Беларуская Служба

Польшча прымае захады па прадухіленні засухі ў краіне  

05.12.2024 16:03
Захады з мэтай захоўвання вады прымаюцца ў Польшчы ўжо нейкі час.
Аўдыё
  • Польшча прымае захады па прадухіленні засухі ў краіне
РакаБеларуска служба Польскага радыё/radyjo.net

Слухайце далучаны гукавы файл

Дзяржаўны водны холдынг «Польскія воды» (Wody Polskie), галоўная арганізацыя, адказная за нацыянальную водную гаспадарку, распрацоўвае план супрацьдзеяння наступствам засухі ў Польшчы.

На першым этапе запускаецца праект «Стоп для засухі! Старт рэтэнцыі». Сутнасць праекту ў дзеяннях, мэта якіх затрыманне вады ў адмыслова падрыхтаваных для гэтага вадасховішчах. Да праекту падключаюцца эксперты, у тым ліку прадстаўнікі навукі і грамадскіх арганізацый.

Старшыня холдынгу «Польскія воды» Яанна Капчыньска (Joanna Kopczyńska) падкрэсліла, што неабходна затрымаць дажджавую ваду ў полі, каб яна была даступная навакольнаму асяроддзю круглы год:

 - Гадамі раней вада ў нас была з раставання снегу -  і гэта была асноўная крыніца забеспячэння вады на цэлы год. Сёння снегу на многа менш і ён ляжыць вельмі кароткі час, таму і вады стала на многа менш. Цяпер, калі мы хочам падтрымаць нашую сельскую гаспадарку і прыроду, мы вымушаны забяспечыцца вадой іншымі спосабамі, чым раней.

Захады з мэтай захоўвання вады прымаюцца ў Польшчы ўжо нейкі час.  Дагэтуль завершана 55 інвестыцый па зберажэнні вады. У тым ліку, мадэрнізацыя вадасховішчаў, адмысловыя мерапрыемствы ў сельскагаспадарчых раёнах, якія знаходзяцца пад пагрозай засухі, і павышэнне рэтэнцыйнай здольнасці рэк.

«Польскія воды» рыхтуюць новы план барацьбы з наступствамі засухі ў супрацоўніцтве з навукоўцамі ды прадстаўнікамі дзяржаўнай і мясцовай адміністрацыі. У пачатку 2026 года запланаваныя грамадскія кансультацыі, у якіх зможа прыняць удзел кожны водакарыстальнік: прадпрымальнікі, фермеры, прадстаўнікі няўрадавых арганізацый і жыхары.

 Польшча - краіна, у якой адны з самых нізкіх водных рэсурсаў у Еўропе, - амаль у тры разы менш вады на душу насельніцтва, чым у сярэднім па Еўропе. Найбольшы дэфіцыт вады назіраецца перад усім на Мазовіі, у Люблінскім ваяводстве, на Падляшшы, у Велікапольшчы і ў частцы Мазурскага Паазер'я.

IAR/яс

 

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка