Беларуская Служба

Паліна Шарэнда-Панасюк: Дараваць санкцыі – гэта значыць дараваць усе катаванні

10.02.2025 15:24
Пару дзён таму жанчына з'ехала з Беларусі і сёння на прэс-канферэнцыі расказала пра свой турэмны досвед.
Аўдыё
  • Паліна Шарэнда-Панасюк: Дараваць санкцыі – гэта значыць дараваць усе катаванні
 -  ,
Паліна Шарэнда-Панасюк у Вільні, некалькі дзён пасля вызваленняфота: сацсеткі Андрэя Шарэнды

Больш за 270 сутак Паліна Шарэнда-Панасюк правяла ў ШЫЗА і карцарах. Супраць яе ўжывалі карную псіхіятрыю, яна трымала галадоўку. Пару дзён таму жанчына з'ехала з Беларусі і сёння на прэс-канферэнцыі расказала пра свой турэмны досвед.

Зараз палітвязні - гэта ўвесь беларускі народ, які апынуўся ў закладніках у тэрарыстычнага рэжыму. Я прайшла праз тэрор і катаванні з боку людзей, якія лічаць сябе бажкамі, гаварыла Паліна Шарэнда-Панасюк:

- Абсалютная беспакаранасць, расійскі парасон. Яны думаюць, што заўсёды будуць беспакаранымі. Я прайшла праз тэрор, які адбіваецца і на здароўі, і мае псіхічныя наступствы.

За чатыры гады сфармаваўся своеасаблівы графік вызвалення палітвязняў, які складаецца з некалькіх этапаў:

- Чалавека катуюць, катуюць, катуюць. І потым прыходзяць з прапановай пісаць памілаванне. Калі чалавек не здаецца, яго працягваюць катаваць далей. Катуюць і прыходзяць зноў. Калі ты не падпішаш, ніколі адсюль не выйдзеш, не пабачыш ніколі сваіх дзяцей. Гэтыя словы я чула. Многія потым праходзяць праз інтэрв'ю. Чарговы этап, каб чалавека зламаць, як яны думаюць, яго прымушаюць падпісаць паперу аб канфідэнцыяльным супрацоўніцтве.

Былая палітзняволеная прызналася, што такія дакументы таксама падпісала двойчы: 24 снежня ў ІК-24, і 3 лютага ў Брэсце. Паліна Шарэнда-Панасюк заявіла, што разрывае гэтую дамову, ніколі не збіралася яе выконваць, і для яе гэта быў тактычны крок, каб выйсці на волю:

- Яны выпрацавалі такую схему. Недастаткова чалавека трымаць у катавальні. Трэба яго яшчэ прынізіць такім чынам, каб чалавек здрадзіў сваім ідэалам. Я адчула, што шмат палітзняволеных прымусілі гэта зрабіць. Я заклікаю ўсіх, публічна абвергнуць гэтае падпісанне, ануляваць. Гэтым мы вырываем зброю з рук катаў.

Паліне задалі пытанне, ці трэба весці перамовы з Лукашэнкам аб вызваленні палітвязняў. Такія фармулёўкі выклікаюць ува мне смех, кажа былая палітзняволеная, бо Лукашэнка – несамастойная фігура ў Беларусі. Па-другое, Паліна лічыць, што санкцыі спрацоўваюць, таму іх адмяняць нельга:

- Гэта марыянетка, у пэўных межах яму дазваляюць нешта крычаць і тупаць нагамі. Я ўпэўнена, што ў пытаннях беларускага нацыянальнага вызвольнага руху – гэта прэрагатывы Расіі. Марыянетцы патрэбны толькі ціск, санкцыі дзейнічаюць. Калі мы не даціснем санкцыямі, гэта значыць, што праз нейкі час паявяцца новыя палітвязні. Калі мы адменім санкцыі, рэжым разумее, што тактыка закладнікаў і потым гандлю імі – гэта працуе. Санкцыі – гэта мякка кажучы. Патрэбная жорсткая блакада рэжыму.

Расказваючы пра ўмовы ўтрымання былая зняволеная пацвердзіла, што іх трымалі ў поўным інфармацыйным вакууме. За тое кожны раз гучыць інфармацыя, што пра палітвязняў усе забылі.

Маральныя катаванні былі больш цяжкімі, канстатавала Паліна Шарэнда-Панасюк. «У пэўны момант ты разумееш, што губляеш кантроль над сваім розумам».

Паліна гаварыла і пра іншых палітзняволеных жанчын, становішча якіх цяжкае, у тым ліку гаворка пра стан здароўя. Гэта Вольга Маёрава, Вікторыя Кульша і Алена Гнаўк.

ав

слухайце аўдыё