Беларуская Служба

Фундацыя «Файны свет» – прастора творчасці і падтрымкі для дзяцей і дарослых у Познані

19.11.2024 06:01
Пачыналі з настольных гульняў для дзяцей, а цяпер фундацыя «Файны свет» запрашае на лекцыі па мастацтве дарослых і дае магчымасць кожнаму праявіць сябе ў творчасці.
Аўдыё
  • Фундацыя «Файны свет» – прастора творчасці і падтрымкі для дзяцей і дарослых у Познані
Горад ПознаньПавел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё/Radyjo.net

Хацелася, каб дзеці не адчувалі сябе самотнымі

Кацярына і Аляксей — абодва інжынеры, якія скончылі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і электронікі. У эміграцыю яны выехалі ўсёй сям'ёй. На новым месцы даводзілася ўладкоўваць не толькі сваё жыццё, але і найперш — жыццё сваіх дзетак. Кацярына бачыла, як няпроста было дзецям інтэгравацца ў новае асяроддзе, таму разам з мужам вырашыла стварыць для іх утульную прастору, што нагадвала б ім дом. Так у польскай Познані з’явілася беларуская фундацыя «Файны свет».

— Спачатку ў нас не было планаў адкрываць фундацыю. Мы хацелі толькі наладзіць сустрэчы для дзяцей. Сюды прыехалі з нашымі дзецьмі-падлеткамі і бачылі, як ім складана знайсці сваё месца ў новым асяроддзі. Тады мы і вырашылі стварыць такую прастору, дзе падлеткі розных узростаў маглі б сустракацца і падтрымліваць адно аднаго, — распавядае Кацярына.

Мы проста прапанавалі тое, што заўсёды было ў нашай сям'і…

Аляксей і Кацярына згадваюць, што ў пачатку прапанавалі ў прасторы новастворанай фундацыі тое, што ў іх сям'і любяць усе — настольныя гульні.

— Памяшкання свайго ў нас няма, нам яго даюць пакарыстацца сябры. І, мабыць, дзякуючы гэтаму наладзілася наша дзейнасць, — дзеліцца Аляксей. Ён паказвае на палічкі з настольнымі гульнямі, якія прывезлі з Беларусі.

— На першай сустрэчы ў нас было каля дваццаці пяці падлеткаў ва ўзросце ад 15 да 20 гадоў, пераважна гэта былі дзеці эмігрантаў з Беларусі, — распавядае Кацярына.

— Як хутка вы зразумелі, што варта працягваць гэта рабіць?

— Здаецца, на трэцім спатканні да мяне падышла дзяўчынка і сказала, што адчула сябе як дома. Тады я зразумела, што трэба працягваць гэтую справу, — узгадвае Кацярына.

Хочам, каб тут было «месца сілы» 

З цягам часу дзейнасць фундацыі пашыралася. У «Файным свеце» можна патрапіць на майстар-класы па маляванні, паслухаць лекцыю па культуралогіі, зрабіць вырабы сваімі рукамі з дапамогай прафесійных выкладчыкаў.

— Цяпер мы сталі фундацыяй і развіваем розныя напрамкі дзейнасці. Хочам, каб дзеці мелі культурную прастору, «месца сілы», дзе яны маглі б развівацца і набірацца ведаў і досведу згодна са сваімі інтарэсамі. Тут можна адпачыць, набрацца сілаў і адкрываць новае, — кажа Кацярына.

Гэта спадабалася і дарослым

На сённяшнім спатканні ў «Файным свеце» прысутнічалі толькі дарослыя. Для іх была прачытана лекцыя пра мастацтва калажу, яго гісторыю і цікавых прадстаўнікоў гэтага жанру. Пасля кожны мог стварыць свой уласны калаж з дапамогай наяўных матэрыялаў.

— Дарослыя самі запыталіся, маўляў, вы ладзіце мерапрыемствы для дзяцей, а ці можна нешта і для нас. Так мы пачалі праводзіць сустрэчы для дарослых, як сёння, — тлумачыць Кацярына. — Наступную лекцыю плануем прысвяціць мастацкаму напрамку — дадаізму. Да гэтага мы ўжо правялі тры спатканні: напрыклад, адну з лекцый прысвяцілі Хэлоўіну і самым страшным карцінам, звязаным з гэтай тэмай.

Усё робім за свае сродкі

Кацярына і Аляксей распавядаюць, што на сустрэчы да іх прыходзяць дзеці і дарослыя не толькі з Беларусі, але і з Украіны, Расіі, Казахстана, Малдовы. Як адзначае Кацярына, людзі прыходзяць на тое, што іх цікавіць у жыцці. На пытанне, ці дапамагае хто-небудзь утрымліваць фундацыю, Кацярына адказвае.

— На сёння ўсё зроблена нашымі з мужам намаганнямі. Я думаю, без яго падтрымкі я не змагла б нічога зрабіць. Новыя гульні, матэрыялы для майстар-класаў — усё гэта Аляксей набываў за свае грошы. Іншыя людзі дапамаглі з памяшканнем для сустрэч. Таксама з намі працуе яшчэ адна сям'я, якая займалася падобнымі сустрэчамі для падлеткаў, і так мы разам стварылі фундацыю.

Трэба часцей цікавіцца мастацтвам

У памяшканні пануе творчая атмасфера. Пасля лекцыі пра гісторыю калажу прысутныя пачынаюць працаваць над сваімі творамі. Адна з дзяўчат распавядае, што яе на варштат прывёў хлопец, які вельмі цікавіцца мастацтвам.

— Ён хацеў паспрабаваць стварыць калаж, і я вырашыла яго падтрымаць, — кажа яна.

— І якая выснова?

— Трэба часцей займацца мастацтвам і не баяцца рабіць нешта новае. Я вельмі задаволеная гэтым вечарам, бо тут правяла цудоўныя гадзіны.

Яшчэ адна дзяўчына задаволена ўсміхаецца і кажа, што не першы раз прыходзіць на варштаты. Яе зацікавіла тэма калажу, бо ніколі раней гэтым не займалася.

— Мне ўсё вельмі спадабалася: і лекцыя Кацярыны, і сам працэс стварэння калажа, — з удзячнасцю адзначае яна.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы