Мэта — прыцягнуць увагу грамадства да таго, што прыроднае асяроддзе з’яўляецца нявіннай і міжвольнай ахвярай войнаў і ўзброеных канфліктаў. Прыродныя рэсурсы часта знішчаюцца і забруджваюцца на працягу многіх гадоў, нават пасля спынення ваенных дзеянняў. Часам сыравіна нават становіцца прычынай канфліктаў.
Войны суправаджаюць чалавецтва спрадвеку. Першапачаткова, аднак, яны практычна не ўплывалі на прыроду. Прарывам стала прамысловая рэвалюцыя, якая дазволіла масава вырабляць зброю. Самай вялікай праблемай аказалася забруджванне навакольнага асяроддзя. Падчас Першай сусветнай вайны было выпушчана велізарная колькасць артылерыйскіх снарадаў, якія неслі шмат тон металаў, выбуховых рэчываў і хімікатаў. Усё гэта трапляла ў глебу і забруджвала яе на доўгія гады. Згодна з хімічным аналізам, праведзеным у Фландрыі, канцэнтрацыя медзі ў пад павярхоўным слоі зямлі ў месцах, непасрэдна закранутых баявымі дзеяннямі, была прыкладна на 6 мг/кг вышэй, чым у раёнах, свабодных ад ваенных дзеянняў.
Ядзерная зброя таксама вельмі небяспечная. Бомбы, скінутыя на Нагасакі і Хірасіму ў 1945 годзе, на многія дзесяцігоддзі забрудзілі зямлю радыеактыўнымі ізатопамі.
Міністэрства навакольнага асяроддзя Украіны падлічыла, што страты знішчэння навакольнага асяроддзя ўжо сягаюць 55 млрд еўра.
Паводле нашага суразмоўцы, Анджэя Гай з асацыяцыі «Адкрыты сад» паняцці вайна і навакольнае асяроддзе немагчыма размежаваць. Калі ёсць вайна, то адбываецца знішчэнне і наваколля, і чалавека.
- Чалавек з’яўляецца часткай навакольнага асяроддзя. Знішчаючы прыроду, мы знішчаем сябе. Гэта шматспектная праблема, якую не апішаш адным сказам. Я для сябе выдзеліў некалькі пунктаў, якія мне дапамагаюць зразумець тое, што адбываецца. Першы – уплыў на фаўну і флору. У першую чаргу гаворка пра знішчэнне месцаў пражывання жывёлы. Уявіце, мы перажываем за жывёлу падчас навагодняй ночы, а вайна – гэта ў дзясяткі разоў горш. Гаворка пра знішчэнне прыроды не для аднаго пакалення, але і для наступных.
Анджэй Гай узгадвае вайну ў В’етнаме. Амерыканскія вайскоўцы выкарыстоўвалі гербіцыд, вядомы як Agent Orange, каб ачысціць тэрыторыю ад расліннасці, каб выявіць пазіцыі В'етконга. Гэты хімічны сродак знішчыў велізарныя ўчасткі трапічных лясоў, забіваючы расліны, жывёл і выклікаючы доўгатэрміновае забруджванне глебы і вады. Гэтыя наступствы адчуваюцца і сёння, з працяглымі зменамі ў экасістэмах, у тым ліку адмоўна ўплывае на здароўе чалавека.
Анджэй Гай прытрымліваецца меркавання, што ўсе войны пачынаюцца з хцівасці чалавека:
- Для мяне жывёла з’яўляецца ахвярай нашай хцівасці. Усё ўпрыгожана патрыятычнымі лозунгамі, а насамрэч на вайне зарабляюць нешматлікія групы людзей. А пакутуюць самыя бедныя і жывёла. У свеце ідзе шмат войнаў. Возьмем Блізкі Усход. Ізраіль акупуе Сектар Газы, пакутуюць людзі, а гэта ў сваю чаргу пераносіцца на жывёлу. Напрыклад, у Рафах быў малы заапарк. Ён стаў адной з першых ахвяр гэтага канфлікту.
Падчас генацыду ў Руандзе бежанцы перасяліліся ў Нацыянальны парк Акагера. Шматлікія пажары, паляванне на дзікіх жывёл для атрымання ежы і дроў нанеслі сур'ёзны ўрон экасістэмам парку.
Наш суразмоўца кажа, што немагчыма вярнуцца да першапачатковага стану:
- Хопіць малой змены ў прыродзе і цэлая біяразнастайнасць мяняецца. Гэты працэс, як эфект даміно. А вайна – гэта даміно, якое ўжо не падымецца. Мы страчваем велізарнае багацце, якім з’яўляецца біяразнастайнасць. У Сектары Газы знішчаныя нафтаправоды. Нафта трапляе ў глебу, яна ж там не распускаецца, а застаецца і ўсё знішчае. Жывёла гэта есць, уплыў – непасрэдны. Гэта праблема на гады.
Узброеныя канфлікты спрыяюць незаконнай здабычы карысных выкапняў, такіх як кобальт, волава, тантал, вальфрам і золата, ключавой сыравіны для сусветнай тэхналагічнай і аўтамабільнай прамысловасці. Як адбываецца ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Гэтыя шахты часта працуюць без усялякага рэгулявання, што прыводзіць да забруджвання ракі, дэградацыі глебы і знішчэння асяроддзя пражывання дзікіх жывёл. У шахтах за капейкі працуюць дзеці.
Чарговы прыклад, які дае Анджэй Гай – Афганістан.
- У выніку канфлікту ў Афганістане адбывалася масавае абязлесення. Гэта прывяло да поўнага знішчэння месцаў пражывання жывёлы і поўнай эрозіі зямлі. Там вельмі мала ўрадлівай зямлі, а ў выніку вайны былі яшчэ і вырублены дрэвы. А без дрэваў – няма навакольнага асяроддзя, пачынаецца эрозія зямлі. Усё паміж сабой узаемазвязана. Кожны канфлікт уплывае на нас. Вайна на Блізкім Усходзе прывяла да дэградацыі прыроды ў выніку бамбардзіровак, пажараў і ўцечкі нафты. Балоты Мезапатаміі, якія калісьці былі найбуйнейшым балотам у свеце, знішчаныя ў выніку бамбардзіровак і асушэння. У Турцыі назіраецца вялікая напружанасць з-за недахопу вады. Гэта можа прывесці да чарговай вайны. Турцыя збудавала велізарныя дамбы і затрымлівае ваду для сваіх фермераў, пры гэтым абмяжоўваючы доступ да вады суседнім краінам. Гэта кепска ўплывае не толькі на сельскую гаспадарку, але і на цэлую экасістэму. Гэта экалагічная катастрофа. Гэтага нельга назваць інакш.
Нягледзячы на тое, што існуюць міжнародныя правілы па абароне навакольнага асяроддзя падчас канфліктаў, іх выкананне часта бывае слабым. Для мінімізацыі экалагічнай шкоды неабходны больш моцныя механізмы назірання і абароны, канстатуе Анджэй Гай.
слухайце аўдыё