Наш кірмаш дабрачынны
Калядныя падарункі ад беларускіх рамеснікаў, канцэрты, батлейка для дзетак, беларускія танцы і песні, проста сустрэчы з землякамі, размовы, гарбатка і глінтвейн пад смачнае хатняе печыва.
Спадарыня Юля ўжо трэці год сярод арганізатараў беларускага каляднага кірмашу. Яна распавядае, што яго могуць наведваць усе жадаючыя, хаця пераважная большасць гасцей заўсёды беларусы. Ды і актыўны ўдзел у арганізацыі мерапрыемстваў таксама належыць мясцовым беларусам.
– Мы запрашаем у першую чаргу нашых лакальных познаньскіх артыстаў. Традыцыйна да нас прыходзіць “Познаньскі спеўны сход” са сваёй каляднай праграмай, ладзіць калядкі. Ёсць ініцыятыва, якая ладзіць беларускія народныя танцы, і сёлета мы запрасілі іх на майстар-клас, каб павучылі людзей беларускім танцам. Ёсць бард, дзецям прадставілі батлейку.
Што датычыцца рамеснікаў, то таксама запрашаем беларускіх рамеснікаў, бо намагаемся аб’ядноўваць дыяспару, каб людзі падтрымлівалі сувязь адзін з адным, набывалі нешта ў нашых майстроў, слухалі нашых беларускіх музыкаў і проста былі разам.
– А што можна набыць у якасці сувеніраў на кірмашы?
– Розныя ўпрыгожванні з розных матэрыялаў, знічкі, мыла, цацкі, нацыянальную сімволіку. А таксама прадаем вырабы, якія робяць дзеткі з беларускай школкі адмыслова для гэтага кірмашу за сімвалічныя грошы. Але дзеткі ведаюць, дзеля чаго гэта робяць. Можна набыць упрыгожванні на ялінку, паштоўкі і г.д.
– Кірмаш называюць дабрачынным…
– Яго дабрачыннасць у тым, што ўсе грошы, якія мы на ім збіраем, накіроўваем у Беларусь на падтрымку дзеткам і сем’ям палітвязняў, каб яны таксама мелі падарункі на Каляды.
А яшчэ ў нас варыцца глінтвейн…
А вось адзін са сталоў устаўлены самым розным печывам. Тут гатуюць гарбатку і прапаноўваюць наведнікам. Цікаўлюся, што гэта за такія цудоўныя пірагі і печыва. Спадарыня з задавальненнем тлумачыць:
– Вось гэта рабіў мой муж. Я сама гляджу і хачу паспрабаваць. Падобна на графскія разваліны з чарнаслівам і нейкім крэмам. А вось блінчыкі з тварагом, ёсць шакаладны пірог з вішняй, мандарынкі, кава, гарбата на любы густ. А яшчэ ў нас варыцца глінтвейн…
Я толькі з-за атмасферы сюды і прыходжу
А вось спадарыня Алена прадае жаночыя яркія ўпрыгожванні. Адна з пакупніц ужо прымярае завушніцы. Цікаўлюся ў рамесніцы, з чаго зроблены гэтыя ўпрыгожванні і ці цяжка такому навучыцца?
– У мяне ўпрыгожванні ручной працы, усё цалкам выканана рукамі і патрабуе шмат часу, каб зрабіць нешта такое. Я працую зараз з дротам і бісерам, спрабую рабіць яркія выразныя вялікія формы, каб на жанчынах упрыгожванні былі відаць здалёк.
– Вам падабаецца калядны кірмаш, увогуле атмасфера на ім?
– Я толькі з-за атмасферы сюды і прыходжу, бо звычайна прадаю свае рэчы праз інтэрнэт. А тут я сапраўды атрымліваю асалоду ад удзелу, бо можна пабачыць, як рэагуюць на мае ўпрыгожванні, і натхніцца працамі іншых творцаў.
