Ганна Мазярская была намінаваная на званне Варшавянкі года маладога пакалення. У Ганны мама беларуска, журналістка Вольга Гардзейчык-Мазярская, тата – паляк, журналіст Войцех Мазярскі. Важную ролю ў выхаванні дзяўчыны прымала беларуская бабуля, дзякуючы якой яна так добра ведае расійскую мову, хаця мама размаўляе з ёй і па-беларуску.
Сёння мы прапануем вашай увазе другую частку гутаркі, у якой пойдзе гаворка пра важныя праблемы, якія цікавяць прадстаўнікоў маладога пакалення палякаў.
Важная галіна барацьбы за правы жанчын - барацьба за свабодныя і бясплатныя аборты. У Польшчы самае жорсткае антыабортнае права ў Еўропе. Як, на тваю думку, павінна выглядаць гэтае права – ці жанчыны павінны цалкам распараджацца сваім целам і вырашаць, нарадзіць дзіця, ці не? Нельга ж забываць, што ў дзіцяці двое бацькоў – ці голас мужчыны не павінен лічыцца?
- Рэдкі выпадак, калі мужчына хоча дзіця, а жанчына – не. Гэты аргумент часта прыводзяць людзі, якія агулам супраць абортаў – яны стараюцца раздзьмуць справу, паказаць, што гэта вялікая праблема, але на самой справе гэта рэдкая праблема. Калі ў сям'і мужчына хоча дзіця, а жанчына не, тады яны могуць гэта абмяркоўваць. Тым не менш, жанчына дзевяць месяцаў носіць дзіця. Акрамя таго, для яе гэта вялікая эканамічная праблема, паколькі пасля нараджэння ёй значна цяжэй вярнуцца на працу на той жа ўзровень, з якога яна сыходзіла. Я чытала кнігу «Капітал жанчын» пра тое, як жанчыны трацяць у эканамічным плане пасля нараджэння дзіцяці. Лічыцца, што на працягу 10 гадоў пасля нараджэння першага дзіцяці ў жанчыны яшчэ няма такіх заробкаў, як да цяжарнасці. Але самае важнае, каб агулам жанчына мела выбар – каб была магчымасць зрабіць аборт.
У Польшчы вострая дэмаграфічная праблема. А многія жанчыны кажуць, што яны баяцца зацяжарыць, паколькі нельга будзе зрабіць аборт, калі акажацца, што дзіця цяжка хворае.
- Так я гэта заўважаю ўва ўсіх маіх сябровак, якія вырашаюць, што пакуль што дзяцей у іх не будзе. Гэта, канешне, наступная складаная праблема – пытанне хворых дзяцей, ці ў дадзеным выпадку павінны быць даступныя аборты. На маю думку, бацькі, перш за ўсё жанчына, самі павінны вырашаць ці яны могуць сабе дазволіць мець хворае дзіця. Калі яны ўпэўненыя, што яны не гатовыя, дык і такому дзіцяці не будзе добра.
У Польшчы жанчыны зарабляюць усё яшчэ менш, чым мужчыны за тую ж працу. Гэтая розніца складае каля 16% ці 17%, яскравая несправядлівасць. І за апошнія гады дыспрапорцыя не змяншаецца.
- Вельмі часта мужчыны на працы размаўляюць пра сваю зарплату, а жанчыны не размаўляюць. У Польшчы жанчыны змагаюцца, каб зарплаты былі яўнымі. Вельмі часта здараецца, што пры суразмоўі не ведаеш, колькі будзеш зарабляць, і калі атрымаеш працу, не ведаеш, колькі зарабляе калега. Я размаўляла з жанчынамі, кіроўцамі аўтобусаў, пытала іх, ці яны зарабляюць менш, чым калегі, мужчыны. Яны казалі, што стаўка аднолькавая, але яны значна часцей застаюцца з дзецьмі, калі дзіця хворае, не ідуць на працу, таму не атрымліваюць прэміі на канец месяца. Усе ўспрымаюць як норму, што жанчына застаецца з хворым дзіцём. З-за гэтага ў жанчын часта ніжэй зарплата.
Польшча адзначыла толькі што гадавіну абвяшчэння незалежнасці. Гэта добрая нагода, каб запытаць, што для сучаснай моладзі азначае патрыятызм?
- Сёння складана быць патрыётам, таму што ў маладых людзей няма ніякіх перспектыў на жыццё ў Польшчы. Амаль уся мая школа выехала за мяжу а тыя, хто застаўся, змагаюцца за тое, каб калісьці, на працягу 20 гадоў, дазволіць сабе купіць кватэру. Многія маладыя адчуваюць сябе тут дрэнна і ахвотна выехалі б, хаця гэта месца, з якім мы звязаныя, куды вяртаемся. Падчас выбараў у мінулым годзе былі вялікія надзеі, маладыя галасавалі, каб нешта змянілася, былі рэкорды яўкі. Але, пры новым урадзе, нічога не змянілася. Я стараюся не здавацца. Мной кіруе не вера, а злосць. Я не хачу дазволіць, каб у ХХІ стагоддзі ў Польшчы адбываліся такія рэчы, якія адбываюцца.
Вынікі галасавання ў конкурсе на Варшавянку года будуць аб’яўленыя 26 лістапада.
Размаўляла Наталля Грышкевіч
Слухайце далучаны гукавы файл