Беларуская Служба

Польскія СМІ: Калеснікаву паказалі, а што адбываецца з Пачобутам?

15.11.2024 17:56
Анджэй Пачобут правёў у калоніі ўжо больш за 1300 дзён.
Анджэй Пачобутtwitter.com/Latushka

Gazeta Wyborcza друкуе вялікі артыкул пра беларускую палітычную зняволеную Марыю Калеснікаву, якую некалькі дзён таму паказалі ўпершыню за прыкладна паўтара года. Стала вядома, што яна сустрэлася з бацькам у турэмным шпіталі.

Выданне нагадвае, што Маша была прыгавораная на 11 гадоў зняволення пасля таго, як адмовілася пакідаць Беларусь, парваўшы свой пашпарт. Між іншым, дзякуючы гэтаму жэсту яна стала адной з самых вядомых актывістак беларускай апазіцыі. Па словах сястры, яе трымалі ў поўнай ізаляцыі, яна была цяжка хворай, перанесла аперацыю. Улады рабілі ўсё, каб жанчына думала, што ўсе пра яе забылі. Зусім інакш прадстаўлялі сітуацыю ўлады. Лукашэнка ў інтэрв’ю ВВС заявіў, што «ніхто не спрабуе ўбачыцца з ёй, паколькі яна не патрэбная блізкім». І дадаў, што калі Марыя папросіць аб памілаванні, ён такую просьбу разгледзіць.

Газета нагадвае аб хвалі памілаванняў у Беларусі. Хаця цяжка казаць пра поўную свабоду, нават калі палітвязні фармальна выходзяць на волю. Яны адмаўляюць у кантакце СМІ, не хочуць каментаваць памілаванне, некаторыя нават агулам просяць не паведамляць іх дадзеныя, што яны выйшлі з калоніі. Гэта і не дзіўна, паколькі сілавыя структуры маюць поўны кантроль над гэтымі людзьмі.

Rzeczpospolita ў сваю чаргу піша пра іншага палітвязня, самага вядомага ў Польшчы вязня рэжыму Лукашэнкі — журналіста Анджэя Пачобута. Руслан Шошын называе яго сімвалам польскай бездапаможнасці. Пачобут правёў у калоніі больш за 1300 дзён, жонка магла з ім сустрэцца апошні раз (праз шкляную шыбу) у чэрвені мінулага года.

Дыпламатычныя кантакты паміж Мінскам і Варшавай зведзеныя амаль да нуля. «Але Польшча захоўвае сувязі з іншымі постсавецкімі дыктатарамі. Нядаўна прэзідэнт Анджэй Дуда быў на саміце ў Баку, куды прыехаў таксама Лукашэнка. Ці мы выкарыстоўваем гэтыя сувязі, каб прымусіць дыктатара пайсці на ўступкі?»,  — пытаецца аўтар.

нг


Павал Усаў: Публікацыя здымкаў Калеснікавай – паспяховы элемент маніпуляцыі і разбурэння вобразаў рэвалюцыі 2020 году

13.11.2024 15:11
Палітолаг аналізуе кантэкст з'яўлення здымкаў палітзняволенай Марыі Калеснікавай.