Беларуская Служба

Плебісцыт «Кліматычная лухта году». Абраныя найбольш абсурдныя выказванні на тэму клімату, якія паявіліся ў польскіх СМІ

31.01.2025 11:12
Навуковы партал «Навука аб клімаце» агучыў вынікі штогадовага плебісцыту «Кліматычная лухта году».
Аўдыё
  • Плебісцыт «Кліматычная лухта году». Абраныя найбольш абсурдныя выказванні на тэму клімату, якія паявіліся ў польскіх СМІ
.
.Photo:ejaugsburg/pixabay.com/CC0 Public Domain

У ім ужо 11 гадоў польскія карыстальнікі інтэрнэтам выбіраюць найбольш абсурдныя выказванні на тэму клімату, якія паявіліся ў польскіх СМІ ў мінулым годзе.

Сёлета былі знойдзены шматлікія выказванні навукоўцаў, якія выказваліся пра клімат, хоць яны не з’яўляецца экспертамі ў гэтай канкрэтнай галіне. Нягледзячы на гэта, яны выказаліся на гэтую тэму і ў выніку агучылі шмат непраўдзівых тэзісаў. Навуковы партал «Навука аб клімаце» гэтыя тэзісы збірае і дае юзерам да ведама разам з тлумачэннямі, чаму такія сцвярджэнні непраўдзівыя. Праходзіць галасаванні і ўзнікае рэйтынг найбольшых кліматычных глупстваў году.

Першае месца заняло выказванне прафесара Уладзіслава Мяльчарскага: «Няма доказаў таго, што гэты газ [вуглякіслы газ] або яго выкід калі-небудзь прывядзе да пацяплення. Доказаў гэтаму няма».

Кандыдат навук Аляксандра Кардась з партала «Навука аб клімаце» тлумачыць, чаму гэта няпраўда:

- Гэта вельмі абсурднае сцвярджэнне, таму што той факт, што вуглякіслы газ з'яўляецца парніковым газам і павелічэнне яго канцэнтрацыі павышае тэмпературу зямлі, - гэта тое, што мы ведаем з 19-га стагоддзя, таму што ўласцівасці вуглякіслага газу можна проста вымераць у лабараторыі, што тады і было зроблена. Ужо тады, зыходзячы з законаў фізікі, было прадказана, што калі вуглякіслы газ застанецца ў атмасферы, сярэдняя тэмпература паверхні Зямлі павысіцца.

Па-другое, вуглякіслы газ і павелічэнне яго канцэнтрацыі ўжо выклікалі глабальнае пацяпленне. У нас ёсць вынікі вымярэнняў гэтага, вымярэння тэмпературы, а таксама вымярэнне таго, як змяняецца спосаб выпраменьвання Зямлі ў космас, якія даўжыні хваль, колькі энергіі яна выпраменьвае. Гэта след, які паказвае нам, што менавіта выклікае павышэнне тэмпературы.

І, вядома, законы фізікі нязменныя, таму і ў будучыні павелічэнне канцэнтрацыі вуглякіслага газу прывядзе да далейшага павышэння тэмпературы, таму гэта сцвярджэнне не адпавядае рэчаіснасці або ўводзіць у зман на многіх узроўнях.

Другое месца ў плебісцыце «Кліматычнай лухты году» заняло выказванне старшыні прафсаюза «Салідарнасць» у шахце каменнага вугалю «Turów» Войцеха Ільніцкага за абсурдныя ўяўленні пра кругазварот вугляроду ў прыродзе. У інтэрв’ю 13 сакавіка 2024 году штотыднёвіку «Do Rzeczy» ён сказаў: «Я падкрэслю, што толькі 30% дрэваў у Польшчы паглынае ўсё CO2, вырабленае ў Польшчы».

Кандыдат навук Аляксандра Кардась тлумачыць, што не так з гэтым сцвярджэннем:

— Дрэвы або шырэй экасістэмы паглынаюць вуглякіслы газ, але яны таксама яго вылучаюць. Яны прымаюць удзел у вялікім крузе вугляроду ў прыродзе. На жаль, гэтыя дрэвы, або ўсе зялёныя зоны ў Польшчы ў цэлым, здольныя паглынаць толькі 10% вуглякіслага газу, які выкідвае Польшча з-за таго, што мы спальваем шмат выкапнёвага паліва, у асноўным вугалю, для вытворчасці энергіі. На жаль, дрэвы і экасістэмы могуць паглынаць прыкладна столькі ж вугляроду, колькі выкідваюць.

