Ганна Мазярская (Anna Maziarska) – феміністычная актывістка, намінаваная на званне Варшавянкі года маладога пакалення. У Ганны мама беларуска, журналістка Вольга Гардзейчык-Мазярская, тата – паляк, журналіст Войцех Мазярскі. Важную ролю ў выхаванні дзяўчыны прымала беларуская бабуля, дзякуючы якой яна так добра ведае расійскую мову, хаця мама размаўляе з ёй і па-беларуску.
Ганна стала наймалодшай удзельніцай Варшаўскай рады жанчын – кансультацыйнага органа пры ўладах польскай сталіцы. Яна распавяла, што пытанні правоў жанчын пачалі яе цікавіць яшчэ ў сярэдняй школе.
- Я пачала займацца правамі жанчын яшчэ ў школе, гэта былі феміністычныя праекты, напрыклад, з сяброўкамі мы зладзілі ініцыятыву, якая заахвочвала маладых жанчын ісці ў палітыку, а таксама ў бізнес ці культуру.
Ты стала самай маладой удзельніцай Варшаўскай рады жанчын. Чым займаецца гэты орган?
- Гэта выключна экспертны орган. Наша задача – інфармаваць варшаўскія ўлады пра тое, што неабходна памяняць. Скажам, у нас у радзе ёсць дзяўчына на інвалідным вазку. Аказваецца, што ў Варшаве вельмі мала гінекалагічных кабінетаў, дзе прымаюць жанчын на вазках. Такімі справамі мы займаемся – глядзім, з якімі праблемамі сутыкаюцца жанчыны, скажам, якія праблемы ў мігрантак. У 2022 годзе мы правялі тыдзень правоў жанчын-мігрантак з Украіны. Мы ладзілі дэбаты, абмеркаванні, круглыя сталы, падчас якіх украінкі маглі распавесці, што ім неабходна ў Варшаве і як мы можам ім дапамагчы.
Ці закранаеце таксама тэматыку гвалту ў адносінах жанчын, у тым ліку хатняга гвалту?
- Так, гэтая праблема існуе, асабліва яна вырасла ў часе пандэміі, калі ўсе былі закрытыя ў сваіх дамах. Тады хатняе насілле супраць жанчын і дзяцей пашырылася. Гэтым мы таксама займаемся, але тут неабходна мяняць заканадаўства на нацыянальным, а не гарадскім узроўні.
Таксама адна з галін тваёй дзейнасці – прасоўванне жанчын у палітыцы. Існуе стэрэатып, што палітыка - гэта брудная справа, што гэта месца для цынічных людзей, у якіх няма глыбокіх маральных прынцыпаў. Гэта, канешне, няпраўда. Ці ў палітыцы павінна быць больш жанчыны і якім чынам іх прыцягнуць?
- Так, я лічу, што больш жанчын павінна быць у палітыцы. Статыстыка сведчыць аб тым, што, чым больш жанчын у палітыцы, тым спакайней у дзяржаве, тым лепшая адукацыя і менш войнаў. Мы ладзім заняткі для дзеўчын, на якія запрашаем жанчын са свету палітыкі, бізнесу, культуры. Праблема ў тым, што дзеўчыны хочуць ісці ў палітыку, але калі партыі рыхтуюць выбарчыя спісы, старшыні груповак часта мяркуюць, што наверсе спісу павінны быць мужчыны. Мы стараемся памяняць законы, каб у выбарчых спісах былі папераменна мужчына і жанчына. Ёсць ужо партыі, якія ўвялі такі прынцып. Справа ў тым, што, чым вышэй прозвішча ў спісе, тым больш грошай палітык атрымлівае на кампанію. І мы стараемся ўвесці правіла, каб усе кандыдаты атрымлівалі аднолькавыя сродкі.
А чаму кіраўнікі партый часцей ставяць мужчын на першыя месцы ў спісе?
- Яны мяркуюць, што людзі ў Польшчы не будуць галасаваць за жанчын. Гэта няпраўда, мы ведаем, што жанчыны прыцягваюць шмат галасоў. Існуе слоган, маўляў, Польшча яшчэ не гатовая – скажам, на першую жанчыну - прэзідэнта і г.д. Польшча насамрэч гатовая, але палітыкі, мужчыны, не гатовыя гэта прызнаць.
Вынікі галасавання ў конкурсе на званне Варшавянкі года будуць аб’яўленыя 26 лістапада.
Размаўляла Наталля Грышкевіч
Слухайце далучаны гукавы файл