Беларуская Служба

Новы прадмет, які хочуць увесці ў польскіх школах, выклікае пратэсты кансерватыўнага асяроддзя

03.12.2024 12:32
Прадмет будзе ўтрымліваць элементы сексуальнай адукацыі.
Аўдыё
  • Новы прадмет у польскай школе выклікае пратэсты.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/Sameer Neamah Mahdi

Новы прадмет, які закранае медыцынскае выхаванне, пачнуць выкладаць у пачатковых і сярэдніх школах Польшчы з верасня наступнага года. Прадмет назвалі «Edukacja zdrowotna» («Адукацыя дзеля здароўя» або «Медыцынская адукацыя»). Яго праграма будзе ўключаць тэмы, звязаныя з фізічным, псіхічным і сексуальным здароўем чалавека. Калі два першыя элементы не выклікаюць супраціву, дык сексуальнае выхаванне стала прычынай пратэстаў.

«ТАК – адукацыі! НЕ – распусце!» — пад такім лозунгам прайшлі пратэсты ў Варшаве і Бялай Падляскай супраць гэтага абавязковага прадмета. «Мы выказваем свой пратэст супраць змяненняў, якія ўводзіць Міністэрства адукацыі. У такім выпадку мы, бацькі, не будзем мець уплыву на выхаванне дзяцей у адпаведнасці з нашымі каштоўнасцямі», — заяўлялі ўдзельнікі маніфестацыі ў Бялай Падляскай.

- Выхаванне, якое рыхтавала да сямейнага жыцця, замянілі прадметам, назоў якога гучыць прывабна – «Медыцынскае выхаванне». Пры гэтым, сям'я не прадстаўляе ў праграме гэтага прадмета ніякай каштоўнасці, яе няма нават у якасці фону таго зместу, які будуць дэманстраваць школьнікам.

- Гэта прынясе адмоўныя наступствы ў дарослым жыцці дзяцей.

- Ёсць інфармацыя, якую павінны атрымліваць вучні ў школе, і гэтую інфармацыю школьнікі атрымлівалі да гэтага часу. У сваю чаргу, інфармацыя, якая датычыць сексуальнасці, не патрэбная, на маю думку, дзецям, асабліва такім малым.

Падобная акцыя з такім жа лозунгам «ТАК – адукацыі! НЕ – распусце!» адбылася таксама ў Варшаве. Згодна меркаванню заслужанага педагога і сексолага, прафесара Збігнева Іздэбскага (Zbigniew Izdebski), які з'яўляецца каардынатарам каманды па распрацоўцы праграмы новага прадмета, заявы аб тым, што гэты прадмет будзе сексуалізаваць дзяцей, з’яўляюцца маніпуляцыяй.

- Змест прадмета «Адукацыя дзеля здароўя» закранае каштоўнасці, закранае пытанні фізічнага здароўя, фізічнай актыўнасці, рацыянальнага харчавання, псіхічнага здароўя, сексуальнага здароўя. Ён таксама датычаць праблем, звязаных з навакольным асяроддзем, з інтэрнэтам, дрэннымі звычкамі. Праграма падрыхтаваная такім чынам, каб яна адказвала на патрэбы ў развіцці дзяцей і моладзі.

Пратэст супраць увядзення новага прадмета з'яўляецца вынікам недахопу інфармацыі і ведаў, - заявіла ў эфіры Польскага радыё Беласток падляшская куратарка адукацыі Агнешка Крокас-Янчыла (Agnieszka Krokos – Janczyło). Пратэст быў арганізаваны ў Варшаве Кааліцыяй за захаванне польскай школы, якая аб'ядноўвае больш за 70 грамадскіх арганізацый. Падобныя акцыі прайшлі ў іншых гарадах. Агнешка Крокас-Янчыла адзначае, што пратэсты ўзнікаюць у выніку распаўсюджвання дэзінфармацыі.

Куратарка падкрэслівае, што мэта новага прадмета  - не разбудзіць сексуальнасць, як сцвярджаюць пратэстуючыя, а адукаваць у гэтым плане.

- Людзі засяроджваюцца перш за ўсё на наратывах, пачутых дзесьці выпадкова, і, шчыра кажучы, я думаю, што большасць з гэтых людзей, калі не ўсе, нават не зазіралі ў аснову праграмы па гэтым прадмеце. А калі абмеркаванне зводзіцца толькі да агульных лозунгаў, тады нехта засяроджваецца на адным з іх і лічыць, што ўвесь прадмет пабудаваны вакол яго. Гэта, безумоўна, памылка.

Уся аснова праграмы заснаваная на медыцынскіх і псіхалагічных ведах. Яна распрацаваная і арганізаваная такім чынам, каб у цэлым адукаваць дзіця ў кантэксце здаровага ладу жыцця. Адным з элементаў гэтага прадмета з’яўляецца сексуальная адукацыя. Але, калі ласка, не трэба блытаць яе з сексуалізацыяй дзяцей.

Школьныя прадметы, звязаныя са здароўем, у розных еўрапейскіх краінах адрозніваюцца па назве, змесце і структуры. Яны могуць уключаць аспекты фізічнага выхавання, здаровага ладу жыцця, псіхалагічнага здароўя і асноў медыцыны.

У Польшчы ёсць прадмет «Адукацыя для бяспекі» (Edukacja dla bezpieczeństwa), на якім вучні пазнаюць асновы першай медыцынскай дапамогі, псіхалагічную падрыхтоўку да крызісных сітуацый, а таксама пытанні бяспекі і здаровага ладу жыцця. Ёсць таксама элементы ведаў пра жыццё ў сям'і, але на гэтых уроках дагэтуль практычна не закраналіся аспекты сексуальнага выхавання. Акцэнт робіцца на „падрыхтоўцы да сямейнага жыцця”, што часта мае кансерватыўны характар, а пытанні кантрацэпцыі і сексуальнай разнастайнасці асвятляюцца мінімальна.

Сексуальная адукацыя ў школах існуе ў многіх краінах Еўропы, але яе маштаб, праграма і ўзрост, з якога яна пачынаецца, адрозніваюцца ў залежнасці ад нацыянальных традыцый, культуры і адукацыйных палітык. У многіх краінах робіцца акцэнт на псіхалагічным здароўі і сацыяльных навыках. Сексуальная адукацыя таксама інтэгруецца ў школьныя праграмы, каб вучні мелі веды пра здаровыя адносіны і рэпрадуктыўнае здароўе. 

IAR/нг