Папа Францішак звярнуўся ў нядзелю да ўрадаў і міжнароднай супольнасці з заклікам увесці рэжым спынення агню на ўсіх франтах да Божага Нараджэння. З такім заклікам ён звярнуўся падчас сустрэчы з вернікамі падчас малітвы «Анёл Панскі» ў Ватыкане.
Звяртаючыся да тысяч людзей, якія сабраліся на плошчы Святога Пятра, Папа сказаў: «Давайце працягнем маліцца за мір: у пакутлівай Украіне, на Блізкім Усходзе, у Палестыне, Ізраілі, Ліване, цяпер у Сірыі, у Бірме, на поўдні Судану і паўсюль, дзе пакутуюць з-за вайны і гвалту».
«Я звяртаюся да ўрадаў і міжнароднай супольнасці забяспечыць спыненне агню на ўсіх франтах вайны да Каляд», — сказаў Францішак.
Ён таксама падкрэсліў: «Сёння я прашу вас маліцца за вязняў, якія знаходзяцца ў калідоры смерці ў ЗША». Ён дадаў, што ў ЗША налічваецца каля дзясятка чалавек, асуджаных да смяротнага пакарання. «Памолімся, каб іх пакаранне змякчылася, змянілася. Падумаем аб гэтых нашых братах і сёстрах і просім у Пана ласкі выратаваць іх ад смерці», — сказаў Папа.
Ён таксама выказаў блізкасць да народа Нікарагуа, дзе працягваюцца ганенні на Каталіцкі касцёл. Ён заахвоціў да малітвы за мясцовы Касцёл і народ і заклікаў да «канструктыўнага дыялогу» ў духу павагі, каб спрыяць міру, братэрству і згодзе ў гэтай краіне.
Францішак згадаў напружанасць на трох італьянскіх заводах «Beko», буйнога міжнароднага вытворцы бытавой тэхнікі, які абвясціў аб звальненні каля 2000 чалавек.
«Я блізкі з працоўнымі, якія салідарна абараняюць права на працу, якое з’яўляецца правам на годнасць. Няхай іх не пазбавяць працы па эканамічных ці фінансавых прычынах».
У сваіх разважаннях перад малітвай «Анёл Панскі» Папа заахвоціў вернікаў паразважаць: «У наш час, захоплены войнамі і сканцэнтраваны на імкненні да валодання і панавання, на што я ўскладаю надзею? На моц, на грошы, на магутных сяброў ці на бясконцую міласэрнасць Бога?»
ав