адбываюцца ў навакольным асяроддзі. Самым спектакулярным быў узрыў дамбы ў Новай Кахоўцы на Дняпры. У выніку была дэградаваная велізарная тэрыторыя, загінула мноства жывёлы. Знішчэнні былі катастрафічныя. Пра гэта гаварылі ва ўсім свеце. Менш вядома пра знішчэнне біясфернага запаведніка «Асканія-Нова». Далей — знішчэнні лясоў, складоў з нафтай. Маштаб знішчэнняў і забруджання навакольнага асяроддзя ў дадзены момант нават немагчыма падлічыць. Ёсць інфармацыя і доказы, што бамбардзіруюцца заводы на акупаванай тэрыторыі, напрыклад, у Марыўпалі. Аднак невядомы маштаб, невядома, што насамрэч гэта азначае для навакольнага асяроддзя, паколькі няма магчымасці выслаць туды каманду, якая б даследавала таксічнасць гэтых субстанцый, а тым больш іх уплыў.
Ёсць інфармацыя ад актывістаў пра пакінутыя вугальныя шахты. Вельмі забруджаная вада з шахтаў трапляе ў рэкі і грунтовыя воды. У нармальнай сітуацыі гэтыя воды праходзяць ачыстку. Цяпер жа ў вадаёмы трапляюць усе таксіны.
Падчас ваенных дзеянняў адбываецца меншы кантроль над тым, што адбываецца ў лясах, дадае Катажына Білеўская. Ёсць звесткі пра дэградацыі наваколля, пра нелегальную вырубку з-за адсутнасці адпаведнага кантролю.
Асабліва на пачатку вайны ва Украіне была выразна бачная праблема пакінутых хатняй і сельскагаспадарчай жывёлы. Многія не заставаліся абыякавымі і па меры магчымасці стараліся дапамагчы жывёле.
— Удалося вывезці значную частку жывёлы з заапаркаў, дзе ім не маглі забяспечыць неабходную апеку. Колькасць жывёлы, якой ва Украіне патрэбная дапамога, немагчыма нават падлічыць. Гэта велізарная колькасць.
Асобным аспектам з’яўляецца пытанне цэлай энергетычнай сістэмы, якая таксама звязаная з аховаю навакольнага асяроддзя. Некалькі месяцаў таму «Грынпіс» адчыніў свой філіял у Кіеве, які ўжо пачаў працу над аднаўленнем зялёнага сектара і над зялёным аднаўленнем энергетычнай сістэмы, гаворыць Катажына Білеўская:
— Ва Украіне павінна развівацца энергетычная сістэма, якая абапіраецца на аднаўляльных крыніцах энергіі, якія больш карысныя для наваколля, чым сектар, які абапіраецца на выкапнёвых. Мы маем назіранні, што ветравыя фермы не з’яўляюцца цэллю ваеннай дзейнасці, няма гаворкі пра масіраваныя атакі. Калі яны часамі становяцца цэллю, то такія аднаўляльныя крыніцы прасцей аднавіць, каб запэўніць сталы доступ жыхароў да энергіі. «Грынпіс» абучыў групу манцёраў, якія могуць ставіць сонечныя батарэі. Такія нізавыя рухі зялёнага аднаўлення Украіны ўжо адбываюцца. Гэта нас цешыць, хоць маштаб выклікаў, звязаных з дэградацыяй прыроды ва Украіне, будзе велізарны.
Аднаўленне дэградаванага асяроддзя звычайна доўжыцца дэкады, падкрэслівае экспертка:
— Некаторым гатункам, каб аднавіць сваю папуляцыю, патрэбныя дэкады, не гаворачы пра старыя дрэвы, якія з’яўляюцца самымі каштоўнымі ў лясной экасістэме. Каб мець такія дрэвы, патрэбныя больш за 100 гадоў. Час, патрэбны на адбудову ва Украіне, нават немагчыма вымераць чалавечымі меркамі. Гэта не адбудзецца цягам аднаго ці двух пакаленняў. Напэўна трэба значна больш часу.
Катажына Білеўская канстатуе, што словы пра «экабойства» расійскай арміі ва Украіне цалкам абгрунтаванае.
ав/Ekokalendarz