Беларуская Служба

«Вігілійная дапамога дзецям» - ініцыятыва, якая спалучае традыцыю, веру і сацыяльную актыўнасць

01.12.2024 06:11
Каталіцкая дабрачынная арганізацыя «Карытас Польшча» ўжо ў трыццаць першы раз распачала акцыю «Вігілійная дапамога дзецям».
,
Свечка, якая стварае польскую ВігіліюCaritas Polska

У рамках акцыі распаўсюджваюцца адмыслова вырабленыя свечкі, якія гараць на святочных сталах. Атрыманыя такім чынам сродкі накіроўваюцца на дапамогу дзецям з самых бедных сем’яў Польшчы.

Летась 44 тысячы дзяцей атрымалі падтрымку ў рамках акцый і праграм «Карытас Польшча», кажа намесніца дырэктара арганізацыі Малгажата Яраш-Яршэўска:

- Сродкі ад продажу свечак прызначаюцца на летні адпачынак дзяцей. «Карытас» штогод ладзіць такі адпачынак каля 20 тысячам дзяцей. Гэта і даўжэйшыя адпачынкі, і варштаты ў нашых цэнтрах. Таксама сродкі ідуць на стыпендыі «Крылы» і «Два талетны», гэта таксама падтрымка дзяцей-інвалідаў, хворых дзяцей.

У дваццаць пяты раз да акцыі далучаюцца і іншыя хрысціянскія цэрквы — лютэранская і праваслаўная.

Дырэктар Праваслаўнага сталічнага цэнтра міласэрнасці «Элеос» ксёндз Даратэвуш Савіцкі падкрэсліў, што пасланне кампаніі «Карытас» з’яўляецца ўніверсальным і аб’ядноўвае ўсіх людзей:

- У гэтым годзе мы выбралі для нашай акцыі слоган – «Свечка міру і надзеі». Ён адносіцца да таго, што мы ўсе перажываем. У гэтым свеце так мала міру. Новыя войны, новыя няшчасці. І гэта не толькі войны, дзе церпяць цэлыя народы. Але як часта вайна ідзе ў нашых дамах, нашых супольнасцях. Мы просім, каб у агні гэтай свечкі згарэла ўсё, што нас дзеліць.

У рамках леташняй «Вігілійнай дапамогі дзецям» у польскіх дамах запалілі амаль 2 мільёны свечак.

Свечка «Карытас» таксама з’яўляецца сімвалам міжнароднай салідарнасці. На працягу амаль 30 гадоў 10 грошаў з кожнай свечкі ахвяруюцца на дапамогу дзецям, якія жывуць у самых бедных краінах свету. Сродкі мінулагодняй акцыі падтрымалі самых маленькіх жыхароў Эфіопіі.

Падтрымаць «Вігілійную дапамогу дзецям» можна не толькі набыццём свечкі ў парафіях ці ўстановах «Карытас». Арганізацыя таксама дазваляе аказваць падтрымку праз Інтэрнэт і банкаўскія пераводы.

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры