Раённы суд у Пясэчне прызнаў Анджэя К. вінаватым у тым, што ён выкінуў з акна шасцімесячнага шчанюка. 56-гадовага мужчыну асудзілі на год і два месяцы пазбаўлення волі, ён таксама павінен выплаціць кампенсацыю на карысць фонду, які дапамагае жывёлам. Прысуд не з'яўляецца канчатковым.
Абвінавачаны Анджэй К. прызнаўся, што выкінуў з акна некалькі месячнага сабаку сваёй партнёркі. Ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Мужчына сцвярджаў, што сабака яго пакусаў, але апытаная паліцыяй непасрэдная сведка падзеі — удзельніца п’янкі і сяброўка абвінавачанага — адмаўляе, што сабака быў хоць нейкім чынам агрэсіўным. Затым сведка змяніла свае паказанні ў судзе, падтрымаўшы лінію абароны абвінавачанага.
Адвакат Катажына Тапчэўска лічыць прысуд добрым, беручы пад увагу тыя судовыя рашэнні, якія дагэтуль прымаюцца ў Польшчы за жорсткае абыходжанне з жывёламі:
- Варта памятаць, што найбольш распаўсюджанае пакаранне, якое выносіцца, гэта пазбаўленне волі з адтэрміноўкай, таму вельмі добра, што цяпер вынесена абсалютнае пакаранне. Тут трэба адзначыць дзве крыху змякчальныя абставіны. Па-першае, гэта несудзімасць абвінавачанага, якую суд, безумоўна, улічыў, таму што калі б падсудны быў раней судзімы, пакаранне, верагодна, было б большым. Другая акалічнасць — неверагоднае шчасце Ляона, які выжыў і не атрымаў незваротных траўм.
Адвакат кажа, што шчанюку неверагодна пашанцавала, і расказвае пра падобныя выпадкі. У першым з іх шчаня выкінулі з другога паверха і яно засталося калекай у вазку. За гэта вынеслі пакаранне тэрмінам год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі. Іншы выпадак – сабака Фіё, які таксама застаўся інвалідам.
Пачаткова раённая пракуратура ў Пясэчне не ўбачыла ў паводзінах Анджэя К. асаблівай жорсткасці. Катажына Тапчэўска выступіла ў судзе з хадайніцтвам аб змене прававой кваліфікацыі ўчынку:
- Раённая пракуратура ў Пясэчне ў гэтым учынку не бачыла асаблівай жорсткасці. Яна накіравала ў суд абвінаваўчае заключэнне, кваліфікаваўшы злачынства як звычайны здзек над жывёлай, што з'яўляецца асноўным відам злачынства, і караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў. Я пераканала суд у асаблівай жорсткасці такога роду дзеянняў. Шчанюк, узяты з прытулку, член сям'і, які моцна пацярпеў, меў пашкоджанні ўнутраных органаў і мог быць забіты, і мог скончыць як мінімум з інваліднасцю. Суд задаволіў маё хадайніцтва і змяніў прававую кваліфікацыю ўчынку на дзеянні з асаблівай жорсткасцю. Чаго, на жаль, суд не зрабіў, дык гэта не забараніў абвінавачанаму мець жывёлу. Я падавала хадайніцтва аб пазбаўленні яго права валодаць жывёлай на 15 гадоў, але суд наогул не прызначыў гэтае пакаранне, што, на жаль, з'яўляецца відавочнай памылкай суда, бо гэтае пакаранне абавязковае ў выпадках здзеку з асаблівай жорсткасцю.
У сувязі з гэтым адвакатка будзе падаваць апеляцыю, паколькі гэта абавязак суда вынесці рашэнне аб такой меры пакарання.
Асуджаны Анджэй К. сказаў, што шкадуе і не хацеў гэтага. Адвакатка кажа, што нават, калі сабака ўкусіў асуджанага, гэта яго і так не апраўдвае. Катажына Тапчэўска вядзе справы аб жорсткіх абыходжанні з жывёлай і кажа, што яна падзяляе асоб, якія так ставяцца да жывёл, на два тыпы:
- Я падзяляю гэтых абвінавачаных на тых, хто сцвярджае, што нічога не сталася і не праяўляюць раскаяння, і на тых, хто не можа растлумачыць свае дзеянні. У выпадках ажно з такім жорсткім стаўленнем падсудныя звычайна пачынаюць выдумваць нейкія казкі. У выпадку згаданага Фіё гаспадар прыдумаў, што ён быў п’яны і ўпаў на сабаку. Цяперашні асуджаны не мог прыдумаць больш разумнай казкі, то сказаў, што сабака хацеў яго ўкусіць, быццам бы гэта яму ў нечым дапаможа.
І хоць адвакат кажа, што задаволеная прысудам, то яна адзначае, што задавальненне вынікае з параўнання з іншымі падобнымі справамі. У Польшчы за здзекі над жывёлай даюць вельмі малыя кары:
- Каб было зразумела, я задаволена, таму што я займаюся гэтымі справамі 15 гадоў і ведаю, як выглядае рэальнасць. Я проста ведаю, што з улікам рашэнняў, якія выносяцца, гэта добры прысуд. Але я лічу, што калі мы кваліфікуем учынак як асобую жорсткасць, якая караецца да 5 гадоў пазбаўлення волі, і прысуд усё роўна вагаецца вакол гэтай ніжняй мяжы, і амаль усе прысуды такія. З 2018 году закон прадугледжвае вышэйшае пакаранне, да 5 гадоў, а суддзі ўвогуле не пераходзяць гэтую мяжу. Таму я лічу, што прысуды не адыгрываюць стрымліваючую ролю, не з’яўляюцца прэвентыўнымі для грамадства.
Пакаранне павінна нарэшце пачаць стрымліваць патэнцыйных злачынцаў. Суддзі павінны разумець, што жывёлы адчуваюць боль, як і людзі, і узняцце рукі на безабаронную жывёлу не мае апраўдання і павінна быць сустрэта адпаведнай рэакцыяй з боку сістэмы правасуддзя, канстатуе адвакат Катажына Тапчэўска.
Ляонам апякуецца фонд Viva! Сабака шукае новы дом.
ав
слухайце аўдыё