Яны не могуць за нас прыбраць, а шмат хто вельмі хацеў бы, каб так было. Безумоўна, аднаўленне экасістэм і іх захаванне вельмі важныя для прадухілення пагаршэння кліматычных змен, але, на жаль, немагчыма проста кампенсаваць нашы выкіды вуглякіслага газу ў выніку спальвання выкапнёвага паліва пасадкай дрэў.

Трэцяе месца занялі кандыдаты тэхнічных навук Ян Кубіцкі, Кшыштаф Капчынскі і Яраслаў Млыньчак за бязглузды артыкул «Кліматычныя наступствы працэсу насычэння паглынання радыяцыі газамі», які зрабіў міжнародную «кар’еру», перш чым быў адкліканы выдаўцом. Трэцяе месца прызнанае за сказ: «Мы можам аўтарытэтна сцвердзіць, што мы назіраем за атмасферным насычэннем, а дадатковы СО2, выкінуты ў атмасферу, незалежна ад вышыні, на якой ён выступае, не будзе цяплічным газам».

— Гэта вельмі доўгі, складаны сказ, які паходзіць з доўгага навуковага артыкула. На жаль, у гэтым артыкуле былі даволі грунтоўныя памылкі, звязаныя з разуменнем таго, як парніковы эфект працуе ў нашай атмасферы. На жаль, не адбываецца таго насычэння, пра якое пісалі нашы кандыдаты. Вуглякіслы газ з'яўляецца парніковым газам, што азначае, што ён паглынае выпраменьванне Зямлі, ускладняе яго ўцечку ў космас.

Нават калі яго ўжо даволі шмат у атмасферы, то даданне яго ў атмасферу будзе працягваць выклікаць далейшы рост сярэдняй тэмпературы. Так што і тут, на жаль, гэтае сцвярджэнне памылковае. Больш за тое, я магу сказаць, што заявы такога кшталту ўжо рабіліся каля 100 гадоў таму і тым часам было неаднаразова праверана і растлумачана, чаму такія заявы аб нейкім магчымым насычэнні парніковага эфекту або эфекту, звязанага з вуглякіслым газам у атмасферы, не адпавядаюць рэчаіснасці.

Аляксандра Кардась гаворыць, што знайсці выказванні, прыдатныя для плебісцыту «Кліматычная лухта года», становіцца ўсё цяжэй, але, на жаль, гэта звязана не з тым, што кліматычнай дэзінфармацыі становіцца ўсё менш, а з тым, што яна прымае іншыя формы.

- Мы вырашылі, што будзем шукаць кліматычныя заявы, гэта значыць заявы, якія, перш за ўсё, можна праверыць, праўдзівыя яны ці не. І дэзінфармацыя часта маскіруецца пад чыёсьці меркаванне. Публічна агучваецца заява, напрыклад, палітыка, які проста кажа тое, што думае, і мы не можам сапраўды праверыць, што ён думае, у нас няма магчымасці зазірнуць у яго мозг.

Усё часцей замест лухты пра сам клімат і пра тое, як ён працуе, што выклікае яго змяненне, з'яўляюцца заявы, якія адпужваюць людзей ад дзеянняў. Яны ставяць пад сумнеў сэнс разнастайных палітык і прымушаюць думаць пра тое, што, магчыма, нехта іншы, а не яны, павінны займацца праблемай змены клімату, таму што гэта абавязкова прынясе нам жахлівыя наступствы, калі мы пачнём нешта мяняць у нашай эканоміцы. Такім чынам, ёсць шмат такіх сцвярджэнняў, якія альбо не адпавядаюць рэчаіснасці, альбо з'яўляюцца дэзінфармацыйнымі, але ў той жа час іх цяжка праверыць, абапіраючыся на кліматычную навуку. Гэта хутчэй сцвярджэнні, якія трэба было б апісаць або ахарактарызаваць з дапамогай медыяэкспертаў, і растлумачыць, як яны ўводзяць людзей у зман.

слухайце аўдыё

ав

 

 

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце