Беларуская Служба

У Польшчы ўпалі абломкі ракеты

20.02.2025 13:38
Ноччу з аўторка на сераду ў некаторых раёнах Польшчы ў небе можна было ўбачыць успышкі.
        ,  19 ..     Falcon 9.
Службы працуюць на тэрыторыі прадпрыемства ў Каморніках каля Познані, дзе 19 г.г. рабочыя знайшлі фрагмент ракеты Falcon 9.PAP/Jakub Kaczmarczyk

«Польскае касмічнае агенцтва» (POLSA) пацвердзіла, што над тэрыторыяй заходняй Польшчы адбыўся некантраляваны ўваход у атмасферу часткі ракеты-носьбіта «Falcon 9». У сераду раніцай у паліцыю Познані паступіла паведамленне аб падзенні аб'екта, падобнага на кампазітны кантэйнер, на тэрыторыю прадпрыемства ў мясцовасці Каморнікі (Komorniki). Ніхто не пацярпеў.

Прэс-сакратар «Польскага касмічнага агенцтва» Агнешка Гапыс (Agnieszka Gapys) сказала Польскаму радыё, што агенцтва паведаміла пра гэта ў «адпаведныя міністэрствы і службы»:

— Я хачу адзначыць, што POLSA адпраўляе справаздачы з мэтаю інфармавання. На гэтым этапе было б вельмі складана на іх аснове прымаць нейкія дакладныя дзеянні. У пераважнай частцы падобных здарэнняў аб'екты згараюць у атмасферы, бывае, што падаюць на зямлю, аднак дакладна вызначыць, дзе ўпадуць абломкі, немагчыма. Адлегласць можа складаць і 100 кіламетраў.

На месца падзення прыбыў прадстаўнік «Польскага касмічнага агенцтва». Агенцтва таксама спраўдзіла аб'ект у SpaceX, якому належыць ракета «Falcon 9». Паведамляецца, што ўспышкі таксама былі заўважаныя над Германіяй і Даніяй.

Бэата Вёнчак (Beata Wiączek) з Урадавага цэнтра бяспекі (RCB), якое адказвае за рассылку папярэджанняў насельніцтву, патлумачыла, што сітуацыя не ўяўляла пагрозы, таму папярэджанні не рассылалі.

— Ва Урадавы цэнтр бяспекі не паступіла інфармацыя аб тым, што аб'екты, якія мы бачылі ў небе, нясуць нейкую пагрозу. Гэта таксама пацвердзіла «Польскае касмічнае агенцтва».

Мясцовы сайт eSzamotuły паведаміў, што ў 4:50 раніцы ў небе была заўважаная «вялікая ўспышка». Некаторыя сведкі таксама чулі выбух. Знойдзены прадмет мае памеры паўметра ў шырыню і паўтара метра ў даўжыню.

Яшчэ адзін элемент ракеты быў знойдзены ў вёсцы Віры каля Познані. Прэс-сакратар муніцыпальнага штаба Дзяржаўнай пажарнай службы ў Познані, ратавальнік Марцін Тэцлаў, паведаміў, што аб'ект ахоўваюць пажарныя службы.

— З паліцыі паступіў выклік на месца здарэння, каб праверыць ці не з'явіліся нейкія дадатковыя пагрозы вакол прадмета, які сваім кшталтам нагадваў бойлер. На месца адправілася адмысловая хіміка-экалагічная выратавальная група. Спецыялісты правялі ацэнку з мэтай выключыць пагрозу ад знойдзенага прадмета ў дадзеным месцы.

Часткі ракеты знайшлі таксама ў горадзе Новы Томысль, паведаміла Польскаму радыё прэс-сакратар «Польскага касмічнага агенцтва» Агнешка Гапыс:

— Нам паступіла інфармацыя, што ў Новым Томыслі таксама была знойдзена нейкая частка, якую службы правяраюць на адпаведнасць ступені ракеты Falcon 9.

З'ява нязвыклая, але нам нічога не пагражае — кажа навуковы папулярызатар і аўтар блога ''З галавой у зорках» (Z głową w gwiazdach) Караль Вуйціцкі (Karol Wójcicki).

— Мы былі сведкамі дэарбітацыі, то бок другая ступень ракеты Falcon 9 была выціснута з арбіты ў атмасферу. Ракету запусцілі 1 лютага з базы паветраных сіл у Каліфорніі. Яе задачай было вынесці на арбіту 22 спадарожнікі Starlink Group 11-4. Гэта чарговы элемент арбітальнай мегаканструкцыі, якая павінна забяспечыць шырокапалосны доступ да інтэрнэту над усёй нашай планетай. Другая ступень ракеты велічынёй больш за дзесяць метраў. Звычайна пасля выкананай задачы яе выштурхоўваюць з арбіты, каб больш не забруджвала прастору.

Абломкі ракеты згараюць у выніку трэння аб верхнія слаі атмасферы, што прыводзіць да з'явы, якая назіралася ў Польшчы.

Папулярызатар навукі Томаш Рожэк (Tomasz Rożek) распавёў у эфіры Польскага радыё, што пасля запуску спадарожніка на арбіту, ракета павінна ўвайсці ў атмасферу пад правільным вуглом, каб згарэць, а таксама ў акрэсленым месцы, каб магчымыя абломкі ўпалі ў акіян.

— Па сутнасці ў космас запускаюць многа ракет. Касмічныя кампаніі, якія ажыццяўляюць камерцыйныя запускі, у адпаведнасці з законамі і таксама дзеля абароны ад выплаты кампенсацыі за магчымае нанясенне шкоды, прыкладаюць шмат намаганняў, каб прадухіліць падобныя здарэнні. Аднак часам тэхналогія падводзіць і здараецца такое, як у гэтым выпадку.

Сёння частка камерцыйнай ракеты, запушчанай у Новай Зеландыі, можа ўвайсці ў атмасферу над Польшчай — папярэдзіла на партале X прэс-служба МУС.

«Польшча атрымала інфармацыю ад структур Еўрасаюза аб тым, што ў чацвер, 20 лютага 2025 г., яшчэ адзін аб'ект можа ўвайсці ў атмасферу над 12 еўрапейскімі краінамі, у тым ліку над Польшчай. Ракета-носьбіт стартавала 8 лютага ў рамках камерцыйнай місіі кампаніі Kinesis», — паведамляецца ў допісе.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка