За некалькі тыдняў да Калядных свят, як штогод, Першы канал грамадскага Польскага радыё праводзіць дабрачынную акцыю пад назваю «Ялінкі Адзінкі – ДАПАМАГАЕМ». Ужо пачаліся аўкцыёны, на якіх можна закупіць рэчы, ахвяраваныя самымі рознымі асобамі, якія хочуць такім чынам падтрымаць іншых людзей у патрэбе.
«Адкрывайце сэрцы і ўсміхайцеся. Гэта тое, што нам усім патрэбна, каб рухацца наперад. Разам мы можам зрабіць нешта добрае», - так пра дабрачынную акцыю «Ялінкі Адзінкі» казала ў Першай праграме Польскага радыё Анна Дымна (Anna Dymna), старшыня Фонду «Нягледзячы ні на што».
9 снежня на хвалях радыёстанцыі пачаўся аўкцыён ахвяраваных прадметаў і работ, створаных у межах дабрачыннай акцыі. Гэта выдатная магчымасць разам падтрымаць тых, хто ў перыяд Калядных свят спадзяецца атрымаць дапамогу ад іншых.
– Давайце адкрываць свае сэрцы, усміхацца, каб неяк ісці наперад. Дзякуючы вам хтосьці можа ўсміхнуцца, усім нам гэта вельмі патрэбна, каб не дазволіць сабой завалодаць нянавісці і смутку. Дзякуючы вам нехта зможа ўсміхнуцца, хтосьці, каму часам сумна і, магчыма, яму няма з кім правесці святы. Кожны грош, які ўдасца сабраць, гэтыя рэчы, якія вы набудзеце на аўкцыёне, прынясуць вам шчасце, а сабраныя грошы дапамогуць зрабіць чыйсьці дзень лепшым, ён зможа ўсміхнуцца. Дзесьці, тысячы гадоў таму, нарадзілася іскарка святла, пачалася Эра любові, якая працягваецца да нашага часу. Некаторыя пра гэта забываюць, паколькі мы ўсе бачым, што адбываецца на свеце, але гэтая эра працягваецца. І мы павінны яе падтрымліваць, каб агонь любові гарэў. І «Ялінкі Адзінкі» гэта робяць.
Anna Dymna mówi w Jedynce o akcji "Choinki Jedynki - POMAGAMY"
Фігуркі Святых Мікалаяў, снегавікі і Віфліемскія зоркі з’явіліся на святочных малюнках, зробленых дзецьмі і моладдзю ў межах дабрачыннай акцыі. Дваццаць малюнкаў выстаўленыя на аўкцыён. Увесь даход ад аўкцыёну будзе накіраваны на падтрымку Фонду Анны Дымнай «Нягледзячы ні на што», а таксама на іншую высакародную мэту, пра што паведаміў журналіст першага каналу Польскага радыё («Адзінка») Даніэль Выдрых (Daniel Wydrych).
- Кожны год Анна Дымна, старшыня фонду, шчодра дзеліцца тым, што нам удасца сабраць падчас аўкцыёну. Сёлета яна вырашыла падзяліцца з ахвярамі паводкі, якая здарылася ў верасні ў Ніжняй Сілезіі. Частка сродкаў будзе перададзеная асобам з абмежаванымі магчымасцямі, якія пацярпелі падчас паводкі.
З 9 па 11 снежня на аўкцыён таксама выстаўленыя прадметы, ахвяраваныя славутымі асобамі з культурнай, музычнай, навуковай і спартыўнай сфер. Напрыклад, можна будзе ўзамен за ахвяраваныя грашовыя сродкі атрымаць магчымасць разам павесці перадачу «Чатыры пары года» у эфіры Першай праграмы Польскага радыё. Разам з вядучым Раманам Чэярэкам (Roman Czejarek).
- Узнагарода – гэта тое, што можна прыйсці на радыё, убачыць студыю, пераканацца, як выглядае радыё «за кулісамі», сесці перад мікрафонам і, што самае важнае, павесці перадачу. Але гэта таксама азначае, што неабходна раней падрыхтавацца да перадачы, трэба прыдумаць яе тэму. Мы разам павінны вырашыць, пра што будзем размаўляць, з кім будзем размаўляць, якога госця запрасіць у студыю. І, магчыма, нават выбярэм разам музыку ў гэтую перадачу.
У мінулым годзе на карысць Фонду «Нягледзячы ні на што» і Фонду «Супольнасць Надзеі» было сабрана 157 тысяч 937 злотых. Ганаровы патранат над акцыяй узяла на сябе Упаўнаважаная па правах дзіцяці Моніка Горна-Цесьляк.
А сёлета першай рэччу, якая трапіла на аўкцыён, стала шопка (пол. szopka, бел. батлейка, укр. вяртэп). Яе зрабіла сама Анна Дымна.
– У мяне няма вялікага таленту рабіць нешта рукамі, але я зрабіла шопку. Яна атрымалася крыху недакладнай, і гэтыя жывёлінкі ўвесь час з мяне насміхаліся. Спачатку я доўга трымала гліну ў руках і ляпіла шарык. Я вельмі стамілася і не ведала, што атрымаецца. Потым пачала рабіць шопку. З дапамогай прэса для часнаку зрабіла прыгожае сянцо, а затым пачала ляпіць розных жывёл. Складаней за ўсё было зрабіць мядзведзя, які пастаянна нагадваў гарылу, сама не ведаю, чаму. Але ў канцы канцоў выйшаў мядзведзь.
У рамках аўкцыёну слухачы могуць набыць не толькі батлейку Анны Дымнай, але і сустрэчу з музыканткай Аннай Вышконі (Anna Wyszkoni).
- Я запрашаю ўдзельнічаць, як штогод, у дабрачыннай акцыі «Ялінкі Адзінкі». А калі хочаш убачыць, як выглядае мая праца «od kuchni» – за кулісамі канцэртаў, убачыць, як праходзіць падрыхтоўка да выступлення, рэпетыцыі, я запрашаю праняць удзел у аўкцыёне. Гэта выдатная магчымасць атрымаць такі вопыт.
На аўкцыён былі перададзеныя, у прыватнасці, футболка з аўтографамі польскай зборнай па футболе і футболка вядомага тэнісіста Губерта Гуркача (Hubert Hurkacz), а таксама розныя матэрыяльныя і нематэрыяльныя прызы, у тым ліку малюнкі ды іншыя работы дзяцей, якія сталі пераможцамі мастацкага конкурсу. Усе працы можна ўбачыць на сайце Польскага радыё.
І Пр. Польскага радыё/IAR/нг