Традыцыйна ў конкурсе на Еўрапейскае дрэва года ўдзельнічаюць пятнаццаць дрэў-пераможцаў усенародных плебісцытаў з Еўропы. Бук з Далькова перамог у польскім конкурсе «Дрэва года 2024», арганізаваным «Клубам Гая».
Прагаласаваць за польскае дрэва можна тут: https://www.treeoftheyear.org/vote/heart-of-the-dalkowski-hills. Галасаванне пачалося 3 лютага і будзе працягвацца да 24 лютага (16:00). Пераможца будзе абвешчаны 19 сакавіка падчас цырымоніі «Еўрапейскае дрэва года 2025» у Еўрапейскім парламенце ў Бруселі.
Усе яны маюць адну агульную рысу: незвычайныя гісторыі і тое, што яны з'яўляюцца важнай часткай мясцовага жыцця і гонарам іх жыхароў.
Такім гонарам і важным аб’ектам з’яўляецца Бук з Далькова, расказвае старшыня Фонду на карысць сям'і і аднаўлення польскай вёскі ў Далькове Анна Гамулка:
- Гэтае дрэва любяць не толькі мясцовыя жыхары, але і ўсё большая колькасць людзей, якія прыязджаюць сюды здалёк. Бук еўрапейскі пурпурны, пра які ідзе гаворка, з'яўляецца 300-гадовым помнікам прыроды. Расце ў гістарычным парку побач з палацам XVI стагоддзя ў Далькове. Гэтае дрэва ўражвае перш за ўсё сваім выглядам: пурпурным, чырвоным колерам лісця, якое яно набывае вясной. Але гэта яшчэ і ўнікальнае дрэва тым, што, перш за ўсё, яно збірае пад сваімі галінамі мноства людзей. Тут праводзілася шмат канцэртаў на адкрытым паветры, чытанняў, выступленняў фальклорных калектываў. Тут праходзілі каталіцкія імшы. А яшчэ кожны дзень ідуць заняткі па экалагічнаму выхаванню і садатэрапіі, бо гэтым мы тут займаемся. І гэтай адукацыйнай прапановай ужо скарысталіся некалькі тысяч чалавек, у першую чаргу дзеці і моладзь, але таксама пажылыя людзі і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Так што гэта дрэва, якое сапраўды збірае пад сваімі галінамі шмат людзей. Гэта месца перадышкі, месца сустрэчы.
Кружыць легенда, што дрэва спаўняе жаданні.
- Прынцып такі, што кожны раз, калі сюды прыязджаюць турысты або групы вучняў, мы кажам знайсці шалупінне, якое ляжыць пад гэтым дрэвам, дзьмухнуць у яго як бы сваё сімвалічнае жаданне, а потым падысці да дупла і ўкінуць шалупінне з гэтай марай. Некалькі чалавек, якія прыехалі ў Далькова другі раз, гавораць, што іх жаданне сапраўды спраўдзілася. Я не пытаюся, якія былі жаданні, але я думаю, што гэта нейкая забава, але цікавая і пазітыўная. Прынамсі, я спадзяюся, што людзі гэта ўспрымаюць так. Гэта своеасаблівая цікавінка, бо гэта самае старое дрэва тут, у гэтым парку, пра яго ходзіць такая легенда.
На працягу 15 гадоў конкурс «Еўрапейскае дрэва года» выяўляе дрэвы з самымі цікавымі гісторыямі па ўсёй Еўропе, прыцягваючы ўвагу да цікавых старых дрэў як важных элементаў прыроднай і культурнай спадчыны, якія мы павінны абараняць.
Польскія дрэвы ўжо маюць свае дасягненні ў гэтым еўрапейскім плебісцыце. У 2017 годзе пераможцам конкурсу стаў Дуб Юзаф з Віснёвай у Падкарпацкім ваяводстве, у 2022 годзе званне Еўрапейскага дрэва года атрымаў дуб Дунін з Белавежскай пушчы. У 2023 годзе пераможцам стаў Дуб Фабрыкант з Лодзі, а ў 2024 годзе — Бук з дэндрарыя ў Вайславіцах, за які прагаласавала амаль 40 тысяч інтэрнэт-карыстальнікаў.
Анна Гамулка кажа, што і сёлета яны спадзяюцца на перамогу:
- У агульнанацыянальным конкурсе мы набралі 10 521 голас, што сведчыць аб тым, што не толькі мясцовая супольнасць уключылася ў галасаванне. Гміна Гаважыцы, дзе расце гэтае дрэва, налічвае каля 4 тысяч жыхароў, так што тут прагаласавала, безумоўна, больш людзей, я думаю, з усёй Польшчы, у нас былі такія сігналы. Я думаю, што гэта таксама тое дрэва, да якога многія вяртаюцца, пра якое шмат хто гаворыць. Калі нехта аднойчы тут быў, у Далькова, і ўбачыў, як выглядае сэрца Далькоўскіх пагоркаў, то гэта, безумоўна, дрэва, якое застаецца ў памяці, і я думаю, што яно многіх кранае.
Бук з Далькова называюць сэрцам далькоўскіх пагоркаў. У гэтым званні ўтоеная трайная сімволіка:
- Сэрца таму, што знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Далькоўскіх пагоркаў, працягласць якіх больш за 120 км. Сэрца таму, што яго лісце чырвонае, што з'яўляецца сімвалічным колерам сэрца. Сэрца і таму, што яно збірае пад сабой людзей.
Гісторыя палацу ў Далькове, на тэрыторыі саду якога расце бук, вельмі цікавая. Сам палац быў пабудаваны ў 1596 годзе, таму яму больш за 400 гадоў. Анна Гамулка кажа, што самай цікавай з’яўляецца гісторыя 200-гадовай даўніны:
- Яго самая цікавая для нас гісторыя - гэта гісторыя больш чым 200 гадоў таму, калі тут жыла Луіза фон Ліберман. Гэта была дачка ўладальнікаў палацу ў Далькове, якая пісала свой дзённік. Яна пачала 14-гадовай дзяўчынкай і скончыла 21-гадовай жанчынай. У момант, калі яна выйшла замуж, яна скончыла пісаць гэты дзённік. Мы атрымалі гэтыя запісы ад аднаго спадара, які жыў тут, у гэтых мясцінах, да і пасля вайны, ад спадара Ганса Ёахіма Брэске, і ён перадаў нам гэтыя тэксты ў варыянце, напісаным па-нямецку. Я пераклала гэтыя тэксты на польскую мову і разам з Марцінам Копіем, фатографам, які, дарэчы, зрабіў прыгожыя конкурсныя здымкі бука, мы зрабілі серыю такіх стылізаваных здымкаў, якія паказваюць тое, што Луіза апісала ў сваім дзённіку. Такі дзённік ужо выдадзены ў друкаванай версіі. Гэта сапраўды цудоўнае падарожжа ў часе. Вы можаце вярнуцца больш чым на 200 гадоў назад і прачытаць пра апісанне жыцця Луізы тут, у палацавым двары.
Сярод канкурэнтаў польскага дрэва за званне Еўрапейскага дрэва 2025 года — 14 дрэў з усёй Еўропы. Усе яны маюць адно агульнае: незвычайныя гісторыі і тое, што яны з'яўляюцца важнай часткай мясцовага жыцця і гонарам іх жыхароў.
ав
слухайце аўдыё