Тут душа адпачывае
А вось спадарыня Ганна робіць вырабы з палімернай гліны.
– Такія вось кубачкі і лыжкі з дэкарацыямі, з якіх можна піць каву і гарбату. А таксама раблю брылкі і брошкі. Ёсць у мяне вырабы з беларускай сімволікай, і на кірмашах іх часта купляюць. Раблю таксама вырабы з польскай і ўкраінскай сімволікай, бо часта езджу на польскія кірмашы. У мяне кожны знойдзе для сябе тое, што яму спадабаецца.
– Гэта ваш асноўны занятак?
– Я займаюся гэтым восем гадоў і цяпер гэта мая асноўная праца. Я працую дома, праўда, часам гэта цяжка сумяшчаць з бытам, з дзецьмі, але неяк стараюся. Гэта яшчэ і мая любімая справа, бо атрымліваю ад гэтага вялікае задавальненне. І часам нават вельмі злуюся, калі трэба варыць абед, а мне хочацца паляпіць.
– А рамесніку, калі займацца толькі такой справай, можна наогул выжыць у Польшчы?
– На дадзены момант гэта хутчэй невялікі даробак у сям’ю, бо ўсё ж асноўныя грошы зарабляе муж. Пакуль даволі складана хадзіць на польскія кірмашы, бо існуе моўны бар’ер, і заўсёды баішся нешта не тое сказаць. Хацелася б, каб было болей беларускіх кірмашоў, хаця б чатыры на год. Я тут атрымліваю вельмі добрыя эмоцыі, калі людзі прыходзяць і ім падабаецца, яны кажуць добрыя словы.
– А як вам тут атмасфера?
– Гэта цудоўна, бо калі жывеш і не чуеш беларускай мовы – сумна. А вось сёння я прыйшла, і адразу на слых так добра кладзецца наша мова – гэтага вельмі не хапае. І тут цудоўныя кірмашы, я іх вельмі люблю. Тут душа адпачывае.
Набыў шопер з беларускай лацінкай і Пагоняй
Спадар Аляксей уважліва прыглядаецца да рамесніцкіх працаў, нешта выбірае. Цікаўлюся ў яго, як пачуваецца на кірмашы?
– Вельмі добра, таму што ўсё беларускае мне падабаецца. Але мяне не пакідаюць такія думкі, каб рухаць беларускую культуру ў кірунку больш аптымістычным. Але гэта толькі мой погляд. Тым не менш заўсёды буду наведваць такія імпрэзы.
– А падарунак на кірмашы набылі?
– Так, я купіў торбу, як зараз кажуць, шопер з беларускай лацінкай і Пагоняй.
Чароўная атмасфера…
Спадарыня Святлана задаволена атмасферай, якая пануе на кірмашы, усміхаецца і кажа:
– Мне вельмі тут падабаецца: так утульна, прыемна, адчуваеш сябе, як дома, усе спяваюць. Чароўная атмасфера, паўсюль гучыць беларуская мова – гэта, як бальзам на сэрца.
Рэальна святочны настрой
Спадар Мікалай імкнецца падпяваць беларускія песні, удзельнічае ў танцавальных майстар-класах. Відаць, што ў яго прыпадняты настрой.
– Я першы раз на такім мерапрыемстве калядным. Мне вельмі тут усё спадабалася, не думаў, што столькі людзей прыйдзе. Адчуў рэальны святочны настрой, як дома. Па праўдзе, я і ў Беларусі не памятаю, каб быў на такім мерапрыемстве. Таму ўсё, што не робіцца, – усё да лепшага.
Спадарыня Юля, якая з’яўляецца адной з арганізатарак кірмашу, на развітанне заўважае, што падобная атмасфера на Каляды сярод беларусаў стала традыцыйнай, і варта гэтую традыцыю працягваць.
Павел ЗАЛЕСКІ
Здымкі: На беларускім калядным кірмашы ў Познані