У польскіх крамах спажыўцы маюць выбар яек ад курэй-нясушак чатырох відаў: ад курэй, якіх трымаюць у клетках, на падсцілцы ў амбары, на полі і куры з экалагічных гаспадарак. Чым больш гуманны спросаб утрымлівання курэй-нясушак, тым вышэйшая цана за яйкі. Гадамі арганізацыі па абароне правоў жывёл праводзяць інфармацыйныя кампаніі і змагаюцца з клеткамі.
Мяняюцца таксама і паводзіны спажыўцоў. У снежні 2024 года даследчы цэнтр «Biostat» правёў даследаванне грамадскай думкі аб клеткавым вырошчванні курэй-нясушак. Ажно 8 з 10 апытаных заявілі, што ўтрыманне курэй у клетках не забяспечвае ім належных умоў жыцця. Больш за палову рэспандэнтаў цалкам згодныя з такім меркаваннем. Перакананні пра клеткавае вырошчванне настолькі моцныя, што ажно 69% палякаў выступаюць за ўвядзенне забароны на яго. Такі высокі вынік трымаецца ўжо некалькі гадоў, гаворыць Юлія Паёнк з асацыяцыі «Адчыненыя клеткі»:
- Такія лічбы гадамі застаюцца нязменнымі. Чаканні кліентаў і людзей, якія жывуць у Польшчы, відавочныя. Больш за тое, паводле гэтага даследавання, 69% рэспандэнтаў падтрымліваюць увядзенне ў Польшчы забароны на клеткавае вырошчванне курэй-нясушак. А таксама амаль 3/4 апытаных пры пакупцы звяртаюць увагу на ўмовы ўтрымання курэй. І такая ж колькасць заплаціла б больш за яйкі курэй, якія жывуць у лепшых умовах. Відавочна, што забарона клеткавай гадоўлі падтрымліваецца пераважнай большасцю. І кампаніі харчовай прамысловасці, гандлёвыя сеткі, рэстараны і вытворцы прадуктаў харчавання абавязкова чуюць гэты голас спажыўцоў.
На дадзены момант больш за 170 кампаній заявілі, што адмовяцца ад выкарыстання яек ад курэй, якіх трымаюць у клетках да канца 2025 года. Каля 40% гэта ўжо зрабілі. І, напрыклад, многія буйныя сеткавыя крамы больш не прадаюць яйкі ад курэй-нясушак з клетак. Сярод іх, напрыклад, Biedronka, Netto, Makro, Kaufland, Żabka і Frisco.
Юлія Паёнк падкрэслівае, што клеткі – гэта найгоршы спосаб утрымання курэй:
- Адна курыца мае плошчу крыху большую за аркуш паперы А4. Гэта як калі б чалавек вымушаны быў жыць замкнёным у тэлефоннай будцы. Такія празаічныя патрэбы, як свабода перамяшчэння, немагчыма задаволіць у клетках. Куры нават не могуць свабодна расцягнуць крылы. Гэтага месца проста мала. Варта таксама адзначыць, што ў прыродзе куры большую частку часу праводзяць на вывучэнні мясцовасці і актыўных пошуках ежы на вуліцы. А ў клетцы шанцаў задаволіць гэтыя патрэбы проста няма. І ў такіх умовах, на жаль, куры выдзёўбваюць пёры ад стрэсу і расчаравання. Прычым не толькі сабе, але і таварышам па клетцы. А бывае, што ў такіх умовах узнікае і канібалізм. Таксама сама канструкцыя клетак, проста металічныя рашоткі звонку, часта прыводзяць да розных траўм. І трэба сказаць, што гэта проста самы горшы спосаб утрымання курэй. Клеткавае вырошчванне заўсёды звязана з пакутамі жывёлы. Там проста няма магчымасці задаволіць якія-небудзь патрэбы курэй. Так што гэта, безумоўна, самы дрэнны спосаб утрымання курэй.
Каля 70% курэй у Польшчы ўтрымліваюцца ў клетках. У гэтым выпадку краіна моцна адстае ад Еўрасаюза, дзе ўжо 60% курэй утрымліваюцца ў бесклеткавых сістэмах: на падсцілцы, у полі або ў экалагічнай сістэме. Мы сапраўды моцна адсталі ад ЕС, але таксама варта адзначыць, што гэта мяняецца, і доля альтэрнатыўных клеткам сістэм гадоўлі паступова павялічваецца, гаворыць Юлія Паёнк:
- У 2014 годзе, калі мы пачыналі кампанію супраць клеткавага вырошчвання, гэты працэнт складаў 87%. Такім чынам, змены ўжо сапраўды вялікія. Але, на жаль, у нас усё яшчэ большасць курэй трымаюць у клетках. Відавочна, што гэта эканамічнае рашэнне. Варта таксама адзначыць, што прыкладна 40% польскай вытворчасці яек прызначаецца на экспарт. Такім чынам, мы сапраўды маем змены ў Польшчы, але гэтыя яйкі таксама трапляюць у іншыя еўрапейскія краіны і на іншыя кантыненты.
Актывісты заахвочваюць выбіраць у крамах прынамсі яйкі ад курэй, якіх утрымліваюць як мінімум на падсцілцы:
- Гэты від надалей недасканалы. Там таксама ёсць розныя праблемы з дабрабытам. Куры зачыненыя ў вялікіх залах. Але трэба адзначыць, што гэта ўжо велізарная розніца. Таму што ў курэй там больш магчымасцяў праявіць свае натуральныя паводзіны. Яны могуць свабодна там перамяшчацца. Яны таксама могуць рыцца ў падсцілцы. Так што розніца сапраўды велізарная. Хаця трэба сказаць, што гэты від утрымання курэй не з'яўляецца ідэальным.
Амаль 7 з 10 палякаў (67,4%) лічаць, што рэстараны, супермаркеты і вытворцы прадуктаў харчавання павінны перастаць ужываць яйкі ад курэй у клетках. Акрамя таго, 78,4% палякаў чакаюць, што кампаніі, якія заяўляюць аб адмове ад такіх яек, павінны публічна дзяліцца інфармацыяй аб прагрэсе ў гэтым працэсе.
У асацыяцыі «Адчыненыя клеткі» перакананыя, што роля кожнага спажыўца з'яўляецца велізарнай. Актывісты прапануюць зайсці на сайт www.jakonetoznosza.pl і падпісаць дэкларацыю аб адмове купляць яйкі ад курэй, трыманых у клетках. Кожная такая дэкларацыя з'яўляецца відавочным сігналам для кампаній аб тым, што надышоў час для канкрэтных перамен.
ав