Беларуская Служба

Тры гады вайны ва Украіне. Стаўленне палякаў да ўкраінцаў і Украіны мяняецца крыху ў горшы бок

04.02.2025 18:37
Cтарэйшае пакаленне палякаў лепш ставіцца да Украіны і ўкраінцаў, больш разумее, чым моладзь.
Аўдыё
  • Справаздача пра стаўленне палякаў да ўкраінцаў.
:
Фота:https://minfin.com.ua/2024/03/26/123868177/

Паводле вынікаў апытання, праведзенага Цэнтрам Дыялогу імя Мерашэўскага, меркаванні палякаў пра ўкраінцаў застаюцца неадназначнымі. Станоўча іх успрымае адна чацвёртая палякаў, адмоўна – каля адной трэцяй. Пераважаюць нейтральныя ацэнкі — 41%. У фокус-групах некаторыя рэспандэнты казалі пра станоўчы вопыт супрацоўніцтва з украінцамі. Іншыя, аднак, указвалі на цяжкасці з інтэграцыяй, адзначаючы, што «многія ўкраінцы жывуць у сваіх закрытых суполках і не спрабуюць наладжваць адносіны з палякамі».

Намеснік дырэктара Цэнтра Дыялогу імя Мерашэўскага Лукаш Адамскі (Łukasz Adamski) распавёў у інтэрв’ю нашым калегам з Украінскай службы, што стаўленне палякаў да ўкраінцаў крыху пагоршылася ад папярэдняга апытання, праведзенага год таму. Найбольш непакоіць тое, што маладое пакаленне палякаў горш, чым старэйшае, разумее, наколькі важная дэмакратычная і свабодная Украіна ў кантэксце польскага дзяржаўнага інтарэсу.  

- Вынікі сведчаць пра пэўнае пагаршэнне стаўлення палякаў да ўкраінцаў. Магчыма, гэта не драматычна і не радыкальна, але мы тут маем справу з пэўнай тэндэнцыяй. І яе павінны ўважліва вывучаць польскія эліты, якія разумеюць, што такое польскі нацыянальны інтарэс ці дзяржаўны інтарэс.

Вельмі непрыемна тое, што палякі часта не бачаць агульных інтарэсаў, якія аб'ядноўваюць Украіну і Польшчу. Відавочна таксама, што старэйшае пакаленне палякаў, каму за 40, звычайна лепш ставіцца да Украіны і ўкраінцаў, больш разумее. Затое маем праблемы з маладымі палякамі, з маладым пакаленнем, якое вырасла ў іншыя часы. Гаворка ідзе пра людзей 20-40 гадоў. Яны выраслі не ў галечы 90-х гадоў, ці раней у Польскай Народнай Рэспубліцы, а ў часы, калі Польшча была даволі заможнай, калі Польшча была ў ЕС, у бяспецы. І ў іх няма гэтага культурнага коду, які дапамог многім папярэднім пакаленням палякаў зацікавіцца Украінай. Самае важнае пытанне пра падтрымку супраць расійскай агрэсіі. Тут вынікі крыху пагаршаюцца, але яны нядрэнныя.

Па словах суразмоўцы нашага радыё, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, палякі перажылі вялікі шок, таму і хваля салідарнасці была вялізнай. Цяпер жа яны ўжо прывыклі, што за мяжой дзяржавы ідзе вайна, яны стомленыя гэтай вайной, і хацелі б яе заканчэння.

- Была велізарная хваля эмоцый і салідарнасці. Палякі згадвалі здымкі часоў Другой сусветнай вайны 1939 году, калі Савецкі Саюз напаў на Польшчу. А цяпер існуе крыху памылковае меркаванне, што калі Украіна выстаяла і паспяхова абаранілася на большай тэрыторыі ад наступу Расіі, то так і будзе. Што гэтая вайна працягваецца, але самае страшнае ззаду. Трэба размаўляць з маімі суайчыннікамі, якія мяркуюць, што ім нічога не пагражае. Мы стомленыя, змучаныя вайной. Палякі кажуць, што стаміліся ад вайны, а што маюць сказаць  украінцы? Але гэта, у прынцыпе, зразумела, таму што гэта ўжо тры гады.

Палякі стомленыя вайной, акрамя таго, усё больш у публічнай прасторы чуваць галасы, што Польшча павінна быць прагматычная ў адносінах Украіны. Былі масавыя пратэсты фермераў супраць паставак прадуктах харчавання з Украіны, таксама некаторыя палітыкі з усё большай стрыманасцю кажуць пра Украіну і ўкраінцаў. Таксама ўзнікаюць сумневы, ці Украіна выканае сваё абяцанне дазволіць эксгумацыю ахвяр Валынскай разні, у якой загінулі тысячы палякаў.  

- Мне здаецца, што ёсць крыху палітычных непаразуменняў, нявызначанасці, ці сапраўды Украіна выканае свае планы, разблакуе эксгумацыі ахвяр антыпольскай акцыі УПА. На настроі палякаў паўплывала таксама вялікая прысутнасць украінцаў у Польшчы. Я сам часам бачу, што, напрыклад, украінская моладзь не інтэгруецца з польскай, ходзяць асобна, размаўляюць па-расійску. Палякі ўспрымаюць расійскую мову нашмат горш, чым украінскую.

Акрамя таго, што насамрэч адчуваецца ў настроях палякаў, дык гэта тое, што ўкраінцы асацыююцца ў іх нават не з гісторыяй, а з такой, скажам так, патрабавальнасцю. Маўляў, у нас вайна, мы вас абараняем, вы нам абавязаны. Скажам, 2-3% украінцаў маюць такія паводзіны, але іх абагульняюць на ўсіх.

Напрыканцы хачу яшчэ сказаць, што мы таксама праводзілі даследаванні стаўлення ўкраінцаў да палякаў, яно таксама пагоршылася. Гэта значыць, мы маем справу з нейкай не вельмі прыемнай тэндэнцыяй.

42% апытаных палякаў адказалі, што яны выступаюць за безумоўнае далучэнне Украіны да Еўрапейскага Саюза. Больш людзей казала, што прыняцце дзяржавы ў ЕС магчыма пасля вырашэння розных спрэчных пытанняў. Гэта, на думку госця, паказвае, што ёсць яшчэ вялікая плоскасць польска-украінсікх адносін, у якой неабходна правесці шмат працы. Гэта задача для палітыкаў і журналістаў.

- Трэба ўмацоўваць дыялог паміж палітыкамі, актывізаваць яго. Трэба актывізаваць дыялог паміж журналістамі. Украінскія і польскія журналісты павінны сустракацца як мага часцей, таму што вы таксама ўплываеце на настроі альбо польскай, альбо ўкраінскай грамадскай думкі. Міністэрства адукацыі Польшчы павінна думаць, як працаваць з моладдзю. Таму што гэтае апытанне паказвае, што праблема не ў паляках старэйшага пакалення, а ў тым, што маладыя людзі часта не разумеюць усіх выклікаў, звязаных з Украінай і прысутнасцю ўкраінцаў.

 З дакладам Цэнтра Дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага пра стаўленне палякаў да ўкраінцаў можна пазнаёміцца тут.

нг