Беларуская Служба

Грамадская кампанія «Апоры талерантнасці» прасоўвае ўніверсальныя каштоўнасці, аб якіх трэба клапаціцца

07.01.2025 15:00
Ці ў дэмакратычным, свабодным грамадстве неабходна згадваць пра элементарныя каштоўнасці?
Аўдыё
  • Грамадская кампанія «Апоры талерантнасці».
    .
Кампанія нагадвае пра важнейшыя каштоўнасці.Фота: mat. promocyjne

Любоў, шчасце, свабода, роўнасць, прыняцце і бяспека - гэта каштоўнасці, якія прасоўвае грамадская кампанія «Слупы (або апоры) талерантнасці». Яна папулярызуе адкрытасць і разуменне іншых. Акцыю падтрымалі вядомыя дзеячы культуры і прадстаўнікі навуковай супольнасці, якія разважаюць пра ўніверсальныя каштоўнасці. Напрыклад, пра любоў гаворыць актрыса і спявачка маладога пакалення Юлія Венява (Julia Wieniawa). Любоў – гэта аснова жыцця, а каханне часта дае сэнс. І кожны заслугоўвае любові, без выключэння, – адзначае Юлія.

- Я выбрала любоў, паколькі гэтае пачуццё змяшчае ўсе каштоўнасці, пра якія мы гаворым у кампаніі. Любоў - гэта талерантнасць, любоў - гэта роўнасць, любоў - гэта павага да іншых людзей. Любоў - яна ўсюды, мы – гэта любоў. Давайце любіць сябе, давайце любіць іншых і дазваляць іншым любіць тых, каго яны хочуць.

Любоў павінна быць уключана ў асновы талерантнасці, паколькі гэта базавая каштоўнасць. Шмат гавораць і ў апошнія дні пра любоў, пра любоў да бліжняга, паколькі яна асабліва важная ў святочны перыяд, калі мы шмат часу праводзім з блізкімі людзьмі, якім неабходная наша любоў, якая, несумненна, звязана таксама з пачуццём бяспекі. І менавіта бяспека – гэта чарговая каштоўнасць, якую прадстаўляе артыстка і грамадская актывістка Огі Угонох (Ogi Ugonoh), якая сама сябе называе афраполькай. А што для яе значыць бяспека?

- Для мяне бяспека — адна з найважнейшых каштоўнасцяў. Без бяспека няма роўнасці, няма свабоды і талерантнасці. Кожны павінен мець магчымасць паведаміць аб несправядлівым абыходжанні, ведаючы, што нехта адрэагуе. Мы жывём на гэтай зямлі разам, і не павінна быць так, што некаторым з нас гарантуецца бяспека, а іншым - не. Ніхто не хоча жыць у страху і трывозе. Людзі часта думаюць, што калі дыскрымінаваныя групы гавораць пра тое, што нас хвалюе, мы гаворым пра тое, што нас крыўдзяць. Але гэта не пачуццё крыўды, мы не крыўдуем. Гэта пытанне бяспекі. Калі большасць дапускае пэўныя дзеянні і паводзіны, дык небяспеку ўяўляе ўжо тое, што гэта вялікая колькасць людзей. Бяспека - гэта права голасу, права на рэакцыю людзей, якія ствараюць пэўны наратыў пра грамадства, які мае непасрэдны ўплыў на тое, як з вамі абыходзяцца. Я таксама хачу кахаць і жыць у шчасці, хачу таго ж самага, чаго жадаюць усе. Ведаць, што мяне не паб'юць за тое, хто я.

Галоўнае — разумець, што ўсе мы розныя, кожны мае права выбіраць, як ён хоча апранацца, паводзіць сябе, каго любіць і з кім быць. Гэта права свабоды выбару. І таму чарговая каштоўнасць, якая з'яўляецца адным са слупоў талерантнасці – менавіта свабода. Яе прадстаўляе актор Мацей Штур (Maciej Stuhr).

- Мне вельмі падабаецца гэтае слова – „свабода” - яно нагадвае пра важныя рэчы. Перш за ўсё, гэта шчасце - калі я свабодны, я адчуваю сябе шчаслівым, паколькі раблю тое, што хачу і як хачу. Але другое слова, якое мне адразу прыходзіць у галаву, — гэта адказнасць. Калі я раблю, што хачу, магчыма, я парушаю нейкія правілы, і таму заўсёды трэба старацца, каб мая свабода нікому не перашкаджала. Ці, акрамя таго, што я пераступаю свае межы, я не пераступаю чужыя межы, што можа быць праблемай для кагосьці.

На жаль, у перадачы няма дастаткова часу, каб шырока паразважаць пра ўсе каштоўнасці, аб якіх згадвае кампанія. Нагадаю, акрамя свабоды, бяспекі і любові, гэта таксама шчасце, прыняцце і роўнасць. І менавіта гэтыя словы напісаныя на вялікіх рэкламных слупах у цэнтры Варшавы. Ці ў дэмакратычным, свабодным грамадстве, якім з'яўляецца Польшча, неабходна згадваць пра такія, здавалася б, элементарныя рэчы? Так, аб іх неабходна пастаянна клапаціцца, - адзначае ініцыятарка кампаніі Малгажата Эва Лендзён (Małgorzata Eva Lendzion), старшыня агенцтва Big Idea Promotions.

- Каштоўнасці, аб якіх ідзе гаворка ў кампаніі, падобныя на незалежнасць. 11 лістапада мы адзначалі свята незалежнасці, і многія тады казалі, што неабходна ўвесь час клапаціцца пра незалежнасць. І тое ж самае з такімі каштоўнасцямі, як каханне, свабода, роўнасць ці бяспека. Мы павінны нагадваць, наколькі яны важныя, таму што калі яны ў нас ёсць, мы пачынаем успрымаць іх як нешта элементарнае. Гэтыя слупы ў цэнтры Варшавы не зменяць свету, але яны нагадваюць людзям, якія праходзяць міма, пра гэтыя каштоўнасці, наколькі яны важныя ў нашым штодзённым жыцці. Такая мэта кампаніі, і я таксама лічу, што кожны з удзельнікаў з'яўляецца апорай гэтых каштоўнасцяў. І кожны чалавек можа быць элементам змен да лепшага.

У Варшаве ладзяць грамадскую кампанію «Слупы талерантнасці», мэты якой - садзейнічанне цярпімасці і разуменню, адукацыя, барацьба з дыскрымінацыяй і гвалтам, а таксама прасоўванне правоў чалавека.

Першы канал Польскага радыё / нг