Беларуская Служба

Пры запаўненні падатковай дэкларацыі варта памятаць пра магчымасць аддаць 1,5% падатку грамадскай арганізацыі

18.02.2025 18:37
Фізічныя асобы могуць ужо падаваць у Польшчы падатковую дэкларацыю за мінулы год. 
Аўдыё
      1,5    .
Падаткаплацельшчыкі ў Польшчы могуць пералічыць 1,5% падатку толькі адной арганізацыі. Shutterstock/Proxima Studio

Паводле польскага заканадаўства, фізічныя асобы, якія не займаюцца гаспадарчай дзейнасцю, да канца красавіка кожнага года павінны падаць падатковую дэкларацыю ў адпаведныя дзяржаўныя органы. Жыхары Польшчы з 15 лютага, калі пачаўся працэс разліку, падалі ўжо звыш мільёна дэкларацый. Пры гэтым, варта памятаць пра магчымасць прызначыць частку падатку на грамадскую арганізацыю.  

Падатковую дэкларацыю неабходна ўнесці да канца красавіка, але многія жыхары Польшчы не чакаюць і падаюць дакументы значна раней. Больш за мільён дэкларацый за мінулы год падаткаплатнікі ўжо падалі ў электронным выглядзе. Гаворка ідзе пра сэрвіс Twój e-PIT «Твая электронная падатковая дэкларацыя фізічнай асобы». Там сабраныя запоўненыя дэкларацыі найбольш папулярных форм. Праўда, у Міністэрстве фінансаў Польшчы адзначаюць, што гэта не ўсе дэкларацыі, якія можна падаць у электронным выглядзе.

Намеснік кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі (Krajowa Administracja Skarbowa) Малгажата Крок (Małgorzata Krok) сказала, што шмат людзей карыстаецца гэтай паслугай.

- Першы мільён электронных дэкларацый у нашу сістэму быў пададзены яшчэ хутчэй, чым у мінулым годзе. За два з паловай дня мы атрымалі ўжо мільён падатковых дэкларацый. Варта падаваць дакументы аб падатках пры дапамозе нашай паслугі. Дзякуючы гэтаму падаткаплатнікі могуць хутка і зручна падаць падатковую дэкларацыю, а таксама хутка атрымаць вяртанне падатку.

Падатковыя інспекцыі таксама прымаюць дэкларацыі ў папяровым выглядзе. Калі падаткаплатнік не мае ніякіх льгот, якія хоча ўнесці ў дэкларацыю, ён можа нічога не мяняць у запоўненай у электронным выглядзе дэкларацыі, толькі яе зацвердзіць. Фізічныя асобы ў Польшчы разлічваюць падаходны падатак (PIT) у залежнасці ад крыніц даходу і формы падаткаабкладання. Неабходна выбраць адпаведны фармуляр.

Падаваць падатковую дэкларацыю найбольш зручна ў электронным выглядзе, пра які я ўжо згадала  – скарыстацца сэрвісам Twój e-PIT на сайце podatki.gov.pl і знайсці сваю дэкларацыю. Калі падаткаплатнік не збіраецца карыстацца льготамі, ён нічога не мяняе ў дэкларацыі, якую адправіў яго працадаўца або працадаўцы, толькі зацвярджае дэкларацыю. Таксама можна падаваць праз праграмы для разлікаў PIT – напрыклад, e-PITy, PITax. У папяровай форме можна падаць дэкларацыю ў падатковую інспекцыю асабіста. Тэрміны падачы дэкларацыі: PIT-28 – да 31 студзеня. Іншыя формы PIT – да 30 красавіка.

Фізічныя асобы могуць скарыстацца ў Польшчы наступнымі падатковымі льготамі: льгота на дзяцей, на Інтэрнэт, рэабілітацыйная льгота, ахвяраванні на дабрачынныя арганізацыі, IKZE (Індывідуальны рахунак пенсійных зберажэнняў) – адлічэнне ўнёскаў на будучую пенсію. 

Калі падатковыя авансы былі большыя, чым належны падатак, падатковая інспекцыя верне лішак (звычайна на працягу 45 дзён пры электроннай падачы). Калі падатак быў недаплачаны, неабходна ўнесці розніцу да канца красавіка.

Пры запаўненні дакументаў, варта памятаць пра магчымасць ахвяраваць 1,5% падатку выбранай арганізацыі трэцяга сектару. Летась гэта зрабілі амаль 15 мільёнаў падаткаплатнікаў, і сума была рэкорднай — 1,9 мільярда злотых. Сярэдняя сума плацяжоў (1,5% падатку) складала 128 злотых. Гэта, здавалася б, невялікая сума, але для грамадскіх арганізацый яна істотная, асабліва калі шмат асоб выберуць такую форму падтрымкі нейкай установы. Падаткаплатнік нічога не губляе, паколькі гэта частка падатку, якая і так пайшла б дзяржаве, а арганізацыя, якая займаецца карыснай грамадскай дзейнасцю, атрымлівае падтрымку.

Пра 1,5% падатку і пра іншыя формы падтрымкі грамадскіх арганізацый нагадваў падчас візіту ў нашу студыю кіраўнік Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

- Нагадаю, што в Польшчы, акрамя таго, што вы можаце ад свайго падатку паўтары адсоткі перадаць, калі разлічваеце падатковую дэкларацыю, той альбо іншай арганізацыі, таксама вы можаце на рахунак той альбо іншай арганізацыі - экалагічнай, якая бароніць правы жанчын, правы жывёл, таксама можаце зрабіць пастаянны перавод, або раз у нейкі час, калі ў вас ёсць лішнія грошы, калі вы хочаце падтрымаць тую альбо іншую ініцыятыву. Гэта вітаецца польскай дзяржавай, у Польшчы з 2023 году, з моманту апошніх парламенцкіх выбараў, ёсць таксама міністэрства, якое займаецца выключна арганізацыямі грамадзянскай супольнасці. І тыя беларускія арганізацыі, якія працуюць тут згодна з польскім заканадаўствам, таксама падлягаюць пад рэгуляцыі гэтага міністэрства. Я такой практыкі ў іншых краінах не ведаю, таму трэба адзначыць, што Польшча в гэтым сэнсе дэмакратычная дзяржава, тут роля грамадзянскай супольнасці вельмі істотная і вельмі вялікая, таму што ёсць цэлае міністэрства, якое адказвае за тое, каб падтрымліваць грамадзянскую супольнасць.

Так што, калі вы працуеце ў Польшчы і плаціце тут падаткі, варта перавесці 1,5% падатку абранай грамадскай арганізацыі. Таксама можна падтрымліваць дабрачынныя арганізацыі на працягу ўсяго года, а пазней частку прызначаных на гэтую мэту сродкаў можна вярнуць, заносячы звесткі ў падатковую дэкларацыю.

нг