Беларуская Служба

Кліматычная дэзінфармацыя - частая з'ява ў інфапрасторы

29.11.2024 14:23
Амаль палова палякаў сутыкаецца з кліматычнай дэзінфармацыяй. Чым больш пытанняў пра змены клімату ў грамадскай прасторы, тым больш верагодна, што тэма клімату будзе падвяргалася маніпуляцыям і скажэнням.
Аўдыё
  • Кліматычная дэзінфармацыя - частая з'ява ў інфапрасторы
.
.photoshopper24/pixabay.com/CC0

Дэзінфармацыя распаўсюджваецца ў адказ на грамадскі інтарэс да дадзенай тэмы. Чым больш пытанняў пра змены клімату ў грамадскай прасторы, чым больш актыўна прадпрымаюцца захады, звязаныя з адыходам ад выкапнёвага паліва, тым больш верагодна, што тэма клімату будзе падвяргацца маніпуляцыям і скажэнням.

Даследаванні фонду Інстытут грамадскіх спраў (Instytut spraw publicznych) паказваюць, што амаль палова палякаў сутыкаецца з кліматычнай дэзінфармацыяй. Успрымальнасць польскага грамадства да такога тыпу дэзінфармацыі высокая і з'яўляецца вынікам складанасці пытанняў, звязаных са змяненнем клімату, а таксама недастатковага ўзроўню ведаў і кампетэнтнасці СМІ.

Прэс-сакратар польскага «Грынпісу» Катажына Білеўска гаворыць, што за з’явай кліматычнай дэзінфармацыі іх арганізацыя назірае непасрэдна. Як арганізацыя, якая засяроджваецца на глабальных экалагічных і кліматычных выкліках, у першую чаргу заўважае ўплыў кліматычнай дэзінфармацыі на грамадскае стаўленне да пытання кліматычнага крызісу і адыходу ад выкапнёвага паліва:

- У выпадку клімату мы голым вокам бачым дэзінфармацыйную дзейнасць. Ёсць цэнтры, лабісцкія групы ці нават дзяржавы, якія замешаныя ў распаўсюд кліматычнай хлусні, каб выклікаць трывогу, абвастрыць грамадскія канфлікты. І гэта з’ява, якая нас вельмі непакоіць. Яна ўплывае на тое, што некаторыя працэсы, датычныя клімату, могуць запаволіцца, што будзе шкодным для цэлага свету.

Катажына Білеўска дае прыклад кліматычнай дэзінфармацыі: прызнанне таго, што змены клімату адбываюцца, сярэдняя тэмпература на зямлі расце, але гэта натуральны працэс, з якім нічога зрабіць нельга:

- Гэта выклікае недавер да аўтарытэтаў. Калі пад сумнеў ставяцца вынікі навуковых даследаванняў, ставіцца пад сумнеў навуковы кансенсус, то адрасаткі і адрасаты не маюць упэўненасці, што з’яўляецца праўдай. У выніку, як паказваюць новыя сацыялагічныя даследаванні, усё менш людзей хочуць дзейнічаць на карысць клімату. У ліпені гэтага году выйшла справаздача экспертаў і экспертак НАТА, дзе ўказаныя некалькі цэнтраў такой дэзінфармацыі. Адным з іх з’яўляецца Расія. Узмоцненая дэзінфармацыйная дзейнасць з яе боку асаблівым чынам была заўважаная  паміж 2022 і 2024 гадамі. Да Расіі далучаецца Кітай, паколькі гэта краіны, якія намагаюцца дэстабілізаваць палітыку, асабліва ў сферах гаспадаркі, вытворчасці энергіі, яе складавання, новых тэхналогій. Гэтыя краіны хочуць выклікаць трывогу, дэстабілізаваць сітуацыю, і, магчыма, увайсці са сваімі прапановамі ў пустое месца, якое ўзнікае.

Прыкладам, які закрануў непасрэдна Польшчу, і пра які гаворыць справаздача НАТА, з’яўляюцца пратэсты выкліканыя «Зялёным ладам» ЕС. Еўрапейская зялёная дамова прадугледжвае, што да 2050 года ЕС стане першай кліматычна нейтральнай тэрыторыяй у свеце, забруджванне зменшыцца, а прырода і экасістэмы вернуцца да здаровага балансу. Зялёны лад датычыцца скарачэння высокіх выкідаў вуглякіслага газу ў выніку сельскагаспадарчай дзейнасці, што і не спадабалася фермерам.

- Некаторыя фермерскія асяроддзі пачалі пратэставаць супраць «Зялёнага ладу», супраць запісаў, якія тычыліся лясных тэрыторый, а не сельскагаспадарчых зямель, і якія павінны быць пад аховай, бо яны – калыска жыцця, месца, якое дапаможа адбудаваць біялагічную разнастайнасць. Пратэсты распаўсюдзіліся на ўсю Польшчу. Справаздача паказвае, што, магчыма, яны былі ініцыяваныя службамі, звязанымі з Крамлём, ці непасрэдна асобамі, якія кіруюць у Расіі. Гэта вельмі матэрыяльны прыклад таго, як дэзінфармацыя ўплывае на нашае жыццё. Бо гэта былі пратэсты, з якімі грамадзянкі і грамадзяне мелі непасрэднае дачыненне, але і, на жаль, вельмі канкрэтныя крокі ўрадаў, які адхілілі некаторыя змены ў еўрапейскім праве, якія дзейнічаюць на некарысць аховы прыроды і клімату.

Як у кожнай іншай навуковай галіне важна ўмець граматна карыстацца інфармацыяй.

- Адной з найлепшых крыніц інфармацыі пра клімат з’яўляецца старонка naukaoklimacie.pl, якую вядзе выдатны калектыў навукоўцаў. Яны даступным, навукова-папярным чынам паказваюць складаныя справы, датычныя змен клімату. Тлумачаць, як раптоўныя з’явы з’яўляюцца вынікам таго, што сярэдняя тэмпература на зямлі расце. Гэта была б галоўная крыніца, якую я б параіла асобам, які ці то вагаюцца, ці маюць перакананні, але яшчэ не сягалі да крыніцы. Напэўна naukaoklimacie.pl была б добрым пачаткам, - гаварыла Кацярына Білеўская з польскага «Грынпісу».

Разуменне таго, якой можа быць кліматычная дэзінфармацыя, хто за ёй стаць і якія інструменты выкарыстоўвае, мае важнае значэнне для распрацоўкі эфектыўных стратэгій барацьбы з дэзінфармацыяй і прасоўвання абгрунтаваных кліматычных дзеянняў.

ав

слухайце аўдыё

 

 

 

 

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце